Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Арыштаваны чарговы нумар газэты “Пагоні” 11:21, 13/09/2001
Гарадзенская вабласная пракуратура арыштавала наклад – 8.132 асобнікаў чарговага нумару гарадзенскай недзяржаўнай газэты “Пагоня”. Як стала вядома БелаПАН вечарам 12 верасьня ў Гарадзенскую друкарню зьявіліся супрацоўнікі пракуратуры і прад’явілі санкцыю на канфіскацыю накладу газэты, падпісанную сьледчым вабласной пракуратуры Алегам Кулевічам. Ніякіх тлумачэньняў прычынаў арышту чарговага нумару газэты рэдакцыя не атрымала. Згодна некаторым зьвесткам, пракуратуру зацікавіў матэр’ял “Абяшчал! Абяшчаю! Буду абяшчаць!”, надрукаваны ў газэце.
Рэдактар “Пагоні” Мікалай Маркевіч, камэнтуючы БелаПАН сытуацыю, адзначыў, што пракуратура не ўзбудзіла крымінальную справу па арыштаваным нумары. Згодна тлумачэньням сьледчага, канфіскацыя чарговага нумара газэты адбылася ў сувязі з крымінальнай справаю, узбуджанай вабласной пракуратурай 5 верасьня па факту зьяўленьня ў 36-м нумары “Пагоні” матэр’ялаў, дзе нібыта зьмяшчаецца паклёп супраць прэзыдэнта. У такім выпадку, на думку Мікалая Маркевіча, санкцыя пракуратуры на канфіскацыю чарговага нумару газэты зьяўляецца незаконнай, бо ў пастанове аб узбуджэньні крымінальнае справы 5 верасьня вызначалася канкрэтна, што яно датычыць толькі №36.
У той час, калі адбываўся арышт нумару, Маркевіч знаходзіўся на допыце ў сьледчага Кулевіча ў якасьці сьведкі па згаданай крымінальнай справе. Яшчэ раней сьледчы дапытаў у якасьці сьведкі карэспандэнта газэты Паўла Мажэйку. У той самы дзень, 12 верасьня, пракуратура забараніла супрацоўнікам друкарні друкаваць нумар газэты за грошы, якія засталіся на рахунку друкарні ад папярэдне арыштаванага нумару газэты. Было забаронена таксама выкарыстаньне паперы, набытай “Пагоняй” і якая знаходзілася на захоўваньні на складзе друкарні.
Мікалай Маркевіч зьвярнуў увагу на тое, што другі нумар запар арыштоваецца нават не ў друкарні. “Гэта можа казаць пра адно: у Гарадзенскай вобласьці на якімсьці этапе знаходзіцца цэнзар, які вычытвае, калі не ўсю прэсу, што выходзіць у вобласьці, так “Пагоню” дакладна, і ад яго залежыць, ці выйдзе газэта ў сьвет”.
Dear Colleagues. Remember, please, you are expected to refer to the Charter`97 Press Center when using the site materials. News export , javascript-informer