19 марта 2024, вторник, 6:17
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Ілона Карпюк: «Змагаюся за тое, каб беларусы мелі сваю мову і культуру»

11
Ілона Карпюк: «Змагаюся за тое, каб беларусы мелі сваю мову і культуру»

Яна нарадзілася не на тэрыторыі сучаснай Беларусі, але зрабіла для разьвіцьця яе культуры нашмат больш, чым тыя, хто атрымлівае дзяржаўныя ўзнагароды “За духоўнае адраджэньне” ці ордэны Скарыны.

Пражыўшы ўвесь час у Польшчы, яна пачуваецца беларускай, а таму нястомна ладзіць тут беларускія імпрэзы, канцэрты і фэстывалі і сама піша песьні.

Сёння госць сайта charter97.org Ілона Карпюк-Дамброўская – вакалістка беларускамоўнага польскага гурта Ilo&Friends. За тыя 12 год, якія Ілона знаходзіцца на рок-сцэне, яе ніколі не клікалі з канцэртам у Беларусь. Упершыню да нас з выступам яна прыехала ўвосень 2012 году і ці сыграе яшчэ калі тут яна ня ведае. Але з задавальненнем запросіць яшчэ не адзін дзесятак беларускіх гуртоў з выступамі ў Польшчу.

- Ілона, калі ты зразумела пра сваю прыналежнасьць да Беларусі?

- Сама я нарадзілася ў Гайнаўцы, а мае бацькі выйшлі зь вёсак Беласточчыны, на ўскрайку Белавежскай пушчы. Там я і праводзіла сваё дзяцінства. Калі я ўжо вучылася ў ліцэі, то спыталася ў свайго бацькі кім я ёсьць, бо тады якраз набліжаўся перапіс насельніцтва ў Польшчы і было актуальным гэтае пытаньне. Прыйшлі да высновы, што мы – беларуская сям’я. Хоць мая старэйшая сястра кажа, што яна ў культурным пляне бліжэй да Польшчы, чым да Беларусі, і пішацца полькай, але наш выбар цалкам разумее. Брат па маці вельмі моцна стаіць на той пазыцыі, што трэба захоўваць нашу беларускасьць. Бабця мае пастаянна чытае “Ніву” (штотыднёвік беларусаў у Польшчы – заўвага аўт.), а дзед дык той сказаў, каб на яго помніку на могілках напісалі па-беларуску. 


- А для цябе самой, калі стала важнай твая беларускасьць?

- Мусіць яшчэ ў 8 год, калі пайшла ў другую клясу. Сказала тады, што хачу ісьці на беларускую мову. Тады адказалі, што замала ахвотных. Я падгаворвала сяброўку з панадворку, каб разам пайсьці, але ўсё адно сказалі, што нас замала. Усё ж паступіла на беларускую мову ў сёмай клясе. Вучобу працягнула ў беларускім ліцэі ў Гайнайцы (яшчэ адзін быў у Бельску). Цікавілася біялёгіяй і хацела ісьці вучыцца на мэдыка, але адбыўся пераварот, калі сталі езьдзіць на беларускія этнаграфічныя летнікі-зімнікі, шукалі людзей, якія памяталі бежанства, распытвалі пра міжваенны час, другую сусьветную вайну. Гэтыя ўспаміны выдаў Дарэк Фіёнік асобным зборнікам. Біялёгія засталася збоку, стала больш цікавіцца гісторыяй і літаратурай. Беларускасьць яшчэ дапамагла, бо для тых, хто трапляў на алімпіяды па беларускай мове, адчыняліся дзьверы ВНУ. Вядома ж, былі праблемы з падзелам на афіцыйную і неафіцыйную беларускую культуру, але сьвята 25 сакавіка мы адзначалі заўжды. Увесь час было ў нашай сьвядомасьці так, што Беларусь ня ёсьць чужой дзяржавай, а зьяўляецца культурнай супольнасьцю. І гэтае ўсьведамленьне дапамагала акрэсьліваць саму сябе.

- Як для цябе пачалося захапленьне музыкай?

- Яшчэ з пачатковай школы пачала займацца сьпевамі. Хадзіла да Ганны Стрыхі, яна з Гародні, вяла заняткі ў доме культуры ў Гайнаўцы. Першыя песьні, якія сьпявалі – “Родны мой горад”, “Завіруха”. У 9 год атрымала нават прыз на конкурсе беларускай песьні. У ліцэйскія часы сьпявалі з дзяўчынамі ў калектыве “Зьнічка”. Гэта быў тыпова эстрадны сьпеў, штогод практычна атрымлівалі першае ці другое месца на конкурсе беларускай песьні ў Беластоку. Паралельна зацікавілася рок-музыкай, у ліцэі засталіся вельмі добрыя інструмэнты ад нашых старэйшых сяброў. Так паўстаў гурт “Гоман”. Памятаю, удалося нам выступіць на вялікай сцэне на “Басовішчы” і даць канцэрт у Беластоку, гэта была супэрсправа. Ліцэйскія дзеткі з Гайнаўкі прыехалі з канцэртам у Беласток, каб выступіць у студэнцкім клюбе!

- Увесь час у сваёй творчасьці ты трымаешся беларускай мовы. Чаму для цябе гэта важна?

- Бо ў мяне па-беларуску выходзіць лепш, чым на якой іншай. У побыце больш карыстаюся польскай, але як прыходжу на рэпетыцыю і шукаю спосабу выказаць свае думкі і эмоцыі, то выходзіць па-беларуску. Я шукаю такіх тэкстаў, якія мяне кранаюць. Таму сьпяваю на словы Уладзімера Караткевіча, Анатоля Сыса. Ведаю, што шмат хто з тых людзей, якія слухаюць нашы песьні, самі не прачыталі б “Сланечнікі” Сыса ці зборнік “Быў. Ёсьць. Буду”, бо іх гэта не цікавіць. Але атрымліваецца зацікавіць іх праз музыку. Нашы слухачы, якія не разумеюць беларускай мовы, адчуваюць гэтую беларускую творчасьць эмацыйна. У гэтым і бачу нашу ролю.

- А цябе не крыўдзіць тое, што твая дзейнасьць не далучаная да беларускага кантэксту. І ў Беларусі пра вас практычна ня ведаюць?

- Мы разумеем, што беларусы ў Мінску, Горадні ці Віцебску жывуць і думаюць інакш, як і беларусы ў Польшчы ці ў Амэрыцы. І калі беларусы пераязджаюць мяжу, яны разумеюць, што мы жывем у розных светах, пакуль што. Таму ў мяне няма прэтэнзій, што мы існуем па-за беларускай сцэнай. Нам дапамагае інтэрнэт. Для мяне быў вельмі кранальны вопыт на першым нашым канцэрце ў Менску, калі падыйшла дзяўчына, якая кажа, што не магла нас нідзе пачуць і набыць дыск, але ведае добра нашы песьні з інтэрнэту. І яна сьпявала разам з намі. І калі ёсць такі адзін ці два чалавекі, я ўжо разумею, што ёсьць сэнс працаваць.

- Сэнс ты бачыш, але ці ёсьць пэрспектыва – сьпяваць па-беларуску, жывучы за мяжой?

Для нас гэта найперш прыемнасьць, бо ўсе маем працы, дзе зарабляем грошы. І пакуль мы не маем унутранай патрэбы ўсур’ёз займацца прамоцыяй, наймаць мэнеджэра, хаця калі такі чалавек зьявіцца, то супраць ня будзем (усьміхаецца).

- Ёсьць такі стэрыятып, што беларуская незалежная музыка мае пратэстнае адценьне. Але вы пратэстных песень не сьпяваеце. Чаму?

- Я разумею, што не магу быць голасам беларусаў, што жывуць у Менску ці Гародні, бо знаходжуся ў іншых абставінах. Пра гэта мусяць найперш казаць творцы, якія жывуць тут і сутыкаюцца штодня з праблемамі. Мяне больш цікавіць казаць пра рэчы, якія блізкія ўсім людзям, экзістанцыйныя. Але мяне безумоўна хвалюе сытуацыя, у якой апынуліся беларускія музыкі, тое, што ў Беларусі абмяжоўваюцца магчымасьці выказваць сябе праз мастацтва, што забараняюць канцэрты. І гэта павінна хваляваць кожнага чалавека, што ў іншага адбіраюць яго свабоду. Я магу пра гэта казаць, як асоба, але ў мастацтве выказаць творча такі погляд я проста не ўмею і не хачу, бо баюся, што атрымаецца карыкатура. А каб выказаць сваё незадавальненьне і зрабіць нешта дзеля вырашэньня сытуацыі, я працавала шмат год у СМІ, пры “Басовішчы”, дзе якраз і давалася магчымасьць выказацца тым, хто ня меў магчымасьці загаварыць сваім голасам у Беларусі. Я працую дзеля беларускай культуры і думаю, што гэта мой унёсак у працэс дэмакратызацыі, бо я змагаюся за тое, каб беларусы мелі сваю мову і культуру.

Размаўляў Сяргей Будкін, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 11

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях