18 апреля 2024, четверг, 6:45
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Сумленне грамадства

15
Сумленне грамадства

Царква не можа быць па-за дзяржаваю, гэтак жа сама як і спорт не можа быць па-за палітыкаю.

Ці не ўвесь свет сочыць гэтаю зімою перадусім за Ўкраінаю. І мы з жонкаю сочым, і мы за ўкраінскі народ молімся. Шмат што ва Ўкраіне ўзрушвае і натхняе, неша прымушае стагнаць, іншае – радавацца. І вось што вельмі ўсцешвае мяне, дык гэта пазіцыя Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы, якая і духова і фізічна – на Майдане. Не магчыма не падумаць: Божа, як жа мы далёкі ад гэткага, сапраўднага хрысціянства?! як жа рабалепныя патрыярхі Беларусі і Расеі далёкі ад незалежных патрыярхаў Ўкраіны?!

Гледзячы на Ўкраіну я чарговы раз пераконваюся, што царква не можа быць па-за дзяржаваю, гэтак жа сама як і спорт не можа быць па-за палітыкаю. Можа камусці і хацелася б адваротнага, але жыццёвыя рэаліі гэткія: царква – не проста адна з частак дзяржаўных істытуцыяў, а адна з самых галоўных частак. І пытанне зусім не ў тым, “па-за дзяржаваю” царква, ці – “у дзяржаве” – гэта ўсё пустыя словы. Пытанне толькі ў тым, якую пазіцыю займае царква ў дачыненні да грамадзка-палітычных працэсаў дзяржавы, у дачыннені да валадароў гэтай дзяржавы.

Гледзячы на праведнае ўкраінскае праваслаўе, я чарговы раз пераконваюся ў не мною прыдуманай ісціне: місія царквы – быць сумленнем грамадства. Хто б ні рабіў зло, хто б ні паводзіў сябе небіблійна – будзь тое цар, будзь тое апазіцыянер – абавязак царквы такія дзеянні публічна асуджаць, публічна заклікаць да пакаяння.

Для тых жа, хто РПЦэшнымі важакамі праваслаўя згаршаецца ў хрысціянстве, я хачу сказаць: не верце ім – яны не маюць нічога агульнага з хрысціянствам, яны гэтак жа далёкі ад Хрыста і Бібліі, як і праваслаўны атэіст са Шклова, як і праваслаўны ФСБэшнік з Піцера, як і праваслаўны ўрка з Данецка.

У пацверджанні гэтай сваёй пазіцыі я заўсёды прыводжу Яна Хрысціцеля, каторага Сам Ісус Хрыстоў назваў “самым вялікім паміж народжаных жанчынамі” (Мацьвея 11:9). І вось яго – ісамага вялікага сярод народжаных жанчынамі – цар Ірад садзіць у турму, а потым адсякае галаву. За што? За тое, што, як кажа Біблія, Ян Хрысціцель – самы вялікі між народжаных – дакарае Ірада за незаконную жонку Ірадыяду “і усе іншыя беззаконні” (Лукі 3:19).

А ці можам мы сабе ўявіць, каб “ісцінна веруючыя” іерархі РПЦ дакаралі ўладумаючых за неафіцыйных “жонак” і усе (усе!) іншыя злачынствы? Не, не можам уявіць: на адну жонку Саня дэкларацыю у ЦВК падае, а з другою дзяцішак штампуе – і ўсё нармалёк, і на табе медалёк за ўклад у “духовае адраджэнне” (Саня – шэсць праваслаўных ардэноў/медалёў, Валодзік троху не дацягнуў – пяць, Віцёк таксама падкачаў – толькі пяць РПЦэшных ардэнкоў зарабіў).

Калі ёсць рэлігійнікі, для каторых Ян Хрысціцель – не аўтарытэт, можна ім прыгадаць словы і Самога Сына Божага, каторы на пагрозы ад таго ж Ірада заявіў: “Ідзіце і скажыце гэтаму лісу, вось Я…” (Лукі 13:32). Гэта падаецца толькі мне ці і вам таксама: не вельмі паліткарэктная заява цару, ці не так?

А ці можам мы сабе ўявіць, каб іерархі РПЦэшнага праваслаўя публічна заявілі царам нашым: ідзіце і скажыце гэтаму лісу… – можам? Не, “нашыя” толькі поўзаць (на зразумелай ім мове: пресмыкаться) перад царамі могуць.

Няўжо не задумваліся яны над тым, чаму “богабаязны рускі народ” пачаў у 17-ым крышыць праваслаўныя цэрквы і страляць святароў? (Не кітайцаў жа завозілі бальшавікі для рэлігійнага вандалізму і не “адступнікаў ад ісцінае веры” з Захаду, а свой, рускі мужык скідаў званы, рэзаў папоў.)

Прычына толькі адна (і яе ўсяляк абыходзяць праваслаўныя ідэолагі РПЦ), якая палягае ў тым, што расейскае праваслаўе злілося з уладумаючымі і любую палітыку уладумаючых падбтрымоўвала, заклікала ёй падпарадкавацца. Вынікі, да якіх прывяла такая рэлігійная дагматыка, усе мы ведаем. Аднак расейскае праваслаўе дагэтуль не робіць ніякіх працаў над памылкамі, дагэтуль РПЦ са сваімі філіямі ў Беларусі і Ўкраіне падтрымоўвае злачынцаў ва ўладзе, дагэтуль пазабыўшыя Біблію іерархі заклікаюць цёмны народ упакорыцца, падпарадкавацца, служыць – і злачынцам ва ўладзе, і самаабвешчаным правадырам.

Няўжо ж РПЦэшныя “вернікі” не разумеюць, у якой ступені яны дыскрэдытуюць сваю царкву? Ну што ж, прыдзе час – і народ у праведным гневе сваім унясе тлумачэнні. Не, няхай ніхто не падумае, што званы буць скідаць, але ад рабалепнага праваслаўя, у большасці сваёй, адыдуць. Стварэнне незалежнай беларускай Царквы гістарычна непазбежна. Той царквы, якая будзе сумленнем грамадства.

Змiцер Дашкевiч, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 15

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях