29 марта 2024, пятница, 10:21
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Палац», які прастаяў 20 гадоў

3
«Палац», які прастаяў 20 гадоў

«Палац» — адзін з самых вядомых беларускіх гуртоў, які працуе з беларускім фальклорам, а ў апошні час і стварае яго.

Доўгі час калектыў узначальваў напрамак беларускага фолк-мадэрну, не пакідаючы эфіраў тэлеканалаў і радыёстанцый. Актыўную музычную дзейнасць гурт працягвае і дасёння, уваходзячы ў новыя этапы творчага жыцця. У 2012-м калектыў адсвяткаваў сваё 20-годдзе. Пра тое, як прайшоў год пад знамянальнай датай, з лідарам гурта Алегам Хаменкам пагутарыў сайт budzma.org.

— Алег, у чым сакрэт даўгалецця? Далёка не кожны гурт можа пахваліцца такім доўгім творчым шляхам.

— Насамрэч гуртоў з такім стажам працы нямала. Тыя ж «Ляпісы», «Крама», «Нейра-Дзюбель»… Як правіла, гэта знакавыя гурты. А знакавыя гурты мусяць існаваць не менш за чвэрць стагоддзя.

— З чым вы прыйшлі да такой даты?

— 20-годдзе — гэта пік формы, калі яшчэ нешта можаш фізічна і пры гэтым ужо ёсць сур’ёзны досвед. Калі згадаць канцэрт на 20-годдзе «Песняроў», можна смела сказаць, што гэта адзін з найлепшых канцэртаў у гісторыі беларускай музыкі. У любым калектыве ёсць перыяды, якія складана перажыць, але калі яны перажытыя, то калектыў здаровы, ён мае будучыню. І тут гаворка не толькі пра музыкаў, а пра любы працоўны калектыў.

— Ці цяжка было заявіць пра сябе ў савецкія часы?

— У савецкія часы мы яшчэ не былі сур’ёзнай з’явай. Гэта была проста суполка сяброў, якія зараблялі, граючы на вяселлях. А «Палац» з’явіўся ўжо не ў СССР, а ў Беларусі. І гэта дало нам штуршок да таго, каб заняцца менавіта беларускім фальклорам. Гэта падмурак, на якім мы стаім шмат гадоў. Бо калі краіна незалежная ў сацыяльна-культурным плане, гэта, як правіла, і нараджае культурныя з’явы. Ісландыя — маленькая краіна з 300-тысячным насельніцтвам. Але гэта краіна, якая рупліва захоўвае сваю мову і культуру. У выніку яна дала свету наймагутнейшых выканаўцаў. Адна Б’ёрк чаго вартая.

— Вы часта ўдзельнічаеце ў журы моладзевых фестываляў, конкурсаў. Ці ёсць у Беларусі маладыя гурты, якія маюць шанец у будучыні адсвяткаваць сваё 20-годдзе?

— Доўгажыхарства зусім не абавязковае. Але за апошнія 3-5 гадоў з’явіліся такія калектывы. Напрыклад, «Akute», «Re1ikt»… І я магу сказаць, што такіх гуртоў у Беларусі цяпер дастаткова.

— У свой час гурт «Палац» не сыходзіў з ТБ і радыёэфіраў. Гэта была пэўная мода, патрэба ў такой музыцы, ці былі нейкія іншыя прычыны?

— У той перыяд у Беларусі адбывалася змена каштоўнасцяў. І такая з’ява, як фолк-мадэрн, павінная была з’явіцца. Людзям трэба было ўбачыць прыклад таго, што традыцыя можа перайсці ў будучыню. У свой час Боб Дылан, напрыклад, у ЗША займаўся тым жа — ён прапанаваў сваё бачанне амерыканскага фальклору і атрымаў шырокую папулярнасць. І ў іншых краінах у розныя часы адбываліся тыя ж працэсы.

— Мінулы год быў для «Палаца» юбілейным, і з гэтай нагоды вы выдалі аж дзве плыты. Чаму дзве і што яны з сябе ўяўляюць?

— Напэўна, гэта такое постсавецкае мысленне — «20 гадоў — вось давайце ўсё што ёсць і выдадзім». Калі казаць пра альбом «Кола грукатала», то ён ужо практычна быў. Проста мы паскорылі працу, каб скончыць дыск да юбілею. Дыск месцамі эклектычны, але мне ён падабаецца. А другое выданне — не альбом, а хутчэй праект. Ён звязаны з працай над беларускімі казкамі. Мы выбралі казку, якая падалася нам самай моцнай і глыбокай з усіх, што ёсць у беларускім фальклоры, і, напісаўшы для яе інструментальную музыку, зрабілі літаратурна-музычнае выданне.

— Але казка «Салдат-доктар» зусім не дзіцячая.

— Гэта мы прывыклі, што калі казка, значыць, для дзяцей. «Уладар пярсцёнкаў» Толкіна — што, дзіцячая казка? А гэта ж вельмі моцная казка. Ды чаго хаваць, я вось, не зважаючы на свой узрост, вельмі люблю «Гары Потэра». Раней практычна ў кожнай беларускай вёсцы быў свой апавядальнік, і да яго ў асноўным прыходзілі не дзеці, а падлеткі і дарослыя. Гэта быў своеасаблівы тэатр. Казка «Салдат-доктар» мае ўзроставае абмежаванне ад 10 гадоў. Але насамрэч я лічу, што яе можна слухаць у любым узросце.

— Першыя вашыя альбомы былі заснаваныя на фальклоры, а апошні амаль цалкам складаецца з аўтарскіх песняў, нягледзячы на нязменна фолькавае гучанне.

— Так, у альбоме «Кола грукатала» ўсяго адна народная песня. Фальклор — гэта не музей, ён павінен развівацца. Гэта творчасць народа. Раней такая творчасць была не персаналізаваная. Аднак і за «Купалінкай» стаіць аўтар, і «Бывайце здаровы, жывіце багата» — таксама аўтарскі твор. А гэтыя песні ўсімі ўспрымаюцца як народныя. Так адбываецца, калі твор жыве даўжэй за аўтара. Спецыяльна пісаць такія рэчы вельмі складана, але імкнуцца да гэтага трэба. І мы крыху нахабна, але спрабуем гэта рабіць.

— Акрамя музычнае дзейнасці вы выкладаеце ва ўніверсітэце культуры і мастацтва. Што для вас важнейшае?

— Мяне запрасілі выкладаць тэхналогіі прадусавання, і гэта якраз звязана з маім канцэртным досведам, вялікай практыкай зносін з мэнэджарамі, прадусарамі. Мне пашчасціла пабываць на многіх фестывалях у Еўропе, у краінах СНД. Трэба перадаваць гэты вопыт. Да таго ж гэта не адбірае ў мяне шмат часу і высілкаў. Я хутка знаходжу агульную мову са студэнтамі, і яны імкнуцца асвоіць гэтую прафесію. Мне гэта прыемна.

— Вы кажаце, што канцэртавалі па многіх замежных краінах. Наколькі вялікая, зыходзячы з досведу «Палаца», цікавасць да беларускага фальклору за мяжой?

— Беларускі фальклор, як і любы іншы, цікавы толькі ў арыгінальных праявах. Такіх, якія могуць адкрыць слухачу нешта новае, узбагаціць яго. За мяжой нас чакаюць, але толькі з чымсьці ўнікальным, з тым, што можна ўзяць сабе на ўзбраенне. Любая фальклорная музыка запатрабаваная тады, калі яна архаічная і не выдрэсіраваная.

— Вы кажаце пра тое, што фальклор мусіць быць не музейнай з’явай, стварацца і развівацца ў сучасных умовах. Да якіх вынікаў гэта мусіць прывесці ў найбліжэйшыя гады?

— Сучасны фальклор ствараецца штогадзіны. Але пакуль мы не ўспрымаем яго як фальклор. Большасць з таго, што створана ад душы, у непрафесійным асяроддзі, у якім бы стылі гэтая музыка ні была, ствараецца менавіта як будучы фальклор. Бо што будуць спяваць нашыя дзеці? Што змогуць сёння праспяваць 10 сямігадовых дзяцей, калі сабраць іх разам? Фальклор заўтрашняга дня — гэта і ёсць тая музыка, якая можа аб’ядноўваць людзей, несці натуральную эмоцыю, якая будзе па-сапраўднаму патрэбная людзям. Вось што павінна стварацца «мастакамі сённяшняга дня».

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях