28 марта 2024, четверг, 22:44
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

DDT: беларускi след

4

Цiкавыя факты з гiсторыi вядомага расiйскага гурта.

З нагоды першага за шэсьць гадоў прыезду гурта DDT у Беларусь, Tuzin.fm дасьледаваў гісторыю каманды з пункту гледжаньня беларусацэнтрычнасьці і выявіў нямала цікавых фактаў.

У студзені 2010 году Юрыю Шаўчуку даюць дыплём, які сьведчыць, што яго імем названы астэроід галоўнага пояса Сонечнай сыстэмы. Прыкладна ў той час рок-зорка «Юры Шаўчук» аддаліцца ад Беларусі і вернецца толькі праз шэсьць гадоў. Вось табе і «разам ляцім да зор».

Гісторыя з геаграфіяй захапляе ня меней за астраномію.

Дзед Юрыя Юльянавіча па бацькоўскай лініі быў з казакаў, і сям’я яго жыла на памежжы Ўкраіны і Беларусі, але за саветамі іх выслалі ў Калымскі край. Там, на поўначы, і нарадзіўся будучы музыка. Пэўны час Юры Шаўчук жыў у Нальчыку, потым была Ўфа, дзе прайшлі годы сталеньня і створаны гурт DDT, Сьвярдлоўск, Масква і нарэшце Ленінград, дзе ён знайшоў «свой» горад.

Разабрацца, калі спадар Юры ўпершыню патрапіў на нашу радзіму з канцэртам, аказалася справай даволі складанай. З датамі і нават гадамі вялікая блытаніна. Удакладніць гэты момант дапамог журналіст Сяргей Шапран, які распавёў, што 27 і 28 траўня 1989 году гурт ДДТ даў два канцэрты на стадыёне «Дынама».

На наступны год «ДДТ» завітвае на фэстываль «Тры колеры — 3». Падзея сапраўды адметная. Выступаюць на ім тады яшчэ бабруйскія панкі «Бі-2», якіх міліцыя зганяла са сцэны за неадэкватныя паводзіны, адбываецца першае зьяўленьне на публіцы гурта «Ляпіс Трубяцкі», Лявон Вольскі атрымлівае гран-пры як найлепшы клявішнік фэсту. Дарэчы, Вольскі прызнаваўся ў адным інтэрвію, што зь цікавасьцю сачыў за раньнімі творамі «ДДТ», праўда потым страціў інтарэс да гурта. Шаўчук, у сваю чаргу, казаў, што слухаў N.R.M. у пэрыяд іх росквіту. Лідэра DDT пазьней узгадае ў адным з сваіх твораў Юзік Кілевіч, паэтычнае эга іншага ўдзельніка фэсту «Тры колеры — 3» Сяргея Міхалка:

Гремят оркестров канонады,
Бежит по струнам мощный ток!
Мы — верные сыны Эллады:
Шевчук, Киркоров, Михалок!

Да 1990 году адносіцца бутлег гурта запісаны ў Менску і датаваны 25.02.90. Запіс, сярод іншага, зьмяшчае рарытэтную песьню «Вы все в моем доме». У гэтым жа годзе запісаны акустычны выступ Шаўчука і Мікіты Зайцава ў менскай Філярмоніі, прымеркаваны да 10-годзьдзя гурта.

23 красавіка 1991 году прайшло мерапрыемства «Музыкі сьвету — дзецям Чарнобыля», грандыёзны зборны канцэрт, у якім акрамя «ДДТ» бралі ўдзел гурты Eurythmics, Echo & The Bunnymen, «Машина времени», «Калинов мост», Ulis, Ігар Талькоў ды іншыя. Удзел у дабрачынных мерапрыемствах для «ДДТ» быў і застаецца адметнай рысай, і можна быць упэўненым, што тое робіцца ад усяго сэрца.

Пазьней «ДДТ» наведваўся ў Беларусь рэгулярна, у асноўным у Менск, раз пораз былі канцэрты і ў абласных гарадах. Па сьведчаньнях удзельнікаў гурта менавіта ў Менску яны як-нідзе хораша адыгралі праграму «Это всё» (1994), частка запісанага на канцэрце матэрыялу стала асновай для альбома «Рожденный в СССР».

Лёсы некалькіх беларускіх гуртоў перакрыжоўваліся з DDT. У пэўнай ступені Шаўчук даў штуршок «Троіцы», якая толькі пачынала кар’еру. Пасьля праслухоўваньня дэма-запісаў беларусаў, лідэр «ДДТ» запрасіў музыкаў на сумесны канцэрт (1996), потым у Піцер на фэст «Песьні XX стагодзьдзя». Сяргей Шапран так апісваў той выступ у часопісе «Fuzz»: «Нягледзячы на тое, што вядучым фэсту быў Алег Гаркуша, Юры Шаўчук сам выйшаў абвяшчаць «Троіцу». І ўжо падчас адной зь песень ня вытрымаў, выскачыў на сцэну ды пусьціўся ў скокі. Пасьля ўжо расейскія журналісты акружылі „Троіцу“ ды распытвалі хто яны такія…» Тыя шаманскія танцы Шаўчука адбываліся, дарэчы, пад песьню «Яблынь мая». Дзякуючы лідэру DDT на дзень пазьней беларускі этна-гурт трапіў у «Праграму А» на РТР.

Не застаўся без увагі і гурт Neuro Dubel. Кульлінковіч і кампанія на фэсьце «Балтийский берег — 98», акрамя Прыза глядацкіх сімпатыяў, атрымалі спэцыяльны прыз ад Леніградзкага рок-клюбу і гурта «ДДТ».

У час свайго прыезду у Беларусь у 90-я Шаўчук намагаўся знайсьці час, каб наведаць Веніяміна Блажэннага (Айзенштата), да якога ставіўся зь вялікай павагай і піетэтам. Прызнаны толькі прыканцы жыцьця, народжаны на Віцебшчыне паэт зрабіў вялікі ўнёсак у разьвіцьцё рускага вэрлібру; яго нахвальваў Пастэрнак і Таркоўскі. У 1995 годзе пры падтрымцы Шаўчука выйшла кніга Блажэннага «Сораспятье», а ў 1999 годзе Шаўчук здымаецца ў дакумэнтальным фільме рэжысэра Сяргея Галавецкага «Вениамин Блаженный», дзе выступае суразмоўцам галоўнага героя. У гэтым жа годзе Блажэнны пойдзе ў іншы сьвет.

Што да паэзіі самога Шаўчука, то бадай што першыя пераклады зьявіліся ў часопісе «Дзеяслоў» № 69 за 2014 год. Некалькі яго тэкстаў пераклала Вольга Гронская.

Юры Юльянавіч вялікі аматар ня толькі пасьпяваць, але і пагаварыць. У сваіх прамовах раз-пораз ён дзяліўся ня толькі сваімі філязофскімі развагамі пра любоў, уладу і папсу, але закранаў і беларускае пытаньне.

«У вас людзі працаўнікі, добрыя людзі. Я ня буду крычаць, што люблю беларускую дзяржаву, язык не павернецца. Але пра людзей нічога кепскага не скажу. Мне падабаецца, што шмат хто мае працоўнае сумленьне. У расейцаў ляноты, пафігізму і прагі халявы куды паболей. У нас надта шмат спакусаў: у нас нафта, газ, усе карысныя выкапні, і ад гэтай дуры ды тлушчу, што прэ зь зямлі і паўстаюць спакусы… А Беларусь ня мае нафты і газу, так што даводзіцца пахаць ды сеяць», — казаў Шаўчук.

У сваіх інтэрвію ён засьцерагаў Беларусь ад інтэграцыі з Расеяй, заклікаў беларусаў не забывацца на сваю мову, часта згадваў пра Васіля Быкава, якому прысьвяціў песьню.

Шаўчук распавядаў, што песьню «Пластун», запісаную і выдадзеную яшчэ ў 1991 годзе, ён вырашыў прысьвяціць Васілю Быкаву, калі пачуў па тэлевізары пра яго сьмерць. Абіраў між «Прекрасной любовью» і «Пластуном». Спыніўся на другой, бо Быкаў быў франтавік, баец ды воін.

«Быкаў валодае вялікай унутранай свабодай, якую і мне хацелася бы ня страціць. Гэта надзвычайны чалавек! Мне заўжды падабаліся людзі, якія не хадзілі шыхтом. Людзі, якія думалі інакш», — сказаў ён у адным з інтэрвію і потым яшчэ неаднойчы згадае пра беларускага пісьменьніка, як вялікага аўтарытэта. Лідэр DDT будзе імкнуцца падчас кожнага прыезду ў Менск наведаць магілу пісьменьніка і пазнаёміцца з Ірынай Міхайлаўнай Быкавай.

На канцэрце на менскім «Дынама» ў 2003 годзе Шаўчук выканае куплет «пра Бацьку», які «едет по стране, а мы по-прежнему в…» У арыгінале вялося пра Пуціна, але дзеля такой нагоды музыка вырашыў падкарэктаваць словы. Тады гледачы зашапталіся — ці ня будзе прыезд DDT у Менск апошнім. Але піцерскаму гурту шлях у Беларусь перакрылі трошкі пазьней. Пасьля сустрэчаў зь «няправільнымі» кандыдатамі ў прэзыдэнты, «няправільных» выказваньняў па тэме выбараў, «няправільнай» рэакцыі на Плошчу і падтрымку «няправільных» беларускіх музыкаў ды палітыкаў.

Паэта Ўладзімера Някляева Шаўчук называе добрым знаёмым, незадоўга да выбараў-2010 яны сустрэліся ў Пецярбургу, беларускі літаратар падпісаў расейскаму музыку сваю кнігу. Калі пасьля разгону Плошчы некалькі дзён лёс Някляева быў невядомы, Шаўчук напісаў адкрыты ліст, дзе выказаў сур’ёзную занепакоенасьць з нагоды затрыманьня беларускіх апазыцыянэраў. Пасьля Шаўчук яшчэ неаднойчы падтрымае беларускіх палітвязьняў.

З таго часу зорка «Юры Шаўчук» мінала нас. Беларусь не пабачыла вялікі тур DDT, прысьвечаны 1020-годзьдзю хрышчэньня Русі. І не даведаліся як можа быць «Иначе» — такі назоў мела перадапошняя студыйная праца і канцэртная праграма DDT. Толькі цяпер мы адчулі павеў «Юго-Западного ветра» — прарочае песьні, пра кроў, якая закіпае на брані…

Першыя за шэсьць гадоў канцэрты DDT пройдуць у Беларусі з 20 да 26 лютага 2015 году. Музыкі прадстаўляюць праграму «Прозрачный», поўную сьвятла і любові… Піцерцы вязуць новыя і найлепшыя песьні, а таксама шоў эўрапейскага ўзроўню ў Віцебск, Гомель, Берасьце і Менск. Ладзяць тур Палац рэспублікі разам з канцэртнай агенцыяй «Воздух» з Расеі. Прадусар беларускага туру Максім Мазуроўскі перакананы, што на ўсіх канцэртах будуць аншлягі і распавядае, што гурт бярэ значную частку гукавой і сьветлавой апаратуры з сабой, каб забяспечыць паўнавартаснае шоў. Шаўчук заўжды надзяляе таксама ўвагу даступнасьці квіткоў. Яны ўжо ў продажы, кошт пачынаецца ад 290 000 руб.

Міхал Бараноўскі, Сяргей Будкін, Tuzin.fm

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях