29 марта 2024, пятница, 10:18
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Мёртвыя душы

10
Мёртвыя душы

Не, раней такога не было. Раней было хаця б нешта ад мужчыны ў таго мусар’я. Было вось як.

Калі я прыходзіў на нейкую несанкцыянаваную акцыю, да мяне абавязкова падбягаў намеснік начальніка райаддзела, на тэрыторыі якога адбывалася забурэнне, і ў рупар агучваў: “Дашкевіч, я вас папярэджваю, што акцыя несанкцыянаваная. У выпадку яе правядзення, вы будзеце затрыманы”. І, насамрэч, у выпадку, калі б я дадумаўся акцыю не праводзіць, тым вечарам я б спакойна, як і кожны паспаліты жыхар сталіцы нашай Радзімы, хадзіў бы па праспекце і дыхаў бы вольным паветрам. Але я ніколі не мог дадумацца, каб не праводзіць несанкцыянаваную акцыю – і таму, “законна”, тым вечарам катаўся па праспекце сталіцы нашай Радзімы ў аўтазаку.

Больш за тое, у тую далёкую эпоху міліцыя не толькі заўсёды чакала, пакуль ты пачнеш несанкцыянаванае мерапрыемства, але, таксама, у большасці выпадкаў, пакуль ты яго правядзеш. Тады ўжо толькі, пры наяўнасці процьмы фактуры, цябе бралі пад белы ручкі, складалі пратаколы за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве – і ўзнагароджвалі 15-суткавым адпачынкам.

Гэтак было недзе да 3-га антыканстытуцыйнага перавароту (рэферэндума 2004 года), калі Гарант бясчынстваў атрымаў права бясчынстваць бязмежную колькасць пяцігодак. І я мяркую, што 2004-ты стаўся своеасабліваю вяхою, пасля якой пятля на шыі беларусаў пачала сціскацца з падвойнаю сілаю.

Уявіць сабе ў тыя часы, што яшчэ да акцыі вяжуць усіх каго толькі можна, і нават акрыдытаваных журналістаў, а замест пратаколаў за ўдзел ў несанкцыянавай акцыі складаюць пратаколы за мацяршчыну – уявіць сабе ўсё такое было немажліва.

Безумоўна, выключэнні бывалі. Адну з такіх яскравых гісторыяў я вам распавяду. Недзе ў годзе 2003-2004 затрымалі нас са Змітром Каспяровічам уначы на праспекце тады яшчэ Скарыны – 14 траўня, у гадавіну першага антыканстытуцыйнага перавароту 1995 года, мы лазілі па дахах будынкаў і вывешвалі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. Па затрыманні на нас склалі рапарты за мацяршчыну і раніцою накіравалі ў суд Савецкага раёна. Справу разглядаў суддзя, як зараз памятаю, Казадаеў, каторы, пачытаўшы пратаколы, глянуў на мяне і пытае:

- Што скажаце?

- Што ж тут казаць? – разводжу рукамі я. – Ахінея ўсё гэта поўная. Вы ж ведаеце, я апазіцыянер, калі і хаджу па праспекце, дык не дзеля таго, каб лаяцца, а толькі каб прымаць удзел у несанкцыянаваных акцыях. Гэтай ноччу я вывешваў бел-чырвона-белыя сцягі – і калі я гэтым парушыў іхні закон, няхай так і пішуць, а не гэтую ерась: ішоў а 2 ночы, лаяўся расейскім матам, на просьбы скончыць супрацьпраўныя дзеянні не рэагаваў.

Казадаеў незадаволена паглядзеў на мяне з-пад ілба, і я падумаў, што ўсмажыць усе 15. Але ён гаркнуў на дзверы, адтуль выбег мусарок, які атрымаў свае рапарты назад на рукі з загадам перапісаць тую хлусню.

Гэта было год толькі 10 таму. А ці можаце вы сабе ўявіць такое цяпер? Можаце ўявіць, каб міліцыя чакала пачатку ці сканчэння акцыі? Ці каб суддзя высылаў начальнікаў РАЎСаў з іхнімі фальсіфікаванымі пратаколамі? Дык гэта проста нейкая казка! – скажаце вы. – І казка пра іншую краіну. Не магу з вамі не пагадзіцца – абсалютна пра іншую.

І вось вы падумайце, да якой дасканаласці шліфуецца рэпрэсіўны механізм беларускага рэжыму. Уявіце, як крок за крокам зачышчаюцца апошнія выспы праўды, якія яшчэ маглі там-сям заставацца ў карным, злачынным апараце Гаранта бясчынстваў.

Цяпер ужо за норму, калі кожны раз, калі ты прыходзіш на акцыю, на цябе складаюцца пратаколы са стандартнымі фармулёўкамі: “лаяўся матам, на неаднаразовыя заўвагі спыніць супрацьпраўныя дзеянні не рэагаваў, пры просьбе прайсці ў райаддзел аказваў супраціў”. Цяпер ужо за норму, калі яшчэ нават да пачатку акцыі аўтазак забіваюць перш-наперш журналістамі. Цяпер і ў дзіўным сне не ўявіць сабе, што ў беларускім “судзе” застаўся хоць адзін не прадаўшы душу д’яблу суддзя, каторы можа выкінуць сфальсіфікаваны на цябе пратакол.

Пасля таго, як пачалася новая эпоха айчыннай дыктатуры, я яшчэ спрабаваў нешта там даказваць, заклікаў у РАЎСах і судах да нейкай логікі, апеляваў да нейкага сумлення. А потым спыніўся на наступнай біблійнай ісціне:

“Не давайце святога сабакам і ня кідайце перлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разарвалі вас” (Эвангельле паводле Мацьвея 7:6).

І я тады падумаў, а чаму я павінен сабакам гэтым даваць святое і перад імі, свіннямі, кідаць перлы Божае ісціны? Для таго, каб яны капытамі сваімі тапталі гэтую ісціну ў гноі? Не, я вырашыў да сумлення свінячага не заклікаць – гэта няўгодная Госпаду справа. Над сабакамі і свіннямі, якія топчуць святое, можна толькі адно рабіць – абвяшчаць суд. І я для сябе такое рашэнне прыняў.

- Вы пацвярджаеце, што я пры затрыманні лаяўся матам і супраціўляўся? – запытаў я ў першага сведкі – маладога хлопца, каторы, відаць, з самага войска – і ў АМАП адразу, у “абаронцы” правапарадку.

- Так, – хітнуў ён галавою. Але, як падалося мне, не вельмі ўпэўнена.

- Тады я запытваю вас пад уладаю Божаю, вы разумееце, што гэтымі ілжэсведчаннямі прадаеце душу сваю Сатане? – цвёрда расстаўляючы націскі і гледзячы ў самыя вочы амапаўца запытаў я.

- Не, не разумею, – ці не спуджана адказаў той.

- Дык я вам абвяшчаю пад Божаю ўладаю, што ілжэсведчаннямі сваімі вы прадаеце душу Сатане. Падумайце пра гэта. І пакуль не позна, здымайце гэтую злачынную форму ды бяжыце.

- Добра, я падумаю, – хітную хлопец ужо з жахам у вачох. Выходзіў з памяшкання ён імкліва, чырвоны і апусціўшы галаву.

- Вы пацвярджаеце, што пры затрыманні я лаяўся матам і супраціўляўся? – задаў я тое ж самае пытанне другому сведку – амапаўцу гадоў 30, ужо абцёртаму ў судах, пра што сведчыў ягоны упэўнена-нахабны лыч.

- Так, – сказаў тое адзінае, што толькі мог ён сказаць, але, у адрозненне ад першага прамовіў гэта спакойна і нават з усмешкаю.

- Тады я запытваю вас пад уладаю Божаю, – працягваў я сваю лінію, – вы разумееце, што гэтымі ілжэсведчаннямі прадаеце сваю душу Сатане? – І так я захапіўся ў духу, што быў перакананы, што і гэтага цяпер калі і не раскаяцца прымушу, дык хаця б саб’ю з панталыку. Але адказ ягоны збіў з панталыку мяне самога.

- Так, разумею, – адказаў той абсалютна спакойна і ўпэнена.

Ва ўкраінца Гогаля, з каторага паўстала ўся расейская літаратура, Чычыкаву прадавалі мёртвыя душы, але калежскаму саветніку і не снілася, што на славянскіх шыротах паўстануць мёртвыя душы, якія будуць прадаваць самі сябе.

Сыходзячы з гэтага, па маім перакананні, дзейнічае ужо толькі адно правіла жыцця: чым горш, тым лепш. Чым больш неадэкватнай і ілжывай становіцца сістэма зладзеяў, тым меншаю будзе багна з пафігістаў і ўстрымаўшыхся.

Калі год яшчэ 10 таму многія маглі уціраць, што мы абавязаны падпарадкоўвацца любому супрацоўніку, бо ён – прадстаўнік закону; калі раней любы суддзя мог сказаць: закон мо і кепскі, але ён – закон; калі раней нават сапраўды веруючыя ў Хрыста маглі даказваць, што Самазванец ледзь не самога Госпада стаўленнік – то цяпер што ім казаць? Што ім уціраць, калі быццам бы “прадстанікі закону”, фальсіфікуючы ўсё направа-налева, ёсць самымі першымі беззаконнікамі і зладзеямі? Што гаварыць, калі суд можа асудзіць за мацяршчыну і глуханямога? Што ім даказваць, калі той, хто быццам бы “ад Бога”, сам абвяшчае, што, загадваючы фальсіфікаваць выбары, з’яўляцца Бацькам усёй беларускай хлусні?

“Ваш айцец д’ябал, і вы хочаце выконваць

жаданні бацькі вашага. /…/ Калі ён хлусіць, кажа ад сябе, бо ён ілгун і бацька ўсялякай

хлусні” (Эвангельле паводле Яна 8:44).

Канешне, прасвятлеюць не ўсе. Будуць выключэнні і тут, але гэта толькі тыя, якія канчаткова прадалі душы свае Бацьку ўсялякай хлусні – Сатане. Такім людзям ужо ніхто, ніколі і нічога не дакажа. Гэтыя будуць змагацца за бесаўскую ўладу любымі ім даступнымі метадамі – і фальсіфікацыямі пратаколаў, і снайперскімі вінтоўкамі.

Маразм павінен дасягнуць нейкага свайго апагея, улада беззаконнікаў павінна стацца неадэкватнаю абсалютна, ілжывыя душонкі міліцыянтаў і суддзяў павінны быць апанаваныя Сатаною да рэшты – каб у тых, хто яшчэ не страціў мажлівасць думаць, уключыліся мазгі; каб тыя, хто яшчэ не канчаткова аслеп, сталіся відушчымі; каб тыя, хто яшчэ можа вырваць сваю мёртвую душу з лап Бацькі беларускай/усялякай хлусьні, вырваў яе і ажывіў. Як той сьведка, каторы сказаў мне: “Я падумаю”.

Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 10

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях