19 марта 2024, вторник, 8:02
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Бацька і сын

9
Бацька і сын
Зміцер Дашкевіч

Зараз Беларусь пераходзіць зусім у іншую эпоху.

На прысязе, якую маладафронтаўцы ганарова прымалі на сьвяткаваньні 95-ых угодкаў “Слуцкага Збройнага Чыну”, многія са зьдзіўленьнем убачылі і падлеткавую моладзь і тую моладзь, маладосьць якой прайшла ў 90-ых.

“Пакаленьне “Маладога Фронту” – пісаў калісь Павал Севярынец пра тую самую моладзь 90-ых, пра пакаленьне 1970 – 1985 гадоў нараджэньня. На зьмену гэтаму пакаленьню, калі працягнуць дадзены лагічны ланцужок, павінна было прыйсьці “Новае пакаленьне” 1985 – 2000 гадоў нараджэньня. Мы ўсе чакалі яго, мы прагледзелі ўсе вочы ў пошуках “Новага пакаленьня”, якое вось-вось прыдзе. Але яно не прыйшло.

Так, прыйшлі адзінкі, але мы чакалі тысячы тысяч, тыя тысячы, якія ўздымалі 90-ыя, якія ўвасобілі пратэсную вясну 1996 года. Толькі заместа тысячнага патоку мы ўбачылі рэдзенькі ланцужок. У чым жа прычына? Я мяркую, прычын цэлы шэраг, але спынюся на дзвюх асноўных.

Прычына першая. Яна палягае ў дэмаграфічнай прорве, у якую праваліўся наш народ. Калі ў 1970 – 1985 гадах быў уздым нараджальнасьці, то з 90-ых мы ўвайшлі ў мінус. Калі з 1970 па 1985 гады прырост насельніцтва зьмяншаўся з 8,6 да 5,9 на тысячу чалавек, то з 1986 па 2000 гэты прырост абрынуўся да мінус 4. То бок, на сёньняшні дзень моладзевы рух проста ня мае столькі крыніцаў аднаўленьня, колькі меў рух 90-ых.

Прычына другая. За дваццаць гадоў панаваньня дыктатуры ў Беларусі вырасла цэлае пакаленьне, якое ў прынцыпе ня ведае, што такое бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”. За дваццаць год чалавек праходзіць шлях ад першага класа школы да універсітэцкага дыплома – і ўсё гэта пад чырвона-зялёнай нечысьцю. І калі я, – народжаны напрыканцы “Пакаленьня Маладога Фронту”, – пасьпеў зачапіць бел-чырвона-белы сьцяг, іншым так не пашчасьціла.

Таму асабіста мне нічога ня трэба было тлумачыць пра Лукашэнку, бо я помніў як дралі сьвяты для майго сэрца сьцяг у далёкім 1995-ым. Я, 13-гадовы падлетак, плакаў і ведаў ужо тады, што ніколі не дарую вусатаму антыхрысту гэтага гвалту. І таму мяне ня трэба было пераконваць далучыцца да апазіцыі – я сам, калі займеў такую мажлівасьць, бег у Малады Фронт, аж пяты дымелі.

Цяпер жа да Маладога Фронту далучаюцца толькі тыя маладзёны, якім пра бел-чырвона-белы сьцяг распавядалі бацькі ў сем’ях.

І вось сёньня, на маладафронтаўскай прысязе ў Слуцку ў адным шэрагу, плячо да пляча стаяць бацька, 1977 года нараджэньня, і сын – 1998 года. Выходзіць ганарова прымаць прысягу сын, а за ім прымае прысягу бацька.

І гэтая сям’я (прыклад якой, дарэчы, сымптанамічны для сёньняшняга моладзевага руху) ёсьць для мяне сьведчаньнем таго, што Беларусь пераходзіць зусім у іншую эпоху. Эпоху, у якой бацька і сын, дамогуцца таго, чаго не дамаглося “Пакаленьне Маладога Фронту” і што не пасьпела ўбачыць “Новае пакаленьне”. Бацька і сын – яны ўвойдуць у новае, якое ўжо цяпер творыць Госпад.

На фота: бацька і сын (у шэрагу апошнія справа)

Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 9

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях