28 марта 2024, четверг, 21:03
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Барыс Кіт: «Нельга быць песімістам»

11
Барыс Кіт: «Нельга быць песімістам»

Знакаміты навуковец шле найдобрыя пажаданні ўсім беларусам.

Барыс Уладзіміравіч Кіт... Беларус, якога ведае ўвесь цывілізаваны свет. Яго прозвішча выбіта на сцяне Кангрэса Злучаных Штатаў Амерыкі сярод ста самых знакамітых асоб. Ён — адзін з распрацоўшчыкаў ракетнага паліва, лаўрэат многіх міжнародных узнагарод. Цяпер жыве ў Франкфурце-на-Майне.

З радасцю ўспрыняў званок “Народнай Волі”.

— Барыс Уладзіміравіч, праз некалькі месяцаў Вы адзначыце 103-годдзе. З якім настроем сустракаеце 2013-ы?

— Шчыра кажучы, у маім узросце казаць пра нейкі вельмі аптымістычны настрой, можа, і не трэба. Але ж і песімістам нельга быць — жыву, як можна жыць пасля 100 гадоў.

— Ці дазваляюць зрок, наогул стан здароўя чытаць прэсу, глядзець тэлевізар?..

— Кожны дзень з гэтага пачынаецца і гэтым заканчваецца. Чытаю і газеты, і кнігі, гляджу ўсе цікавыя для мяне тэлеперадачы.

— А за камп’ютарам не сядзіце?

— Не, камп’ютарам ужо не абцяжарваю сябе.

— Сочыце за падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі?

— Вядома ж, сачу. Трымаю сувязь з Бацькаўшчынай і праз ліставанне з многімі добрымі людзьмі, і праз тэлефон.

— Каму з суайчыннікаў хацелі б перадаць прывітанне напярэдадні Новага года?

— У першую чаргу маім даўнішнім сябрам — Лідзіі Сымонаўне Савік і Ірыне Міхайлаўне Быкавай. Шчыра віншую з надыходзячым Новым годам і Калядамі прафесара Гродзенскага ўніверсітэта Андрэя Майсеенку, знанага паэта Сяргей Законнікава, вядомага спецыяліста ў галіне стандартызацыі Юрыя Пашыка...

— Якую падзею ў найноўшай гісторыі Беларусі Вы лічыце галоўнай?

— Падзею, якая адбылася ў 1991 годзе, — абвяшчэнне Незалежнасці маёй роднай Беларусі.

— Дазвольце, Барыс Уладзіміравіч, і Вас павіншаваць з Новым годам і Раством Хрыстовым. Трымайцеся. Вы — волат беларускага духу. Здароўя і найлепшых дзён у будучым.

— Дзякуй! Я шлю найдобрыя пажаданні ўсім беларусам.

Написать комментарий 11

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях