Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларуская апазыцыя мае намер ініцыіраваць разгляд “гучных” справаў аб зьнікненьні вядомых палітычных дзеячоў рэспублікі ў эўрапейскім судзе па правох чалавека. Пра гэта ў панядзелак заявіў у Менску лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Улічваючы той факт, што Беларусь не ўваходзіць у склад Савету Эўропы, ініцыяраваць разгляд беларускіх “гучных справаў” у Эўрапейскім судзе няпроста. Аднак, як заявіў лідэр АГП, яны знайшлі спосаб, з дапамогаю якога зварот у Эўрапейскі суд стаў магчымым. Якім чынам апазыцыя мае намер гэта зрабіць, Лябедзька пакуль палічыў не распаўсюджвацца і заявіў, што на дадзены момант ідзе праца па збору неабходных для падачы ў Эўрапейскі суд дакумэнтаў.
17 верасьня з 7.20 да 8 гадзінаў 15 хвілінаў ліцэісты Сьветлагорску правялі пікет каля будынку гарвыканкаму, на цэнтральнай плошчы гораду. Такія пікеты, накіраваныя супроць закрыцьця ліцэя, праводзяцца навучэнцамі кожны дзень перад пачаткам заняткаў. Маладыя людзі выходзяць на плошчу пад лёзунгамі, сярод якіх: “Не дадзім закрыць ліцэй!”, “Захаваем адзіную ў горадзе беларускамоўную ўстанову!” і “Не жадаем вяртацца ў сярэднюю школу!”.
Актывісту руху супраціву ЗУБР вынесена папярэджаньне за парушэньне арт.167 ч.10 КаАП (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Андрэй Жукаў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі Краснапольля за тое, што падчас прадвыбарчай кампаніі расклейваў партрэты кандыдата на пост прэзыдэнта Ўладзімера Ганчарыка. Супрацоўнікі міліцыі правялі несанкцыянаваны вобыск у ягонай кватэры. Падчас вобыску былі знойдзеныя налепкі з лягатыпам руху ЗУБР. Нягледзячы на парушэньні заканадаўства, суд палічыў правамерным вобыск у кватэры Жукава і вынес яму папярэджаньне за “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”.
Нацыянальны банк парушае правы прафсаюзаў. Справа ў тым, што адным з апошніх распараджэньняў гэтага ведамства прафсаюзныя ўзьнёскі аднесеныя да плацяжоў чаьвёртай групы тэрміноўкі. Хоць, згодна прынятых раней урадавых дакумэнтаў, прафсаюзныя ўзьнёскі адносяцца да першачарговых плацяжоў. Такім чынам, на думку лідэра прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандра Бухвостава, нацыянальны банк штурхае камэрцыйныя банкі на парушэньне Генэральнага пагадненьня. У сувязі з гэтым прафсаюз АСМ зьвярнуўся да галоўнага банкіра краіны з патрабаваньнем даць тлумачэньні па прымяненьню гэтай пастановы, або адмяніць яе.
Па дадзеных Міністэрства статыстыкі й аналізу Беларусі, за першы тыдзень жніўня кошты вырасьлі таксама на 0,4 адсоткі, за першы тыдзень спажывецкія кошты ў Беларусі павялічыліся на 25,9 адсоткі (за гэты ж пэрыяд 2000 году – на 71,9 адсоткі, у тым ліку за першы тыдзень верасьня – на 3 адсоткі). Да канца году вырастуць кошты на такія сацыяльна–значныя тавары, як малако і малочныя прадукты, сьвініну, вараныя кілбасы, некаторыя сарты хлебных вырабаў, цукар. Акрамя таго, будуць павялічаныя й тарыфы на прыгарадныя пасажырскія перавозкі. Пра гэта на днях заявіў міністар эканомікі Ўладзімер Шымаў. Вось толькі не паведаміў, на колькі.
Сёньня, 17 верасьня, у Варшаве адбудзецца чарговая, шостая нарада АБСЭ па выкананьні абавязацельстваў ў галіне правоў чалавека. На павестцы дня форуму больш за 30 пытаньняў. У прыватнасьці, пытаньні свабоды слова і веравызнаньняў і вяршынства закону, праблемы нацыянальных меншасьцяў, абароны правоў уцекачоў і вымушаных перасяленцаў. 21 верасьня ў рамках шостай нарады АБСЭ па выкананьню абавязацельстваў ў галіне правоў чалавека пройдзе брыфінг “Гучныя справы: Беларусь і Ўкраіна”, на якім перад дэлегатамі нарады АБСЭ выступяць жонкі рэпрэсаваных беларускіх апазыцыянэраў – Людміла Карпенка, Сьвятлана Завадзкая, Ірына Красоўская, Вольга Захаранка, Зінаіда Ганчар і Тацяна Клімава, а таксама Міраслава Гангадзэ, жонка забітага ў верасьні 2000 году ўкраінскага журналіста.
Першы віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар бясьсьледна зьнік у Менску 16 верасьня. Разам са сваім сябрам бізнэсмэнам Анатолем Красоўcкім Ганчар вяртаўся дадому. Пазьней на мяркуемым месцы выкраданьня - вуліцы Фабрычнай – былі знойдзены рэшткі шкла аўтамабілю і кроў выкрадзеных.
17 верасьня дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў, які знаходзіцца ў турэмных засьценках, сустракае свае 36 гадоў. 17 сакавіка 2000 году Клімаў быў прыгавораны судом Ленінскага раёну Менску да шасьці гадоў турмы. Суд палічыў даказанай ягоную віну ў крадзяжах у асабліва буйных памерах і службовым падмане пры будаўніцтве жылога дому. Андрэй Клімаў сваёй віны не прызнаў і падчас суда ён і ягоная абарона прывялі мноства аргумэнтаў на карысьць таго, што пры будаўніцтве дзяржава не панесла страты. Усе доказы зворотнага ня мелі значэньня, бо Клімаў выступаў за імпічмэнт прэзыдэнта Лукашэнкі, а таксама крытыкаваў дзеяньні кіраўніка краіны. Пасьля роспуску ў 1996 годзе парлямэнту дэпутат не адмовіўся ад палітычнай барацьбы і зьяўляўся адным з актыўных дзеячаў апазыцыі. Ягоны арышт у лютым 1997 году зьяўляецца палітычнай акцыяй беларускага рэжыму. Андрэй Клімаў прызнаны Вязьнем Сумленьня.
17 верасьня віцэ-сьпікеру Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Генадзю Карпенку споўнілася б 52 гады. Ягоная загадкавая сьмерць узрушыла беларусаў. Немагчыма было паверыць у тое, што чалавек ў такім узросьце раптоўна сыйшоў з жыцьця. Наступнае рассьледаваньне апошняга дня жыцьця Генадзя Дзімітрыевіча ажно да хвілін дазваляе сцьвярджаць, што ягоная сьмерць не была выпадковай. Віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Генадзь Карпенка памёр а 7 гадзіне раніцы 6 красавіка 1999 году з дыягназам “кровазьліцьцё ў мозг”. 1 красавіка яму зрабілі аперацыю па выдаленьню гематомы. Усе гэтыя дні ён знаходзіўся ў рэанімацыйным аддзяленьні шпіталю ў беспрытомным стане.
Эўразьвяз далучаецца да заключэньня, зробленага місіяй міжнароднага абмежаванага назіраньня на выбарах Прэзыдэнта Беларусі 9 верасьня, і выказвае шкадаваньне адносна таго, што гэтыя выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам АБСЭ. Такая заява была прынята 14 верасьня ў Брусэлі кіраўніцтвам Эўразьвязу. У дакумэнце выказваецца шкадаваньне ў сувязі з перасьледам беларускай апазыцыі, унутраных назіральнікаў, незалежных СМІ і няўрадавых арганізацыяў. Што да далейшых узаемаадносінаў ЭЗ і Беларусі, то, як гаворыцца ў заяве, яны шмат у чым залежаць ад павагі правоў чалавека і прагрэсу ў дэмакратызацыі краіны.
“Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 9 верасьня 2001 году яшчэ раз прадэманстравалі антыдэмакратычны характар сучаснага беларускага рэжыму, - гаворыцца ў заяве, зь якой выступіла старшыня Рады Беларускае Народнае Рэспублікі Івонка Сурвіла. - Аляксандар Лукашэнка дасягнуў “перамогі” метадам манапольнага кантролю над дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі, фізычнай расправы з палітычнымі апанентамі, запужваньня выбаршчыкаў праз дзяржаўных чыноўнікаў і сваіх “вертыкальшчыкаў”, паліцэйскага і адміністратыўнага перасьледу прыхільнікаў кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі, недапушчэньня выбаршчыкаў у многіх выпадках да выбарчых вучасткаў і фальсыфікацыі галасоў”.
Уціск на магілёўскіх "зуброў" і кіраўнікоў маладзёвых арганізацыяў аказваецца і пасьля выбараў. Зьміцер Букатаў выключаны з магілёўскага педтэхнікуму. Педсавет гэтай навучальнай установы разгледзіў паводзіны двух іншых студэнтаў - Анляксандра Каліты і Аляксандра Паўловіча. Адносна апошняга ўзбуджана крымінальная справа за абразу прэзыдэнта з-за таго, што ён прымаў удзел у тэатралізаваным прадстаўленьні руху ЗУБР.
Dear Colleagues. Remember, please, you are expected to refer to the Charter`97 Press Center when using the site materials. News export , javascript-informer