|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Андрэй Саннікаў: «Энергетычнае супрацоўніцтва Беларусі з Еўропай скасаванае з прычыны рэпрэсій супраць апазіцыі» 15:26, 25/09/2007
– Андрэй Алегавіч, якая мэта Вашага візіту ў Брусэль? – Мэта візіту – паінфармаваць пра падрыхтоўку Еўрапейскага Марша, пра зварот апазіцыі да ўлад з прапановай аб дыялогу па забеспячэнні мірнага правядзення Марша, у цэлым пра сітуацыю ў Беларусі, пра стан стасункаў Еўразвяза з афіцыйным Менскам на дадзены момант. Я паінфармаваў прадстаўнікоў Еўракамісіі і Рады Еўразвяза пра тое, што правядзенне Еўрапейскага Марша і прапановы аб супрацоўніцтве па Еўрапейскім Маршы падтрымліваюцца ўсімі дэмакратычнымі сіламі краіны: палітычнымі партыямі, грамадзянскай супольнасцю, праваабарончымі арганізацыямі, інтэлігенцыяй. Безумоўна, абмяркоўваліся пытанні аб паніжэнні кошту віз для беларускіх грамадзян. Дасягнутая дамоўленасць з уплывовымі міжнароднымі няўрадавымі арганізацыямі, што яны будуць лабіяваць рашэнне гэтага пытання ў інтарэсах беларускіх грамадзян. У прыватнасці, выказваліся прапановы наконт паніжэння кошту віз на першым этапе для моладзі. – Вы казалі пра дзеянні беларускіх улад напярэдадні Еўрапейскага Марша? – Улады пачалі ўжываць той жа план, які яны рэалізавалі ўжо некалькі разоў у мінулым і сёлета. Ідуць арышты актывістаў па спісах, каб запалохаць людзей, ізаляваць на час правядзення акцыі найбольш актыўных прыхільнікаў дэмакратычнага развіцця Беларусі. Прычым адбываецца гэта ў той момант, калі дэмакраты праводзяць абсалютна мірную і неканфрантацыйную акцыю. Я прасіў прадстаўнікоў ЕЗ звярнуць на гэта адмысловую ўвагу. Варта сказаць, што абвінавачванні ў нецэнзурнай лаянцы, хуліганстве і іншы паклёп нікога ў Еўропе не ўводзяць у зман, а вось тое, што людзей саджаюць за еўрапейскую сімволіку, выклікае крайняе абурэнне і, думаю, неўзабаве могуць з`явіцца афіцыйныя заявы ў сувязі з гэтым. Тым больш, што афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі, як у Брусэлі, так і ў іншых беларускіх амбасадах тлумачаць арышты апошняга часу самадзейнасцю міліцыі і засведчваюць еўрапейцам, што ўсё гэта адбываецца без ведама і без санкцыі кіраўніцтва рэспублікі. – Якая рэакцыя еўрапейцаў на Еўрапейскі Марш, што цяпер рыхтуецца? – Прадстаўнікі як Еўракамісіі, так і Рады Еўразвяза паведамілі, што ўжо паднімаюць пытанні пра Марш і неабходнасць яго мірнага правядзення ў сваіх, хоць і нешматлікіх, кантактах з прадстаўнікамі афіцыйнага Менска. Неўзабаве яны гатовыя будуць зрабіць публічныя заявы з сваёй ацэнкай тых перспектыў, якія мог бы адкрыць мірны Еўрапейскі Марш. Як стала вядома, бессэнсоўныя рэпрэсіі ў дачыненні актывістаў дэмакратычнага руху Беларусі ўжо сарвалі працяг абмеркавання пытання аб энергетычнай бяспецы Беларусі з Еўракамісіяй. На пачатку кастрычніка планаваўся прыезд дэлегацыі Еўракамісіі ў Менск для таго, каб высветліць пазіцыю беларускіх улад па пытаннях магчымага энергетычнага супрацоўніцтва, і гарантавання энергетычнай бяспекі. Аднак ён быў скасаваны менавіта прычыны рэпрэсій апошніх тыдняў. – А якое стаўленне да самой ідэі правядзення Еўрапейскага Марша і прапаноў дыялогу? – На ўсіх сустрэчах у Брусэлі адчувалася вялікая цікавасць да таго развіцця падзей у Беларусі, якое прапаноўваюць дэмакратычныя сілы – паляпшэнне стасункаў з Еўропай праз унутрыбеларускі дыялог. Ёсць вялікая цікавасць да Еўрапейскага Марша, і ўсе, з кім я сустракаўся, заявілі, што яны будуць уважліва сачыць за падрыхтоўкай і правядзеннем Еўрапейскага Марша і адпаведным чынам рэагаваць на гэта. У той самы час еўрапейцы пацвердзілі сваю цвёрдую і аднадушную пазіцыю па палітвязнях і нязменнасць патрабаванняў аб іх неадкладным вызваленні. Дарэчы, пакуль гэтага не адбудзецца, ніхто не збіраецца пераглядаць або рабіць выключэнні з спісу невыязных беларускіх службоўцаў.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|