28 марта 2024, четверг, 20:34
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Выбар Свабоды

4
Выбар Свабоды

Народ Украіны перамог. Страты вялікія. Але мір і спакой пакуль яшчэ далёка.

Колькі дзён і начэй будзе доўжыцца навязаная пуцінскім рэжымам вайна, не ведае ніхто. Але ў мінулую нядзелю адбылося тое, што адбылося, – краіна здзейсніла свой выбар. Крамлёўская прапаганда страціла імгненна свой галоўны козыр. Нібыта ў Кіеве кіруе хунта. Расійская страшылка пра злых бандэраўцаў загадала доўга жыць.

У мінулую нядзелю згаслі шмат якія міты часоў позняга саўка. Найперш ляснула байка пра тое, што сапраўдны выбар – гэта абавязкова незаменная асоба з ягонай усім абрыдлай чэляддзю. А да іншых варыянтаў сучасны постсавецкі чалавек пакуль што не дарос. І тыя, хто пры пасадзе, павінны дапамагчы народу ўсвядоміць гэту ісціну. Бо ён, народ, яшчэ занадта цёмны і самастойна вырашаць свой лёс няздатны. А таму правадыр з залатым батонам або драздовец з атачэннем – гэта назаўсёды. Лепшага выбару няма і быць не можа.

Украіна перакрэсліла ўсе гэтыя легенды. Пакуль народ жыве, выбар у яго ёсць. І найлепшы з усіх – выбар свабоды. Ёсць над чым падумаць. У тым ліку і нашай сціплай апазіцыі, якая ўжо рыхтуецца ў чарговай выбарчай кампаніі да ролі пакрыўджанага статыста, якому не даюць хады. І свае, і чужыя. А то як жа – усе нашы беды ў адсутнасці адзінага кандыдата. Без яго ніякай перамогі быць не можа. Выбарцы не ведаюць, на каго арыентавацца. А вылучыўся б хтосьці адзін ад апазіцыі – тады ўжо зусім іншая размова.

А колькі іх было, тых кандыдатаў, ва Ўкраіне? Каля дваццаці. І нікому тое не зашкодзіла. Народ зрабіў свой выбар ужо ў першым туры. Час мяняецца надзвычай хутка. Канцэпцыі, у тым ліку і выбарчыя, старэюць імгненна. І хто не паспявае змяняць стратэгію і тактыку, непазбежна апынецца ў кагорце пакрыўджаных. А мы ўсё яшчэ спрабуем дзейнічаць па старых схемах. Ва ўмовах поўнай адсутнасці выбарчага працэсу чакаем перамогі. І калі не можам дачакацца, вінавацім усё таго ж адзінага.

Чакайце, ён жа быў ў 2001 годзе. Ды яшчэ які! Былы наменклатуршчык, прафсаюзны нібыта лідар. Памятаеце тую плошчу? Маўклівую, нешматлікую. Пад халодным восеньскім дажджом. Дык чаму ж тады не перамаглі? І чаму гэта заскарузлая ідэя нам дапаможа нам у наступным годзе?

Для Украіны мінулыя выбары вызначылі не толькі прэзідэнта, прызнанага цывілізаваным светам. Гэта быў яшчэ і выбар курсу краіны. Куды ісці – на Захад ці на Ўсход? Вызначыцца было зусім не проста. Пачалося усё яшчэ з Майдану. Менавіта ў тыя марозныя ночы і дні рубам паўстала пытанне выбару.

Украіна – не Расія. Гэта было вядома даўно. Беларусь – не Украіна. Гэта стала відавочна ў апошнія дні. Выбары ўкраінскія і тутэйшыя ніякага падабенства не маюць. Украіна выбірае свой адметны шлях у жыцці. А мы выбіраем па старой правінцыйнай завядзёнцы добрага цара. І ўсе свае праблемы давяраем яму аднаму.

А таму на выбарах наступных рэальнай канкурэнцыі не будзе. І ўжо да драбніц вядома, які адсотак галасоў сабе прыпіша ўсё той жа нязменны кандыдат. Няма інтрыгі. І выбараў няма. Каб яны былі, неабходна ўсім вядомая ўмова – вольны народ. Мы, на вялікі жаль, даўно не еўрапейцы. Марна цешыць сябе старымі мітамі. Мы – грамадства пакорлівых і памяркоўных. Чаго хацелі, таго і дамагліся. Гэта быў наш выбар. На доўгія гады.

Шлях Украіны ў новую рэальнасць простым быць не можа. Занадта шмат у яе сёння заклятых ворагаў і звычайных ненавіснікаў. Яна парушыла ўсе імперскія планы Крамля. І еўрапейскі выбар ёй Расія не даруе. Адарваць у суседзяў добры кавалак тэрыторыі – гэта ж даўняя традыцыя. І якой бы ні была чарговая агрэсія, яна заўсёды знойдзе падтрымку значнай часткі расійскага насельніцтва. Пуцін гэта добра ведае. Выбар Украіны ён прызнае. Але тое не будзе сведчаннем карэннай змены ўсёй палітыкі ў дачыненні да суседзяў. У ягоным рукаве прыхавана яшчэ шмат надзейных козыраў. І ён іх скарыстае.

Выбары прайшлі. Праблемы засталіся. Зусім не простым будзе жыццё народа Украіны ва ўмовах неабвешчанай вайны. Калі яна скончыцца і ці скончыцца ўвогуле – пакуль яшчэ нікому не вядома. Але што значаць усе гэтыя нягоды ў параўнанні з той надзеяй, якой жыве сёння Украіна? А ўсё астатняе залежыць толькі ад працавітасці, цярплівасці і мудрасці народа.

І таму ёсць усе падставы гаварыць пра перамогу. Не, не заўчасную. Сапраўдную. Украіна пакутліва і цяжка выходзіць з постсавецкага балота. А для нашай краіны той выхад на дарогу – яшчэ ў далёкай перспектыве. Сапраўды, чаго спяшацца? У балоце добра. Цёпла і ўтульна. Толькі што адсвяткавалі вялікі хакей. П’янствам і загулам здзівілі свет. А наперадзе – зноў бясконцыя святы. І між імі адметнае - дваццацігоддзе з таго векапомнага дня, калі ў занядбаным саўгасе знайшлі сабе правадыра. За юбілеем – юбілей. Як тут не напіцца? А там і не заўважыш, як надыдуць ягоныя ж выбары.

Цудоўна жыць у краіне, дзе ўсё вядома загаддзя.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях