28 марта 2024, четверг, 20:40
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

За што?

23
За што?

Гэтыя два словы вісяць на кончыку майго языка ўжо не першы месяц. І нават не першы год. З таго дня, як па-бандыцку кінулі ў турму Зміцера Дашкевіча.

Сапраўды: за што?!

Нікога не забіў. Не залез у сховішча Нацбанка. Нікога не згвалціў.

Нават не быў на Плошчы ў той памятны снежаньскі вечар 2010 года. Дык за што хлопец гібее за кратамі?

Як ні прыкра, але, атрымліваецца, гібее за тое, што бацькі выхавалі яго сумленным чалавекам. Свабодалюбным чалавекам. Патрыётам Беларусі.

Ён мог стаць кар’ерыстам. Не стаў. Ён мог стаць бізнесменам-хапугам. Не стаў. Ён мог стаць прыстасаванцам. Не стаў. Ён мог з’ехаць за мяжу і там знайсці сваё шчасце. Не з’ехаў. Ён стаў патрыётам Беларусі. Важаком такіх жа маладых дэмакратаў, як сам. Ён, рызыкуючы жыццём, адкрыта выступіў супраць улад, якія сябе любяць больш, чым народ, больш, чым Беларусь.

Ён ва ўвесь рост паўстаў супраць выбараў без.... выбару. Ён як мог ратаваў сваё пакаленне, якое калечыцца сённяшнім рэжымам.

І за гэта — за краты?! З карцара — у карцар?! Дадатковы тэрмін зняволення?

Днямі я бачыў Насту Палажанку, з якой Зміцер пабраўся шлюбам, як ні горка, у турме. Пісаная прыгажуня! Як быццам сышла з палотнаў Рафаэля. Якія цудоўныя дзеткі нараджаліся б у іх, калі б Змітра ўжо трэці год не трымалі за калючым дротам!

Зноў на кончыку языка тое ж пытанне:

За што?!

Яго схапілі напярэдадні 19 снежня 2010 года. За дзень да Плошчы, за якую крывёю заплацілі сотні, тысячы беларусаў. Якая ўвойдзе ў гісторыю, як увайшоў у гісторыю кліч Кастуся Каліноўскага з-пад шыбеніцы. Каліноўскаму было 25, калі Мураўёў-вешальнік, апрычнік расійскага цара, кінуў яго на нары сумнавядомых Лукішак. Зміцер Дашкевіч — амаль равеснік Кастуся. Не, нельга дапусціць, каб Змітра напаткаў трагічны лёс Каліноўскага.

І зноў на кончыку языка тое ж пытанне:

За што?!

За што ўлады гнояць у турме сапраўднага беларуса?

Не веру, ніколечкі не веру ў справядлівасць прысуду, які вынесла суддзя Маскоўскага суда г.Мінска Алена Шылько. Я не раз меў гаворку са Змітром. Многа гадоў ведаю яго бацьку. Як яблык недалёка коціцца ад яблыні, так сын гарнуўся да бацькі, які шмат чаго пабачыў у сваім жыцці, але заўжды заставаўся верным Бацькаўшчыне. Такой жа патрыёткай была і маці Змітра, якая, на жаль, не вытрымала здзекаў з сына і заўчасна памерла.

Не, Зміцер — не злачынца. Пад расстрэлам не пагаджуся з тым, што ён са сваім сябрам Эдуардам Лобавым быццам без дай прычыны накінуўся на нейкіх грамадзян Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Ужо тое, што гэтыя “грамадзяне” на судзе не паказалі сваіх твараў, не назвалі ні сваіх сапраўдных месцаў жыхарства, ні месцаў працы, дае падставы меркаваць, адкуль яны, з якой “канторы”, хто ім загадаў учыніць правакацыю супраць Змітра і Эдуарда. Яшчэ раз заўважце: усё гэта адбылося за дзень да Плошчы.

Не, Зміцер не зачыншчык нейкай бойкі, нават не хуліган, учынак якога цягне на звычайныя пятнаццаць сутак. Міне пэўны час, і ўжо сумленная Феміда скажа сваё слова. А сёння я сплю і бачу Змітра на свабодзе. Як бачу на свабодзе і яго сябра Эдуарда Лобава. Трымайцеся, хлопцы!

За такімі, як вы, — будучыня Беларусі.

Іосіф Сярэдзіч, «Народная воля»

Написать комментарий 23

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях