19 марта 2024, вторник, 10:16
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Хопіць жраць

25
Хопіць жраць
Змiцер Дашкевiч

Захацелі мы неяк з жоначкай пакушаць. Ды каб па-сьвяточнаму.

У кавярні асабліва ня ходзім, а ў рэстараны яшчэ меней. Ды неяк выдаўся свабодны вечарок і гулялі мы па бліжэйшых вуліцах. У суседнім жа квартале мадэрновая такая кавярня месьціцца – “Бітл-джус”. Жонка, дык даўно жадала трапіць. Ну і зайшлі мы, канешне. Уселіся. На суседняй тэрасе маладыя паэты дэкларавалі свае творы. Стала яшчэ цікавей.

Папрасілі меню. Нам прынесьлі. На адзінай дзяржаўнай мове канешне, на расейскай. Мы засмуціліся, але віду не падалі (як заўсёды). Мы ім “калі ласка”, а яны нам “сейчас, подождіте”. Мы ім “дзякуй”, а яны нам “пожалуйста”. І г.д. па ўсіх пазіцыях. Кароча, намучыліся мы зь імі. Хоць марозіва з кавай і пачаставалі.

“Ну што ж, - думаю я сабе, - трэба прыступаць”. “Дайце, калі ласка, кнігу прапановаў”, - кажу. Прыносяць.

Так і так, пішу, установа ваша, мажліва, лічыць сябе прагрэсіўнаю, яно ў нечым на тое і падобна. Але ці так складана беларускмоўных кліентаў абслугоўваць па-беларуску? А ці так складана меню перавесьці на беларускую? Калі ўнівэрсітэцкая адукацыя не дазваляе, зьвярніцеся да Лабадзенкі – ён усім перакладае. Ну і яшчэ пару радкоў пра набалелае. Кнігу скаргаў і прапановаў у нас забралі і калі прыносілі рахунак сказалі “калі ласка”. Мы, як грамадзяне культурныя, прыязна разьвіталіся і нават пакінулі на гарбату. Разважаючы пра маладых паэтаў і прагрэсіўныя кавярні пайшлі да дому.

Праз тыдняў пару ізноў захацелася па-сьвяточнаму пакушаць – у жоначкі дзень народзінаў. І хоць у рэстараны мы ходзім раз на паўжыцьця, гэтым разам было вырашана выбрацца. Заходзім у “In vino”, што на Харужай. Усё як заўсёды: мы ім “калі ласка”, а яны нам “сейчас, подождіте”; мы ім “дзякуй”, а яны нам “пожалуйста”. І г.д. па ўсіх пазіцыях.

“Ну што ж, - думаю я сабе, - трэба прыступаць”… Так і так, пішу, ваша ўстанова, мажліва, лічыць сябе прагрэсіўнаю… і далей па тэксьце. На сканчэньне прапаную ў барацьбе за кліента перайсьці на беларускую мову ў абслугоўваньні беларускамоўных наведнікаў. Прыязна разьлічваемся і пакідаем нават на гарбату.

Тыдні два – і прыходзіць з “In vino” адказ, які вы можаце назіраць.

І я вось што падумаў: кушаць у кавярнях – гэта добра, але калі мы перастанем жраць? Бо прывыклі мы да гэтай працэдуры даўно. Усе і на ўсіх узроўнях. Падняўся кошт на паліва – усе сажралі і катаюцца далей. Паднялі пошліны на машыны – усе сажралі і паехалі ў рашку. Абваліўся рубель у два разы – усе сажралі і ў чаканьні новых абвалаў зацягнулі паясы. Увогуле, беларускі народ, гэта народ абжораў, які ўсё жарэ і пасьля кожнай порцыі выдае ці тое: “ах, пракляты рэжым”, ці тое: “ах, прадажная апазіцыя”. Тое ж самае і патрыёты мовы.

90 са 100 беларускамоўных трапляюць у кавярні/крамы/рэстараны і тут жа тушуюцца, пераходзячы на “пожалуйста”, “ізвініце” і далей па сьпісе. Гэта катэгорыя тых, які жаруць накладзенае і прычмокваюць. Астатнія 10 без асалоды, але вымушаны жраць таксама. Што казаць, я сам пэўны час быў і ў першай катэгорыі, і ў другой. І ў нейкі момант я вырашыў жалезна: хопіць жраць!

Усё можна рабіць культурна і прыязна. Адмовіцца жраць у кавярнях і пачаць проста кушаць можна таксама прыязна, у форме прапановы: “чаму б вам…” і г.д. па тэксьце. І вы ўявіце, што было б, каб заўтра тысячы беларускамоўных наведнікаў той ці іншай установы пакінулі б падобныя допісы ў кнігах прапановаў? Ня трэба было б крычаць ні пра крывавы рэжым, які мову заціскае, ні пра апазіцыю, якая мову не адстаяла.

Адказнасьць за заняпад беларускай мову перадусім нясуць беларускамоўныя штодня, потым ідуць патрыёты мовы, якія мовай не карыстаюцца, а толькі сьледам пляцецца рэжым і ўсе зь ім астатнія разам узятыя. І для адраджэньня беларускй мовы ўсяго толькі трэба, каб патрыёты мовы прынялі валявое рашэньне: хопіць жраць!

Змiцер Дашкевiч, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 25

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях