23 апреля 2024, вторник, 14:21
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Гульні вертухаяў

4
Гульні вертухаяў

Палітвязні могуць выйсці на свабоду. Найперш Алесь Бяляцкі і Мікола Статкевіч.

Гэта не чуткі і не марныя спадзяванні. Пра тое асабіста абвесціў правіцель. Перад тэлекамерамі, у прысутнасці адмыслова запрошаных прадстаўнікоў тутэйшых сродкаў масавай інфармацыі.

Дзень гістарычнай размовы адыходзіць паціху ў мінулае. Але абяцанага вызвалення палітвязні пакуль яшчэ не дачакаліся. Ніхто з тых, каму варта было паспяшацца з выкананнем высокагуманнага пажадання, нават пальцам не варухнуў. Хіба гэта не сабатаж? А ў такім разе мімаволі ўзнікае пытанне, дык хто ж насамрэч тут усё вырашае? Непахісны гарант канстытуцыі або розная вертухайская драбяза, якая ягонае сенсацыйнае выказванне нават не заўважыла?

Гэтыя гульні выглядаюць тым больш недарэчна, што амаль ідэнтычная сцэнка была ўжо пракручана ў Маскве. Пасля прэс-канферэнцыі хтосьці раптам спытаў: а ці ёсць надзея на вызваленне Хадаркоўскага? І пачуў у адказ пэўную сентэнцыю наконт міласэрнасці. Здавалася б, дробязь.

Але зэк з немалым турэмным досведам пачаў адразу збіраць свае рэчы. І не памыліўся. Яго паднялі яшчэ ноччу. Ён добра ведаў, што на тым узроўні, дзе былі мімахадзь кінутыя некалькі словаў наконт ягонага лёсу, нічога выпадковага не бывае.

А што тут? Ды ўсё тое ж. Як сядзелі палітвязні, так і сядзяць.

Ён там нешта сказаў? А каго гэта хвалюе? Цану ягонага слова ведаюць усе. І нават тыя, хто паводле службовых абавязкаў на выказванне свайго найвышэйшага начальніка павінен быў нейкім чынам адрэагаваць, ніякага энтузіязму не выявілі. Не таму што лянота адолела. Яны добра ведаюць умовы драздоўскіх гульняў у падкіднога.

Так, нельга забываць і пра тое, што ёсць пэўная працэдура вызвалення. І доўжыцца яна можа шмат часу, бо хто ж не ведае, якой іржой з’едзена тутэйшая юрыдычная сістэма, сабраная паспешліва са сталінскіх запчастак. Пакуль яна будзе рыпець, пакуль пракруцяцца натужліва ўсе шасцярэнькі, можа і турэмны тэрмін скончыцца.

Але чаму ж у гаспадарцы «палкоўніка Пуціна» пры тых жа акалічнасцях усё спрацавала імгненна? Болей таго, высветлілася раптам той дзіўнай ноччу, што і транспарт з аховай для безнадзейнага, здавалася б, зэка падрыхтаваны. І нават пашпарт замежны ўжо ёсць. І зусім выпадкова нямецкі самалёт чакае на адным з аэрадромаў. Вось гэта аператыўнасць – джыны пазайздросцяць.

Але не варта крыўдзіць параўнаннямі тутэйшую сістэму. Яна можа, калі патрэбна, і пуцінскую пераўзыйсці. Гісторыя гэткія выпадкі ведае.

Хто тут не памятае, як правіцель з тэлеэкрану абрынуў раптам свой палымяны гнеў на галовы петрыкаўскіх міліцыянтаў. За тое, што яны схапілі і кінулі за краты простых вяскоўцаў, «старых людей». Вось так адразу, шчыра і наўпрост, адрэагаваў на міліцэйскі гвалт – чым не праваабаронца?

Тым «старым» было каля сарака гадоў, яны, папярэдне дамовіўшыся за пляшкай, пайшлі і забілі чалавека, які здаваўся ім занадта падазроным. А потым спрабавалі яго яшчэ і спаліць. Але ж яны не выходзілі на плошчу, не падтрымлівалі родных і блізкіх арыштаваных пратэстоўцаў і ніколі не выступалі супраць бестэрміновага кіравання аднойчы абранага правадыра. Тыповы электарат, на які ўлада можа абаперціcя ў цяжкую часіну.

Міліцыянты, напалоханыя выбухам высокага гневу, імгненна вызвалілі гэтых пакутнікаў і на сваім службовым транспарце адвезлі іх дадому. І ўся пракурорская ды іншая праваахоўная раць з-пад веніка спалохана назірала за тым, што адбываецца.

А ў выпадку з палітвязнямі ніякай аператыўнасці быць не можа. Кантынгент не той.

Правіцель дазволіў сабе неверагодную шчырасць падчас размовы наконт далейшага лёсу палітвязняў. Паведаміў сціпла, што ён не ведае нават, хто такі Алесь Бяляцкі.

Чаго толькі не бывае на гэтым свеце! Вось так жыве чалавек на гарадской ускраіне, у тых закінутых Драздах, за глухой агарожай, у поўным інфармацыйным вакууме. Кніжак, па ягоным жа прызнанні, не чытае. Тэлебачанне глядзіць толькі тутэйшае. Інтэрнэт калі і ёсць, дык у адпаведнасці з ягонымі ж патрабаваннямі, там заблакаваныя ўсе сайты, акрамя ўласнага. Адкуль жа ў такім разе да яго магла дайсці інфармацыя пра тое, што Алесь Бяляцкі – вядомы філолаг і грамадскі дзеяч, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, ганаровы грамадзянін Парыжа, уганараваны прэміяй Вацлава Гавэла і вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру.

Не чуў. Не давялося. Як і пра тое, што ягоны прысуд, як і прысуд Міколы Статкевіча ды іншых палітвязняў, да правасуддзя ніякага дачынення не мае. Дзейнічае той жа петрыкаўскі сіндром. Усе баяцца. А найболей – ісціны. Да якой суд нібыта павінен дакапацца. Гэта дзе-небудзь, толькі не тут. І наўрад хтосьці будзе спяшацца з вызваленнем тых, чыя віна доказаў не мае.

А ўвогуле, вертухаі – народ насцярожаны. Яны ўсё чуюць. А тым болей каманды зверху. І калі яны ніякага імпэту не выявілі, то напэўна ж і не было нічога вартага ўвагі. Усё тут як у вандроўным цырку. Нехта жанглюе талеркамі, а хтосьці пустымі абяцанкамі. Як кажуць, у кожнага – свая гульня.

А па-за гульнёй адбываюцца часам нечаканыя падзеі. І зэкі саступаюць свае нары тым, хто іх калісьці пасадзіў.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях