28 марта 2024, четверг, 21:44
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Пасха, яна чыя?

69
Пасха, яна чыя?

Мы пабачым той дзень, калі ў нашай краіне будзе адзіная Пасха, адзіны сцяг, адзіная мова.

Сімптанамічна на нашых шыротах: тут і там, старычкі з трыма класамі сельска-царскай і людзі з дзвюма вышэйшымі, ватнікі і прадстаўнікі цывілізацыі – усе віншуюць нас спачатку з Пасхай “каталіцкай”, а потым з Пасхай “праваслаўнай”.

Тое ж самое адбываецца і з Божым Нараджэннем – Раство “каталіцкае” і Раство “праваслаўнае”. Яно мо так і трэба: здаўна прывучылі жыхароў міжрэчча Дзвіны і Нёмана да таго, што праваслаўныя – гэта расейцы, сапсаваныя палякамі, а каталікі – гэта палякі пад дрэнным уплывам маскалёў. Адтуль пайшло і да нашага часу коціцца.

Але калі хто хоча быць чалавекам культурным, дык мо ёсць рацыя разабрацца ў тым, чыя ж яна, Пасха – католікаў ці ўсё ж праваслаўных?

Як ўсе ведаець, існуе два календара. Першы, юліянскі, быў уведзены пры Юліі Цэзары ў 46 годзе да Раства Хрыстовага. А ў 1582 годзе папа Рыгор ХІІІ увёў новы календар, але зусім не паводле ўласных капрызаў рашыўся на такі крок. Справа ў тым, што паводле юліянскага календара кожныя 128 год набягае памылка ў адны суткі. Такім чынам у 1582 годзе дахрысьціянскі календар адставаў ад рэальнасці на 10 сутак, што прымусіла-такі Рыгора ХІІІ абвесціць 5-ае кастрычніка 1582 года 15-ым.

Паступова амаль усе краіны свету перайшлі на грыгарыянскі каляндар. (Трэба зазначыць, што нашыя прадзеды, ліцвіны ВКЛ, былі адны з самых прасунутых людзей сваёй эпохі і перайшлі на грыгарыянскі ў тым жа 1582-ім.) І па грыгарыянскім жа календары, натуральна, усе пачалі святкаваць хрысціянскія святы. Не згадзіўся з гэтым толькі Канстантынопальскі патрыярх Ярэмія ІІ, якому і можна падзякаваць за ўсю тую блытаніну, што мы цяпер маем.

Трохі разабраўшыся з календаром, было б не кепска разабрацца і з хрысціянамі: хто гэтыя людзі? Хрысціянства ўключае не два, як думае паспаліты беларус, а тры асноўныя накірункі: каталікі, праваслаўныя і пратэстанты.

Пры гэтым:

- каталікоў – каля 1 мільярда 200 мільёнаў

- пратэстантаў – каля 800 мільёнаў

- праваслаўных – каля 220 мільёнаў

Дык што, ёсць яшчэ і “пратэстанцкае” Раство з “пратэстанцкай” Пасхай?! – абурыцеся вы. І вось тут мы падыходзім да раскрыцця адной з самых асноўных афёраў Арды: не існуе не толькі “пратэстанцкай” Пасхі, але таксама не існуе Пасхі “каталіцкай” ці “праваслаўнай”. Ёсць толькі цэрквы, якія святкуюць хрысціянскія святы па грыгарыянскім календары, а ёсць тыя, што святкуюць па юліянскім. (Ёсць яшчэ і новаюльянскі каляндар, амаль ідэнтычны грыгарыянскаму, але не будзем гэтым блытацца яшчэ больш.)

Па юліянскім календары Раство і Пасху святкуюць толькі 4 з 15 аўтакефальных (незалежных) праваслаўных цэркваў: Ерусалімская царква, Грузінская, Сербская і Расейская, што разам складае недзе да 100 мільёнаў чалавек.

Астатнія ж 11 праваслаўных цэркваў (каля 120 мільёнаў вернікаў), а таксама каталікі і пратэстанты святкуюць хрысціянскія святы па грыгарыянскім календары. Дык падумайце, на колькі гэта лагічна Раство 25 снежня называць Раством “Каталіцкім”? Калі вы паспрабуеце каго-небудзь у Еўропе ці Амерыцы павіншаваць з “каталіцкай” Пасхай, чалавек можа падумаць, што вы трошку прыхварэлі.

Чаму б не далучыцца тым 100 мільёнам, 4% ад хрысціян, да астатніх 96%? – зададзім лагічнае пытаньне мы, і не знойдзем на яго адказу. РПЦ не аднойчы заяўляла, што пытанне пераходу на грыгарыянскі каляндар перад царквою не стаіць, бо юліянскі календар дораг царкоўнаму народу і з’яўляецца адной з культурных асаблівасцяў Расеі. Зрэшты, у гэтым насамрэч ёсць свая культурная экзотыка: праз некалькі тысяч год паслядоўнікі юліянскага календара будуць святкаваць Раство летам, а Пасху – зімой. Пры ўмове, канешне, што наша цывілізацыя столькі працягне.

Хаця, хто ведае, можа пераадолецца людская гардыня і мы пабачым той дзень, калі ў нашай краіне будзе адзіная Пасха, адзіны сцяг, адзіная мова. Напэўна ж, так і павінна быць, бо і Хрыстос, каторы гэтымі днямі 2 тысячы год таму ўваскрос – таксама адзіны.

Хрыстос уваскрос, браты і сёстры! Са сьветлым Святам Пасхі! Той Пасхі, якая не “каталіцкая” і не “праваслаўная”, але Хрыстовая.

Зміцер Дашкевіч, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 69

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях