banner1 banner1 banner1

4.03.2008

Борец за независимость Родины 17

10:57, Анатоль Грыцкевіч, «Народная воля» — История

Его имя еще и сегодня некоторые произносят, опасливо оглядываясь по сторонам. До сих пор оно окутано легендами, а к этой самой неординарной личности – неоднозначное отношение. Кто же он такой – Станислав Булак-Балахович, этот «нарушитель спокойствия», который хотел видеть свою Родину свободным, независимым, самостоятельным государством?

…Пасля доўгага замоўчвання ў савецкі час, нарэшце, пачынаючы з 90-х гадоў ужо мінулага стагоддзя, беларускія гісторыкі пачалі вяртаць з нябыту імёны нацыянальных дзеячаў перыяду барацьбы Беларусі за незалежнасць у 1918—1920 гг. Сярод іх загучала і імя Станіслава Нікадзімавіча Булак-Балаховіча (1883—1940).

Скажам шчыра: перад намі — складаная, неадназначная фігура ў гісторыі Беларусі, чалавек з цікавым і трагічным лёсам, поўнае апісанне якога яшчэ чакае грунтоўнай працы навукоўцаў і літаратараў. Мастакі ўжо даўно зацікавіліся ягонай часам супярэчлівай постаццю. Але, пры гэтай супярэчлівасці, нельга не прызнаць: у 1920-я гады ХХ стагоддзя генерал здзейсніў нямала патрыятычных учынкаў.

У агні Першай сусветнай

Нарадзіўся Станіслаў Булак-Балаховіч 10 лютага 1883 году ў невялічкім маёнтку Мэйшты Відзаўскай воласці Браслаўскага павета Ковенскай губерні (у 10 км на паўночны захад ад Відзаў, цяпер гэта тэрыторыя Латвіі). Паходзіў з дробнай шляхты. Бацька яго, патомны беларус, трымаўся каталіцкай веры. Арандаваў невялікі маёнтак Стакоп'ева ў тым жа Браслаўскім павеце.

Станіслаў скончыў аграрную школу і працаваў адміністратарам маёнтка Гарадзец-Лужкі ў Дзісненскім павеце. З пачатку Першай сусветнай вайны з малодшым братам Язэпам (таксама аграномам) добраахвотна ўступіў у расійскую армію і са жніўня 1914 г. служыў у 2-м Курляндскім уланскім палку 2-й кавалерыйскай дывізіі — спачатку шарагоўцам, а потым унтэр-афіцэрам. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, Латвіі. За мужнасць быў узнагароджаны Георгіеўскім медалём і Георгіеўскімі крыжамі 4-й, 3-й і 2-й ступені. Не раз быў паранены і кантужаны.

У ліпені 1915 г. С.Булак-Балаховіч атрымаў першае афіцэрскае званне прапаршчыка (адна зорачка на афіцэрскім пагоне), а ў 1917 г. быў ужо штаб-ротмістрам (чатыры зорачкі). Ён вылучаўся асаблівай мужнасцю і знаходлівасцю, значыць - і баявой удачай. Камандаваў армейскім партызанскім конным атрадам (а гэта — 500 чалавек) з верасня 1916 г., прарываўся з ім праз лінію фронту, рабіў налёты на камунікацыі, штабы і тылы германскіх войскаў.

Поле дзеяння — Прыбалтыка

Вясной 1918 г., пасля шпіталя ў Петраградзе, крыху залячыўшы раны, С.Булак-Балаховіч запісаўся ў Чырвоную Армію, якая тады стваралася. У красавіку з байцоў свайго былога атрада ён сфарміраваў у горадзе Луга (Петраградская губерня) 1-ы Лужскі конны партызанскі полк, у хуткім часе перайменаваны ў 3-і Петраградскі.

Ранейшая партызанская дзейнасць і спрыт звярнулі на С.Булак-Балаховіча ўвагу ў Маскве. Наркам па ваенных і марскіх справах Л.Троцкі прапанаваў яму пасаду інспектара кавалерыі Чырвонай Арміі (пасаду потым доўгі час займаў С.Будзённы). Аднак С.Булак-Балаховіч адмовіўся ад прапановы, бо быў не згодны з антысялянскай палітыкай бальшавікоў.

Паступова канфлікты з прадстаўнікамі савецкай улады нарасталі. Булак-Балаховіч намагаўся ўратаваць сваіх камандзіраў (былых царскіх афіцэраў) ад арыштаў і рэпрэсій. Тым не менш працягваў служыць у Чырвонай Арміі на "лініі завесы", бо побач — у Эстоніі і Латвіі — да канца 1918 г. знаходзіліся нямецкія войскі, а немцаў ён па-ранейшаму разглядаў як галоўных ворагаў міру на ягонай зямлі.

Ужо намецілася паражэнне Германіі на Заходнім фронце, сітуацыя змянілася. У Прыбалтыцы стваралася "белая" расійская армія, якая намагалася ўтрымаць у сваіх руках Пскоў, калі яго пакінуць немцы. У кастрычніку 1918 г. Булак-Балаховіч выслаў у Пскоў свайго прадстаўніка, каб дамовіцца аб пераходзе да белых свайго палка. 16 кастрычніка 1918 г. у Елізараўскім манастыры ён сабраў на нараду камандзіраў, якім давяраў. Было прынята рашэнне аб пераходзе на бок белых.

Ноччу з 5 на 6 лістапада 1918 г. полк перайшоў дэмаркацыйную лінію ў 20 км на ўсход ад Пскова. Падраздзяленні палка павялічылі склад Паўночнай арміі (як тады яна называлася) ад адной трэці да паловы. Армія была падпарадкавана эстонскаму камандаванню.

Атрад ротмістра С.Булак-Балаховіча змагаўся з чырвонымі ў раёне Пячоры на поўдзень ад Пскоўскага возера (пасля адыходу немцаў і белых з Пскова 26 лістапада 1918 г.). Ён уваходзіў у склад паўднёвай групы белых. За вызваленне Тарту ў студзені 1919 г. С.Булак-Балаховічу было прысвоена званне падпалкоўніка.

Атрад Балаховіча часта прарываўся праз лінію фронту і наносіў удары ў тыле чырвоных. У лютым 1919 г. камандуючы Паўднёвай групы генерал-маёр А.Радзянка перайменаваў атрад у конны полк імя Булак-Балаховіча пад камандаваннем самога Станіслава.

15 мая 1919 г. полк і іншыя часці, падпарадкаваныя Булак-Балаховічу, занялі горад Гдоў, за што падпалкоўнік быў павышаны ў званні да палкоўніка. Далей полк браў удзел у пскоўскай аперацыі, у выніку чаго 25 мая 1919 г. Пскоў быў заняты эстонскай арміяй і часцямі белых. Балаховіч быў прызначаны на пасаду камандуючага Пскоўскага раёна і атрымаў новае вайсковае званне — генерал-маёр. З часцей, падпарадкаваных яму, утваралася асобная зводная дывізія.

С.Булак-Балаховіч усталяваў жорсткі адміністрацыйны рэжым у Пскове і раёне. Народныя суды каралі смерцю злачынцаў і бальшавіцкіх актывістаў.

Ваенны камендант Пскова і павета С.Булак-Балаховіч разгарнуў антыбальшавіцкую прапаганду, друкуючы і распаўсюджваючы сярод насельніцтва і чырвонаармейцаў (на фронце і за лініяй фронту) адозвы і ўлёткі. Пісаў у іх: "Змагаючыся не за царскую ўладу і не за памешчыцкую, але за новую, вольную, дэмакратычную, народную, сялянска-рабочую Расію". Выступаў з лозунгамі "За зямлю і хлеб для ўсяго народа, за правы для працоўных, за новы агульнанародны ўстаноўчы сход". Для генерала Белай арміі такія лозунгі былі незвычайнымі. Гэтыя заклікі не знікалі бясследна.

У ліпені 1919 г. на бок С.Булак-Балаховіча перайшоў пяхотны полк Чырвонай Арміі ў поўным складзе.

Паміж Сцылай і Харыбдай

Аднак у кіраўніцтве Белай арміі наспяваў канфлікт паміж генераламі М.Юдзенічам і А.Радзянкам, манархістамі, якія ўвогуле складалі большасць у палітычным і вайсковым кіраўніцтве, і рэвалюцыйна-дэмакратычнай групай у Паўночна-Заходняй арміі на чале з С.Булак-Балаховічам. Ён быў на левым, эсэраўскім крыле гэтай групы. Яшчэ ў жніўні 1919 г. генерал Юдзеніч, галоўнакамандуючы Паўночна-Заходняй арміяй, прызначыў Балаховіча камандуючым 2-м корпусам (з дзвюх дывізій) гэтай арміі. Аднак адносіны паміж Юдзенічам і Булак-Балаховічам усё больш пагаршаліся з-за актыўнай прапаганды, якую вёў Балаховіч.

22 жніўня 1919 года М.Юдзеніч аддаў загад палкоўніку Б.Перамыкіну заняць Пскоў, арыштаваць С.Булак-Балаховіча і аддаць яго пад ваенны суд "за беззаконныя дзеянні" падчас кіравання Псковам і паветам". У выніку афіцэры балаховіцкага штаба былі арыштаваны, а яго начальнік палкоўнік Стаякін забіты. Забіты быў і гарадскі галава Пскова Іваноў.

Аднак Балаховічу з групай у 20 коннікаў з уласнай канвойнай сотні ўдалося вырвацца і апынуцца ў Гдове. Расправіцца з ім Юдзенічу не ўдалося, бо С.Булак-Балаховіча падтрымлівала эстонскае камандаванне, зацікаўленае ў рашучым генерале пры абароне Эстоніі ад наступу Чырвонай арміі. Фармальна Балаховіч падпарадкаваўся Юдзенічу і нават лічыўся пад "хатнім арыштам", але адразу выехаў на фронт у раён Острава (50 км на поўдзень ад Пскова).

Тут на чале сваёй коннай групы (1200 чалавек) ён працягваў партызанскую барацьбу з бальшавікамі ў тыле праціўніка ажно да заключэння мірнай дамовы паміж Эстоніяй і Савецкай Расіяй (2 лютага 1920 г.) Падчас восеньскага наступу Паўночна-Заходняй арміі Юдзеніча на Петраград атрад С.Булак-Балаховіча ўдарыў на горад Порхаў (на ўсход ад Пскова) і ў тыле праціўніка перарэзаў чыгунку Петраград—Полацк.

Белыя пацярпелі паражэнне падчас гэтага наступу і адступілі на тэрыторыю Эстоніі. Юдзеніч мусіў выдаць загад аб ліквідацыі арміі і стварыў ліквідацыйную камісію, каб разлічыцца з салдатамі і афіцэрамі за службу, прапанаваў краінам Антанты перакінуць салдатаў і афіцэраў на поўдзень Расіі ў армію генерала А.Дзянікіна.

Булак-Балаховіч меў намер прымусіць Юдзеніча вярнуць вялікую суму грошай, якую той узяў з армейскай касы. Атрымаўшы неафіцыйную падтрымку эстонскіх улад, Булак-Балаховіч з групай сваіх афіцэраў у ноч на 28 студзеня 1920 г. прыехаў з фронту ў Талін, дзе ў гатэлі "Комерс" пражываў генерал Юдзеніч.

Там Балаховіч арыштаваў свайго галоўнакамандуючага, а таксама генерала Крузэнштэрна і ад'ютанта, забраў у Юдзеніча больш за 227 тысяч фунтаў стэрлінгаў, 250 тысяч фінскіх марак і 110 мільёнаў эстонскіх марак. А грошы гэтыя перадаў вайсковаму пракурору арміі Вішнеўскаму. Потым прымусіў Юдзеніча падпісаць распараджэнне аб перадачы грошай на ліквідацыйныя мэты.

Такім чынам значная частка гэтай сумы пайшла на выплату салдатам і афіцэрам. Аўтарытэт С.Булак-Балаховіча сярод вайскоўцаў падняўся высока, бо змучаныя вайной служакі нечакана атрымалі сродкі для далейшага ўладкавання.

С.Булак-Балаховіч адвёз арыштаваных на чыгуначную станцыю Талін, пасадзіў іх у таварны вагон і павёз з сабою на фронт. Толькі ўмяшальніцтва англійскага ўрада прымусіла эстонскія ўлады перахапіць цягнік на паўдарозе. Юдзеніч быў перавезены ў англійскую місію, аддаў рэштку грошай і "адпушчаны з мірам" (але без грошай) выехаў за мяжу як прыватная асоба. А дзёрзкі, рашучы Балаховіч вярнуўся на фронт.

Яго атрад, галоўным чынам коннікі, афіцыйна называўся Добраахвотніцкім народным атрадам. Камандзір назваў яго Беларускім. Атрад папаўняўся добраахвотнікамі. На пачатку 1920 г. у ім налічвалася 1200 чалавек. Палову афіцэраў і 75 працэнтаў жаўнераў атраду складалі беларусы. Беларускі атрад выпускаў паштовыя маркі наміналам ад 5 капеек да 1 рубля з надпісам на пячатцы канверта "Асобны Беларускі атрад".

Пасля замірэння Эстоніі з бальшавікамі С.Булак-Балаховіч звярнуўся да кіраўніка вайсковай дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі (у Рызе) палкоўніка К.Езавітава аб пераходзе атрада ў падпарадкаванне ўраду БНР з мэтай барацьбы за незалежнасць Беларусі. Ва ўрада БНР войска ў гэты час не было, бо тэрыторыя Беларусі была занята часткова польскімі, часткова савецкімі войскамі.

Палкоўнік К.Езавітаў, маючы на тое паўнамоцтвы ўрада БНР, залічыў Беларускі атрад у склад войска Беларускай Народнай Рэспублікі, якое пачало фарміравацца (са згоды начальніка Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскага) у раёне Слоніма.

Балаховіч са сваім атрадам меў намер перайсці ў Беларусь на савецка-польскі фронт. На гэта польскае камандаванне (той жа Ю.Пілсудскі) дало згоду. У сакавіку 1920 г. Беларускі атрад перайшоў Заходнюю Дзвіну і некаторы час знаходзіўся ў Брэсце, дзе быў папоўнены і атрымаў новую зброю.

Беларускі атрад у дзеянні

Ад пачатку чэрвеня 1920 г. Беларуская група (інакш — Беларуская нацыянальная армія) генерала Станіслава Булак-Балаховіча (каля 2 тысяч шабель) удзельнічала ў баявых дзеяннях супраць Чырвонай Арміі на Палессі, дзе аператыўна ўваходзіла ў склад Палескай групы войска польскага.

Ваенныя дзеянні Беларускай нацыянальнай арміі ў беларускай і ўкраінскіх частках Палесся адбываліся ва ўмовах контрнаступлення Чырвонай Арміі на Украіне ў чэрвені 1920 г. Атрады Балаховіча і тут вялі партызанскую вайну, прарываючыся ў тылы чырвоных войск у раёне Чарнобыля — Чэравічы. Потым, 30 чэрвеня 1920 г., яны атакавалі мястэчка Славечна (на поўдзень ад Лельчыцаў).

З ліпеня атрад пад камандаваннем ротмістра Дарскага ўзяў штурмам станцыю Вяледнікі (на паўднёвы ўсход ад Славечна), выбіўшы адтуль савецкі полк пяхоты. Быў узяты ў палон штаб 2-й стралковай брыгады, захоплены кулямёты. Адступаючы, група С.Булак-Балаховіча ўдзельнічала і ў абаронных баях на рацэ Стыр як рэгулярная вайсковая адзінка. У канцы ліпеня балаховічцы абаранялі лінію на рацэ Стаход у раёне Любешава, 7 жніўня вялі баі за Заходнім Бугам.

Яны неслі вялікія страты, група скарацілася да 700 чалавек. Але прыходзілі добраахвотнікі з маладых сялян і палонных чырвонаармейцаў, нават камандзіраў. У атрад С.Булак-Балаховіча было ўключана 600 данскіх казакаў, якія былі мабілізаваны ў Чырвоную Армію пасля разгрому Дзянікіна, а цяпер перайшлі да Балаховіча. Савецкая разведка ў канцы жніўня 1920 г. ацэньвала сілы Булак-Балаховіча ў 1600 штыкоў, 400 шабель і 14 кулямётаў.

Пасля Варшаўскай бітвы ў сярэдзіне жніўня 1920 г. польскія войскі перайшлі ў наступ, з імі была і група генерала С.Булак-Балаховіча. Зноў яна вядзе на Палессі партызанскія дзеянні. Да С.Балаховіча далучаліся партызаны, што вялі барацьбу супраць савецкай улады.

У сярэдзіне верасня ягоныя атрады дзейнічалі ў раёне Пінска, 26 верасня нечакана для праціўніка ўзялі горад, адрэзаўшы кіраўніцтва 4-й Савецкай арміі ад яе войскаў на фронце, на захад ад Пінска. Частка штаба 4-й арміі змагла цягніком ад'ехаць у Лунінец, частка была ўзята ў палон. Камандуючы 4-й арміі А.Шуваеў, начальнік штаба і член рэвваенсавета здолелі ўратавацца, уцёкшы на фронт, на захад ад Пінска. З Лунінца прыбыў у Пінск савецкі бронецягнік, пачаў абстрэльваць станцыю. Агнём гармат Балаховіча быў падпалены вагон са снарадамі, і бронецягнік быў знішчаны моцным выбухам.

Праз два тыдні ваенныя дзеянні спыніліся. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе было падпісана савецка-польскае перамір'е і папярэднія ўмовы міру, якімі тэрыторыя Беларусі падзялялася на дзве часткі: Заходняя Беларусь перадавалася савецкім бокам (нават без удзелу дэлегацыі БССР) Польшчы, а на ўсходзе заставалася маленькая БССР з шасці паветаў былой Мінскай губерні. Як казаў з горкай іроніяй Якуб Колас:

Далі шэсць паветаў,

Дзякуй і за гэта.

Паход на Усходняе Палессе

Станіслаў Булак-Балаховіч цвёрда стаяў за далейшую барацьбу з бальшавізмам. Пры падтрымцы начальніка Польскай дзяржавы (так называлася тады афіцыйная пасада) Ю.Пілсудскага старшыня Рускага палітычнага камітэта ў Польшчы Барыс Савінкаў яшчэ 27 ліпеня заключыў з Булак-Балаховічам пагадненне аб сумесным наступе расійскіх (сфарміраваных у асноўным з ваеннапалонных) і беларускіх вайсковых часцей у глыбіню Беларусі і Расіі для падняцця масавага сялянскага паўстання супраць бальшавікоў.

Каб прыцягнуць да гэтай акцыі і яўрэйскае насельніцтва, быў створаны асобны "яўрэйскі эскадрон" на чале з паручнікам Цэйтліным. Камандуючым Рускай народнай добраахвотніцкай арміі прызначаўся Булак-Балаховіч. Ён заключыў 12 кастрычніка 1920 г. з Беларускім палітычным камітэтам у Варшаве (што займаў прапольскія пазіцыі) Паўлам Алексюком пагадненне, што цывільная ўлада ў Беларусі будзе перададзена Алексюку і яго камітэту.

У раёне Мікашэвічаў — Турава на пачатку лістапада сабралася армія, падпарадкаваная слыннаму беларускаму генералу. У ёй налічвалася 20 тысяч чалавек. У складзе арміі былі 3 пяхотныя і 1 кавалерыйская дывізіі, сялянская пяхотная брыгада, асобны "туземны" кавалерыйскі полк, полк данскіх казакаў і іншыя. Пры спрошчаным наборы ў армію Балаховіча трапілі і яго ранейшыя жаўнеры, і добраахвотнікі, якія не мелі баявога вопыту. Былі і палонныя чырвонаармейцы, і нават разбэшчаныя вайной людзі, і крымінальныя элементы, якія жылі вайной і рабавалі насельніцтва.

Выпадкі гвалту і забойстваў змусілі генерала выдаць загад перад паходам ва Усходняе Палессе, што камандзіры, чые жаўнеры займаюцца пагромамі і рабункам, будуць зняты з камандавання, пастаўлены перад трыбуналам і асуджаны "адпаведна законаў ваеннага часу". "А злоўленых на гарачым учынку як жаўнераў, так і афіцэраў расстрэльваць на месцы. Пагромаў не павінна быць, і яны не будуць мець больш месца".

С.Булак-Балаховіч даў дазвол яўрэйскаму насельніцтву гарадоў і мястэчак ствараць узброеныя атрады самаабароны, каб бараніцца ад пагромаў.

6 лістапада 1920 г. з Турава армія Балаховіча ідзе наступленнем на ўсход па абодвух баках Прыпяці. Галоўны ўдар народнай арміі абрынуўся на 10-ю стралковую дывізію 16-й Савецкай арміі, якая панесла значныя страты і вымушана была адступаць. 8 лістапада войскі Булак-Балаховіча занялі Петрыкаў, 9 —мястэчка Скрыганаў. Пасля цяжкага бою Пскоўскі полк 1-й дывізіі "смерці" палкоўніка Мацвеева 10 лістапада ў 16 гадзін 40 хвілін заняў Мазыр. Праз дзве гадзіны ў Мазыр уступіла і кавалерыйская дывізія палкоўніка Паўлоўскага. Паўлоўскі сфарміраваў з палонных Мазырскі полк. У гэты ж дзень, 10 лістапада, Остраўскі полк 1-й дывізіі Балаховіча заняў Калінкавічы.

Мазыр становіцца цэнтрам ваеннай і палітычнай дзейнасці С.Булак-Балаховіча. Пасля заняцця Мазыра генерал ужо не ўтрымліваў у сакрэце свае планы ўтварэння незалежнай Беларускай дзяржавы. Камендант Мазыра генерал-маёр Яраслаўцаў тут жа аддаў загад вывесіць у горадзе на будынках бел-чырвона-белыя беларускія сцягі.

Ад 12 лістапада С.Булак-Балаховіч пачаў выдаваць палітычныя акты і загады, накіраваныя на стварэнне Беларускай дзяржавы, абвясціў сябе "начальнікам Беларускай дзяржавы" і пракламаваў незалежнасць Беларусі.

14 лістапада ён выдаў загад пра фарміраванне беларускай арміі з беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Станіслаў Булак-Балаховіч абвясціў сябе галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Беларусі. Камандаванне Рускай народнай арміяй ён перадаў свайму брату Язэпу, надаўшы яму званне генерал-маёра. Кваліфікацыйная камісія пацвердзіла гэтае наданне. Але фактычна С.Булак-Балаховіч па-ранейшаму камандаваў усёй Саюзнай (як яна цяпер называлася) народнай добраахвотніцкай арміяй.

У Мазыр з Варшавы прыбылі І.Аляксюк і В.Адамовіч, якія заключылі з Булак-Балаховічам і Б.Савінкавым пагадненне аб прызнанні Рускай добраахвотніцкай арміяй незалежнасці Беларусі. У сваю чаргу С.Булак-Балаховіч прызначыў П.Алексюка старшынёй свайго ўрада, а ўрады В.Ластоўскага (у Коўне) і А.Чарвяка (Чарвякова) у Менску абвясціў "звергнутымі".

Армія Балаховіча працягвала наступаць. 2-я пяхотная дывізія і група Язэпа Балаховіча, раней намесніка галоўнакамандуючага, наступалі на Рэчыцу, другая частка армій — на Оўруч і Чарнобыль. 16 лістапада атрады Станіслава з трох бакоў падышлі да Рэчыцы і пачалі баі на яе ўскраінах.

Камандаванне Чырвонай Арміі кінула на фронт новыя сілы, якія праз тыдзень ужо мелі колькасную перавагу. З боку Жлобіна контрнаступленне 16-й арміі Заходняга фронту пачалося 16 лістапада. Агульны ж план палягаў на тым, каб акружыць армію Балаховіча і знішчыць яе. Ужо 17 лістапада часці 16-й арміі з баямі занялі Калінкавічы.

Пазбягаючы акружэння, С.Булак-Балаховіч спыніў далейшы наступ у глыб Палесся. 19 лістапада пачалося агульнае адступленне. 2-я пяхотная дывізія балаховічцаў упарта абараняла Мазыр, але 20 лістапада і ён быў захоплены чырвонымі.

Асноўнай групоўцы арміі Балаховіча ўдалося ў раёне Каплічы—Якімавічы (30—40 км на поўнач ад Мазыра) па лясных дарогах, праз рэкі ў балоты прабіцца скрозь заслоны 33-й савецкай Кубанскай казацкай дывізіі і 24 лістапада фарсіраваць раку Пціч. Сам генерал у баях атрымаў рану, але не пакідаў камандавання. 26 лістапада яго войскі выйшлі праз Жыткавічы да чыгуначнай станцыі Сінкевічы ў раён размяшчэння польскіх войск. І хаця план камандавання Чырвонай Арміі — знішчыць вайсковыя сілы Булак-Балаховіча — не ўдаўся, армія гэтая была раззброена польскімі войскамі.

Частка яе засталася ў 30-кіламетровай нейтральнай зоне (па 15 км па абодва бакі мяжы), якая існавала да падпісання канчатковага мірнага дагавору ў сакавіку 1921 г. і яго ратыфікацыі ў маі таго ж года. Адтуль асобныя атрады балахоывічцаў вялі партызанскую барацьбу супраць савецкай улады ажно да 1922 года.

Хоць асноўная маса сялянства яго і падтрымлівала, аднак у цэлым акцыя С.Булак-Балаховіча не мела поспеху, таму што якраз у гэты час расійскія антысавецкія сілы ў Крыме былі разгромлены, і камандаванне Чырвонай арміі змагло перакінуць у Беларусь значныя падмацаванні. Балаховіч не здолеў аб'яднаць усе нацыянальныя сілы, бо асноўная з іх — партыя беларускіх эсэраў — ставілася да яго варожа як да саюзніка Польшчы.

Беларускія эсэры ў час савецка-польскай вайны супрацоўнічалі з партыяй бальшавікоў, бо тыя абяцалі пасля перамогі над Польшчай прызнаць Беларускую Народную Рэспубліку як самастойную дзяржаву. Партызанскія атрады беларускіх эсэраў (сялянскія дружыны) ваявалі супраць Польшчы сумесна з чырвонымі партызанамі. Аднак пасля заканчэння ваенных дзеянняў бальшавікі хутка забаранілі беларускіх эсэраў, лідэраў і актывістаў арыштавалі. Булак-Балаховіча асуджалі і пасля заканчэння вайны, бо некаторыя жаўнеры (з крымінальных элементаў) працягвалі займацца рабаваннем, а ён, камандуючы, быў адказны за дзеянні сваіх падначаленых.

I публіцыст, і паэт, і падпольшчык…

Пасля раззбраення асноўная частка атрадаў Булак-Балаховіча размясцілася ў Белавежскай пушчы, дзе былыя жаўнеры працавалі на лесараспрацоўцы і тартаках. Сам генерал быў залічаны ў склад польскага войска, але па-за штатам. Ён стаў старшынёй Саюза былых удзельнікаў нацыянальных паўстанняў (камбатантаў). Выдаваў публіцыстычныя кнігі, варожыя Савецкай Расіі, камуністам і Гітлеру, у якіх бачыў пагрозу незалежнасці народам Усходняй Еўропы.

Станіслаў Булак-Балаховіч быў і беларускім паэтам, творчасць якога заўважыў літаратуразнавец Ігнат Дварчанін у "Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры" (1927). Беларускія вершы С.Булак-Балаховіч апублікаваў у сваім зборніку 1930 г. Зборнік вершаў быў раней у Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, але падчас вайны знік. Два вершы былі апублікаваныя А.Бяляцкім у часопісе "Спадчына" (1991, №6, с.17).

Падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі ў 1936—1939 гг. С.Булак-Балаховіч быў у групе назіральнікаў польскай ваеннай місіі ў арміі генерала Ф.Франка. Жыў ён у Варшаве.

На самым пачатку верасня 1939 г., калі пачалася Другая сусветная вайна, С.Булак-Балаховіч хутка арганізаваў атрад добраахвотнікаў з 300 чалавек, які падчас абароны Варшавы змагаўся на паўднёвым участку абароны горада. Пасля капітуляцыі Варшавы і акупацыі Польшчы С.Булак-Балаховіч арганізаваў падпольную арганізацыю для барацьбы з нямецкімі фашыстамі.

Загінуў Станіслаў Булак-Балаховіч 10 мая 1940 г. у Варшаве недалёка ад свайго дома на вуліцы Саскай. Ён быў акружаны агентамі гестапа і застрэлены падчас спробы яго арышту. Ёсць версія, што ён быў забіты супрацоўнікамі службы дзяржаўнай бяспекі СССР, бо адзін са сведкаў здарэння казаў, што нападаючыя гаварылі па-руску. А якраз у гэты перыяд было ўстаноўлена супрацоўніцтва паміж гестапа і органамі дзяржбяспекі СССР для агульнай ліквідацыі падполля на тэрыторыі Польшчы і Заходняй Беларусі.

Паўтаруся: як палітычная фігура асоба генерала Станіслава Булак-Балаховіча безумоўна неадназначная, у многім і дагэтуль неразгаданая. Аднак несумненна: і ў дзікім віры складанейшых, непрадказальных падзей ён быў і заставаўся патрыётам Беларусі, выразна паказаў сябе змагаром за незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны.

Сімвалічная магіла генерала знаходзіцца на Повонзках (камунальныя могілкі) на сямейным участку. Унук генерала, Мацей Булак-Балаховіч быў ініцыятарам адкрыцця памятнай дошкі непадалёку ад месца, дзе загінуў генерал Станіслаў Булак-Балаховіч. А непадалёку ад Белавежы пастаўлены помнік братам Станіславу і Юзэфу Булак-Балаховічам і іх жаўнерам.

Гэта быў незвычайны чалавек, які застанецца ў гістарычным летапісе Беларусі.

Написать комментарий (17)

ElectroName.com - новости белорусского интернета

пн вт ср чт пт сб вс
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31

Старая версия сайта

Бойкот-2008

Стоит ли участвовать в избирательном фарсе?

Владимир Халип

Специально для Хартии'97: І ўсё ж ён быў цёмны, той правінцыйны маньяк...

Андрей Ким, политзаключенный

Арестован на акции предпринимателей

Александр Козулин, политзаключенный

Брошен за решетку за акции протеста

Политзаключенный Сергей Парсюкевич

Лидер предпринимателей арестован после акции протеста

Другие подборки

Популярные новости

Лукашенко: «Рассчитывайте на худшее. Я пойду на четвертый срок» (7039)

14.05, 8:29, — Политика

На границе Беларуси возводится «железный занавес» (6623)

13.05, 9:03, — Общество

В декларации о доходах кандидата в президенты Лукашенко за 2005 год сына Николая нет (6435)

12.05, 13:17, — Политика

Виктор Шендерович: «Путина еще не знал никто, а Лукашенко уже с Америкой боролся, врачи удивлялись» (5745)

11.05, 16:09, Виктор Шендерович, «Эхо Москвы» — Политика

Государственные СМИ официально объявили о младшем сыне Лукашенко (Видео) (5637)

12.05, 9:51, — Политика

Александр Козулин: «Вместо безоговорочного освобождения, мне было предложено тайное бегство из страны» (4608)

15.05, 10:30, — Политика

Цирк имени Лукашенко (4210)

12.05, 11:30, Илья Мильштейн, «Европа-Экспресс» (Германия) — Политика

Тайный сын (4208)

14.05, 9:53, — Политика

Сотрудники ГАИ заковали водителя в наручники и избили до сотрясения мозга (4028)

14.05, 11:07, — Авто

Лукашенко: «Особенно хватает проблем с американцами» (4013)

13.05, 13:32, — Политика

Подписка на рассылку