29 марта 2024, пятница, 15:40
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Запалоханыя

12
Запалоханыя

Два таленавітыя модныя літаратары на розных сайтах неяк адначасна прызналіся ў сваіх прыхільнасцях.

Дакладней - непрыхільнасцях. Адзін сказаў, што палітыку лічыць брудам.

У дадзеным выпадку мае сэнс гаварыць не пра палітыку як від дзейнасці, а пра пазіцыю людзей мастацтва. Што тычыцца музыкі, балета, тэатра, эстрады, то гэта сферы спецыфічныя. Нават мінімальны ўдзел у палітычных акцях ва ўмовах нашай рэчаіснасці пагражае артыстам фінансавымі стратамі, а то і поўным адлучэннем ад цыцкі мамкі-культуры. Можна апынуцца ў поўнай ізаляцыі, бо цябе пачнуць ігнараваць на радыё і ТВ, пазбавяць канцэртнай дзейнасці і г.д. Так што кожны робіць тое, што ён робіць, незалежна ад сваіх перакананняў і ступені сервільнасці. Асобна трымаюцца прадстаўнікі беларускага выяўленчага мастацтва, бо выхаваны на нацыянальным грунце і без гэтага не ўяўляюць сваёй творчасці і сябе як асоб. Але ж літаратура заўсёды займала ганаровае месца ў шэрагу разнастайных мастацтваў, яе інструмент – слова. Гэта вышэйшае пакліканне з вышэйшай адказнасцю за свой дар і за тое, “як наша слова адгукнецца”.

Меркаванне пра “бруд” палітыкі насамрэч не новае, і кожны па-свойму разумее гэты “бруд”. Але адна справа быць індыфірэнтным да грамадскіх каштоўнасцей, і зусім іншая -- публічнае адхрышчванне. Яно выглядае не праявай маральнай стэрыльнасці, а хутчэй страхам пазбавіцца пэўных выгодаў і статусу-кво. Тыпу - “Дзядзечка, я харошы. Я проста песенькі пяю і вершыкі складаю. Ад мяне не будзе ніякай шкоды вашаму вечнаму праўленню”.

Самае смешнае, калі адхрышчваюцца тыя, што на самай справе ўдзельнічаюць. Раскажу пра нядаўні выпадак, калі я запрасіла знаёмага на калядную сустрэчу-вечарыну БХД. Ён паспяшаўся заверыць мяне, што не мае з палітыкай нічога агульнага. І гэта сцвярджаў удзельнік Плошчы, які перажыў кашмар затрымання, суд і адсідку. Пазней ён быў назіральнікам ад апазіцыі на парламенцкіх выбарах і старанна, з дакладнасцю прыбора налічыў 500 галасоў разыходжання са звесткамі выбарчай камісіі.

Мая украінская сяброўка напісала так: каб ведаць смак палітыкі, яе трэба “скуштуваты”. Страх перад палітыкай, недавер да яе ў нас, беларусаў, у крыві. Гэтае слова як табу, як форма супраціву, як прызнанне ў нелюбові да ўлады. (Вось каго ў Беларусі сапраўды варта не любіць!) Гэта тое, за што арыштоўвалі і ссылалі, расстрэльвалі без суда і следства, адбівалі мазгі на допытах. Чалавек – істота грамадская, статкавая. Ніхто не жадае быць адшчапенцам, ізгоем, адлучаным ад сабе падобных. Недасведчаныя людзі вельмі здзіўляюцца, калі я нагадваю, што ў Беларусі партыі не забаронены. Як гэта не забаронены, калі можна пацярпець?! Калі аб’ектам публічнага высмейвання або афіцыйнага абстракізму можа стаць любая нязгода з кіруючай лініяй, які-небудзь жыллёвы ці камунальны пратэст, смелая заява з боку “трэцяга сектару”?

І яшчэ адна гісторыя па тэме, адваротнага зместу. Аднаму з удзельнікаў каляднай імпрэзы жонка ўчыніла ўвечары скандал. І запатрабавала, каб паведамляў ёй на будучае адрас мерапрыемства, бо калі яго саб’юць альбо пасадзяць, то невядома будзе, куды кідацца і дзе шукаць. (Заўважце, гаворка ідзе не пра мітынг, шэсце, пікет ці яшчэ якое сур’ёзнае мерапрыемства.) Немалады чалавек не без гумару распавёў пра сямейны казус і зрабіў выснову: “Мала што ад уладаў, дык нам, апазіцыянерам, яшчэ і ад жонак дастаецца.” Альбо ён сапраўды вялікі жартаўнік, альбо далучае сябе да іншадумцаў ужо таму, што паслухаў спевы і з’еў пірага з сябрамі незарэгістраванай партыі. Ну бываюць жа такія смелыя мужыкі!..

З нас, грамадзян, усімі спосабамі рабілі балванчыкаў пры Савецкім Саюзе. Нас запалохваюць амаль два дзесяткі гадоў пры ўсенародна абраным кіраўніку незалежнай дзяржавы. Занадта шмат рычагоў існуе, каб зрабіць людзей больш згаворлівымі і асцярожнымі. Запалоханае грамадства – усё роўна што аднойчы моцна збіты сабака. Ён будзе падціскаць хвост перад чужымі ўсё астатняе жыццё.

Выціскаць з сябе раба – справа няпростая. Яшчэ складаней для некаторых маіх суайчыннікаў наогул зразумець, што ты ў душы раб і што аб цябе будуць выціраць ногі, пакуль ты маўчыш і прыкідваешся прасцячком.

Галіна Каржанеўская, спецыяльна для charter97.org

Галіна Каржанеўская. Нарадзілася на Случчыне ў сям’і аграномаў. З бацькамі пераехала ў Лагойскі раён, дзе некаторы час настаўнічала пасля заканчэння БДУ (філфак). З 1981 г. жыве ў Мінску. Працавала рэдактарам літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання і шмат гадоў ― у газеце “Літаратура і мастацтва”. Паэт, крытык, драматург. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Старшыня Мінскага гарадскога аргкамітэта БХД.

Написать комментарий 12

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях