19 апреля 2024, пятница, 23:12
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Мяса

14
Мяса

Колькі пройдзена камер, колькі пераезджана этапаў… Не палічыш. І паўсюль ты бачыш адно і тое ж – гвалт. Гвалт і над целам чалавечым, і над душою.

Прывыкнуць да гвалту цяжка, але можна. Можа гэта і не правільна, але такая ўжо прырода выхаванага на нашых шыротах чалавека – прывыкаць. Таксама можна гвалт і зразумець. Як бы гэта не гучала дзіка. Толькі вы мяне пачуйце, я гавару “зразумець” у значэнні “асэнсаваць” – разабраць ягоныя прычыны. Вось, напрыклад, у маім выпадку. Я разумею, што для існага злачыннага рэжыму, я – адзін з тых, хто прэтэндуе на тое, каб гэты рэжым зрынуць. Таму злодзеяў у законе не абмежаваныя амаль нічым у сваім жаданні і “праве” мяць мне рэбры ў аўтазаке, закоўваць у кайданы, закідваць на падлогу машыны і, паставіўшы на мяне ногі, задаволена сабе ехаць.

А як зразумець – то бак, асэнсаваць – прычыны, па якіх злодзеі у пагонах гэтак жа ці яшчэ горш, адносяцца да іншых – ці тое пастаянных арыштантаў, ці тое звычайных старонніх людзей, каторыя выпадкова трапляюць у іхнія лапы – як гэта ўкласці ў схему: вораг – свой?

Вось, перада мною Санёк – інвалід III групы, пасля інсульта, з непрацуючай рукой. Саньку выпісалі 7 сутак паўтара гады таму, але па стане здароўя ён іх не дасядзеў – з сутак забралі ў шпіталь. Пасля ў яго адмовіла рука і ён апошні год праездзіў па шпіталях, дзе яму паставілі III групу, хаця там уся II павінна быць – непрацуючая. Бяда Санька ў тым, што ён любіць бухнуць.

- Навошта ты п’еш, Шурык? – запытаў я ў яго. – З такім-та як у цябе здароўем.

- Ты ведаеш, вып’ю – і жыццё лепей быццам бы: і весялей, і лячыцца ўжо не трэба, і не заганяешся тым, што ў 39 – ты калека, які нікому не трэба.

Участковы знайшоў Санька дома і прапанаваў яму дасядзець суткі. Санёк адмовіць ня мог. Яго забралі ў РАУС, дзе з раніцы да вечара ён сядзеў на бетоннай лаве стакана. Увечары яго прывезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП). ЦІП, бачучы, што чалавек зусім ніякі і суткі можа не выцягнуць, яго не прыняў – небараку павезлі назад у РАУС. Участковы дапрацаваў дакуманты – узяў выпіску са шпіталя, што суткі Саня можа браць смела – ня здохне (а калі здохне – туды, відаць, і дарога). І вось Санька ізноў прывозяць у ЦІП і, прыняўшы-такі, заводзяць у нашую камеру.

Калі я яго ўбачыў, я адурэў: ледзь гаворырь, бо пасля інсульту, рука не працуе, галава трасецца. Вар’яцтва ж сітуацыі не толькі ў тым, што такога пасадзілі, але і ў тым, што пры змяшчэнні ў ЦІП забралі ў яго мыла, зубную пасту, кавалак хлеба з мясам. Хаця ў іхнім жа законе, які каля іхняй жа “дзяжуркі” вісіць, чорным па белым напісана, што можна мець з сабою ў камеры і мыла, і пасту, і кавалак хлеба. І вось я пытаюся: для чаго ў чалавека, калі вы яго садзіце, забіраць мыла і кавалак хлеба? Калі перад тым вы яму двое сутак не давалі мыцца і есці – гэта кім трэба быць, каб такое ўчыняць?

Перада мною Валодзя – малады хлопец, каторы мае свой невялікі бізнес. Заехаў у камеру ён пры касцюмчыку, у паліто. Да Валодзі падышлі а 2 ночы ля рэстанарана ў Лошыцы, дзе ён і жыве, пару малодзенька-борзых срочнікаў і пытаюць у сваёй борзенькай манеры: “А што вы тут стаіце ў нецвярозым выглядзе?” Валодзя шчыра здзівіўся: “Вось скажыце, а я павінен у цвярозым выглядзе стаяць ля рэстарана?” Не пачуўшы неабходнага ім “лізаблюдскага” тону, “блюсціцелі парадка” абурыліся і прапанавалі Валодзе праехаць. Тут ужо абурыўся ён сам і папрасіў скласці рапарт на месцы, каб ён ведаў за што і куды яму ехаць. Вынік прадказальны для Беларусі – з крыкамі “Ты што самы разумны, падла?!” Валодзю скруцілі, апранулі кайданы, напісалі рапарты за мацяршчыну і супраціў, завезлі на суд і, як самаму разумнаму, далі 15 сутак.

Вось Валодзя ходзіць па камеры, цярэ парэзаныя кайданамі рукі і абкладвае на чым свет стаіць беларускую дзяржаву, і ейных “ахоўнікаў парадкаў”. І вось я запытваю, якая карысць дзяржаве садзіць на паўмесяца працаздольнага чалавека, каторы плаціць немалыя падаткі і забяспечвае працаю некалькі сямей? Для чаго фальсіфікаваць пратаколы на інтэлігентнага выгляду маладога хлопца, каторы калі і ўжыў алкаголь, але абсалютна сябе кантралюе і цвёрда стаіць на нагах? Ды і ўвогуле смешна-дэбільная выходзіць сітуацыя: гоніць тысячамі тон гарэлку дзяржава, і сама ж піць яе забараняе.

Прыкладаў такіх можна прыводзіць бясконца. Ды што тут казаць, ці не кожны з нас сутыкаўся з фальсіфікацыямі міліцэйскімі і судовымі? Ці не кожны быў спынены дзе-небудзь гэтымі борзымі малакасосамі тэрміновай службы, якія нацапіўшы міліцэйскія лычкі рыскаюць па трое і шукаюць да каго дакалупацца? А як кажа савецкая мудрасць: быў чалавек, а артыкул знойдзецца.

Але як можна зразумець гэтую логіку сістэмы? Як разабрацца, дзе тут выгоды для дзяржавы?

Выгады, насамрэч, тут ніякае быць не можа, як не можа быць і логікі. Апроч толькі адной: мы для гэтага рэжыму – нечалавекі, мы для ўладутрымаючых – біаарганізмы, над якімі можна рабіць усё, што заўгодна. Мы – кожны, хто ня ёсць прадстаніком іхняй зграі – мы для іх проста мяса, у іхнім жывёльным разуменні чалавека, не як таго, хто створаны Богам на Ягоны вобраз і падабенства (Быццё 1:25), а як раба, якому толькі з ласкі ўладу трымаючых дазваляецца дыхаць і хадзіць па зямлі.

У Салжаніцына, у ягоным Архіпелагу-ГУЛАГу, які распавядае пра жыццё рабоў у такой жа як і наша сістэме, апісана жахлівая, але паказальная сітуацыя. Пры затрыманні людзей вазілі ў аўтазаках, на бартах якіх былі прыгожымі і роўнымі літарамі выведзеныя словы: “хлеб”, “мяса”. Каб у дадатак да усяго, кожны жыхар Масквы і госць сталіцы імперыі радаваўся і дзівіўся гэткаму заможнаму жыццю ў турме народаў. І вось з тых людаедскіх часоў нічога не змянілася: мы для іх мяса, проста мяса, з якім яны маюць (іхняе жывёльнае) права рабіць усё, што толькі заўгодна.

Таму і я прапаную, дзеля таго, каб паспаліты жыхар нашага хрустальнага сасуда і кожны госць хакейнага чэмпіянату радаваўся эканамічнаму дабрабыту краіны дажынак, абазначыць на кожным аўтазаку тое, што ў ім возіцца, напісаўшы на бартах гэтае дзіўнае слова: “Мяса”, якое будзе абазначаць не прадукт харчавання, а тую істоту пра якую забылі (якая забыла?), што створана яна на Божы вобраз і Ягонае падабенства.

Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 14

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях