1,5 гады выпраўленчых прац – за семінар у Польшчы
- 11.11.2007, 21:43
Адбыўся суд над актывісткаю Партыі БНФ, настаўніцаю зь вёскі Талька Наталяй Ільініч. Жанчыну судзілі за падбухторваньне да зьдзяйсьненьня падробкі дакумэнтаў і прысудзілі 1,5 гады выпраўленчых прац з выплатаю 20 % ад заробку на карысьць дзяржавы.
"У сакавіку гэтага году мая дачка, студэнтка другога курсу гістфаку БДУ, езьдзіла ў Польшчу для ўдзелу ў гістарычным сэмінары, - апавядае Наталя Ільініч прэс-службе Партыі БНФ. - Акурат у гэты час яна захварэла і я пайшла да ўрача, каб тая выпісала даведку. Калі дачка вярнулася з паездкі, дыягназ пацьвердзілі і выдалі даведку. Пасьля гэтага дачка мая выпадкова трапіла ў кадр БТ, дзе яна стаіць каля расьцяжкі "Малады фронт" у час правядзеньня мітынгу. Празь некалькі дзён да яе на факультэт прыйшоў супрацоўнік КДБ і, сказаўшы, што яму вядома пра паездку, папрасіў даводзіць да яго інфармацыю пра падобныя паездкі і сэмінары. Дачка мая ад такой супрацы адмовілася. Тут і пачалася гэтая справа з даведкаю".
Дарэчы, урач, якая выдавала даведку, таксама была сёньня асуджаная з аналягічным вынікам - 1,5 гады выпраўленчых працаў з выплатаю 20 % ад заробку на карысьць дзяржавы.