25 апреля 2024, четверг, 1:20
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Аляксандар Растопчын: Па Беларусі падарожнічаю на «машыне часу»

Гітарыст-віртуоз Аляксандар Растопчын — пра беларускую «машыну часу», адзін тэрмін для прэзыдэнта і выхаваньне «варожымі галасамі».

Упершыню за апошнія чатыры гады ў Беларусь наведаўся Аляксандар Растопчын, экс-гітарыст легендарных беларускіх камандаў — хард-рок гурту «Сузор’е» і ВІА «Песьняры». Ад пачатку 1990-х віртуоз-мультыінструмэнталіст жыве ў Нью-Ёрку, запісваецца на ўласнай студыі і выступае на супольных канцэртах з блюз-рокавымі музыкамі, а таксама займаецца вырабам абсталяваньня для музычнай індустрыі, паведамляе «Радыё Свабода».

Сёлетні прыезд Аляксандар называе сямейным — споўніўся год менскаму ўнуку Івану, якога ўжывую яшчэ ня бачыў. Адпаведна, самы час выканаць дзедаўскі абавязак. А паралельна сустрэцца зь сябрамі ды наведацца ў мясьціны сваёй маладосьці. І хоць нарадзіўся ён 58 гадоў таму ў Казахстане, радзімай лічыць Магілёў — сюды бацькі пераехалі ў 1964-м, калі яму было 7 гадоў.

— Аляксандар, наколькі часта зьяўляецца магчымасьць наведвацца ў Беларусь, калі былі тут апошнім разам?

— Наколькі часта? Апошні раз быў у 2011 годзе, так што, атрымліваецца, ня вельмі часта. Калі мераць пяцігодкамі, дык гэтая завершана датэрмінова (сьмяецца). Да гэтага прыяжджаў, па-мойму, у 2009 годзе, яшчэ раней — у 2007-м. Неяк вось так. Зараз быў перапынак даволі працяглы.

— У тых, хто доўга ня быў у Беларусі, даволі распаўсюджанае адчуваньне, што яны выправіліся ў падарожжа на «машыне часу»: краіна застыла, замарозілася, ніякага руху наперад. А дарагая віза — як плата за квіток на тую «машыну».

— Цікавы варыянт, тым больш, што ў гэты прыезд у мяне якраз гэтая «машына часу», напэўна, найбольш працавала. Дарэчы, беларуская віза ў Нью-Ёрку апошнім часам для замежных грамадзянаў заўважна патаньнела — дзесьці 75 даляраў супраць 170 раней. На дзіва. Праўда, віза патаньнела, затое прымушаюць набываць абавязковую мэдычную страхоўку, мне сын купляў. Ну, а чаму «машына часу»? Таму, што мы з маім сябрам Ігарам Дахіным езьдзілі ў горад Магілёў, дзе калісьці вучыліся ў адной школе, а потым пачыналі свае музычныя экспэрымэнты. Ён зь сям’ёй ужо даўно пераехаў у Менск, а я заканчваў вучобу ў Магілёве. І вось гэта было падарожжа на «машыне часу». Напрыклад, мой сусед-аднакласьнік, зь якім я пражыў побач ад 1-й да 10-й клясы — дагэтуль жыве ў той жа кватэры, у тым жа доме. Дакладна такая ж карціна, як і 40 гадоў таму. Я рабіў фотаздымкі і дзівіўся: як можа не зьмяніцца нічога? У старой кватэры, дзе я жыў, тыя ж самыя вокны, тыя ж дзьверы. Таму 4-павярховаму будынку, мабыць, гадоў 50, ня ведаю, але факт, што стары. А зьнешне — як вяртаесься ў 1960-я: дакладна такія ж аконныя рамы, той ж пад’езд, ніякай зьмены. Розьніца хіба ў тым, што навокал натыркалі рэклямы ды набудавалі камэрцыйных банкаў. Прайшліся да Дняпра па сваіх старых сьцежках — нешта крыху зьмянілася, але завулачкі да ракі таксама стваралі ўражаньне, што трапіў у мінулае. Цікавае пачуцьцё. Нават сын запытаўся: «Ну, што, унутры ёкнула?». Яшчэ як ёкнула. Неперадавальнае адчуваньне, і праз паўстагодзьдзя некаторыя месцы ўсё такія ж.

— Ёкнула, як вы кажаце, з цяжкасьцю? То бок, мэнтальна, псыхалягічна людзі не зьмяніліся?

— Зьмяніліся. Людзі якраз зьмяніліся вельмі моцна, практычна ўсе. На жаль, тэндэнцыя такая, што ўсе з часам зьмяняюцца, адбываецца радыкальнае расслаеньне па ўсіх парамэтрах — як палітычных, так і на ўзроўні паўсядзённасьці. Іншымі словамі, пачынаецца палярызацыя. Гэта тычыцца, дарэчы, усяго сьвету, таму тут таксама гэта заўважна: абсалютна розныя палітычныя погляды, абсалютна рознае ўспрыняцьце каштоўнасьцяў.

— Ці ўдалося пагаварыць са старымі сябрукамі? Як яны самі ацэньваюць «стабільнасьць», унутры якой вось ужо 20 гадоў нічога не зьмяняецца? З улікам чарговай прэзыдэнцкай кампаніі...

— Ну так, гэта ўсё зразумела. Шмат хто цьвяроза ацэньвае сытуацыю, але, падобна, ня хутка тут нешта зьменіцца. Таму бярэ сваё прынцып: «што ёсьць — тое і ёсьць». Натуральна, балючае пытаньне. Як па мне, дык я ўвогуле адзін тэрмін зрабіў бы нават для Амэрыкі — ня два. Ужо не кажу пра большае. Бо другі тэрмін амаль заўсёды ідзе нейкім даважкам, бонусам. Прыкладам, Барака Абаму зараз называюць Dead man walking, літаральна — «мёртвы чалавек прагульваецца». Ясна, што ён ужо сыходзіць і астатні час, што прабудзе ў Белым доме, збольшага прысьвечаны збору чамаданаў. Зразумела, што і намеры ў яго былі добрыя, але тое, што ён наабяцаў і колькі зрабіў, не зусім супадае. І пакуль зусім не зразумела, хто зойме ягонае месца. Бо кандыдаты, мякка кажучы, таксама дзіўныя. Досыць шмат амэрыканцаў зь ліку тых, каго я ведаю асабіста — пераважна маладыя людзі — гавораць: на гэтых выбарах галасаваць ня будзем, няма сэнсу. Так што апатыя ня толькі тут, там таксама. Хто прыйдзе, хто стане прэзыдэнтам? Усё вырашаюць грошы, фонды і г.д. Адзінае, тут усё вырашае зразумела які фонд, а там хоць нейкая інтрыга. Дарэчы, я да ад’езду ў ЗША галасаваў толькі аднойчы, калі вучыўся ў РТІ — у будынку школы на вуліцы 3-й Пасялковай. Гралі на выбарах з бэндамі, весялілі электарат, заадно і прагаласаваў.

— Прыяжджаючы сюды, дый, у прынцыпе, жывучы за акіянам, кім сябе пазыцыянуеце? Амэрыканцам, беларусам, можа абагульненым «гома саветыкусам»? Хіба што наўрад ці «казахстанцам» — з Алма-Аты, наколькі ведаю, пераехалі ў Магілёў у раньнім дзяцінстве.

— Шчыра кажучы, пра гэта ніколі ня думаю. Я пражыў 36 гадоў свайго жыцьця ў Савецкім Саюзе, гэта вялікі кавалак: усё дзяцінства, юнацтва, студэнцтва. Па вялікаму рахунку, усе лепшыя ўспаміны адтуль. Але з розных прычынаў я апынуўся ў Штатах, жыву там і, у прынцыпе, мяне гэта задавальняе. Таму кім я сябе лічу, ці адчуваю амэрыканцам? Магчыма, і нельга сказаць, што я «чыстапародны» амэрыканец. Я — эмігрант. Не забывайцеся, што гэта такая краіна, дзе практычна ўсе эмігранты, прынамсі ў нейкім пакаленьні. За выключэньнем індзейскіх плямёнаў, якія жывуць у рэзэрвацыі. Вось гэта сапраўдныя амэрыканцы.

— То бок, перадузятага стаўленьня да тых, хто «панаехалі», няма?

— Ды не, звысоку, вядома, глядзець ніхто ня будзе. Асабліва, калі ўжо другое-трэцяе пакаленьне, калі зьнікае акцэнт, то зусім няважна, польскае ў цябе прозьвішча ці расейскае, адкуль ты паходзіш і г.д. Перадузята ні да каго ня ставяцца, тым больш, калі ты спэцыяліст у нейкай галіне. Бо калі прымаюць на працу ці ацэньваюць цябе як кандыдата на пасаду, заўсёды важна тое, што ты ўмееш рабіць. Мастак ты, праграміст, музыка, будаўнік — гэта добра, усё астатняе — няважна.

— Выглядае, што якраз такі яскравы прадстаўнік — гэта «ўнівэрсальны салдат» Аляксандар Растопчын, які сумясьціў прафэсійныя якасьці з хобі, якое таксама стала прафэсіяй.

— Так, у прынцыпе, усё, што я раблю, адносіцца да музычнага сьвету. Я граю на гітары, як граў і раней. Дый увогуле на ўсіх струнных інструмэнтах — на мандаліне, банджо і г.д. Як фрылэнсэр, я раблю ўсялякія эфэкты для гітар, займаюся рамонтам узмацняльнікаў і музычнай апаратуры ў розных студыях. Тэлефануюць, кансультуюцца, запрашаюць — рабіць даводзіцца практычна ўсё. То бок, я не магу сказаць, што сяджу ў басэйне, п’ю марціні і граю на гітары. Каб пражыць, трэба працаваць. У тым ліку працую на кампанію, якая займаецца рэнтай, іншымі словамі — здачай у арэнду абсталяваньня для кіназдымкаў і тэлебачаньня. Гэта значыць, мікрафоны, бяздротавыя сыстэмы і г.д. Пасьля эксплюатацыі часта даводзіцца рамантаваць такія, як у вас, Neumann ды ўсё астатняе.

— Майстэрня і студыя — гэта розныя рэчы? У прыватнасьці, дзе нараджаюцца знакамітыя «гітарныя прымочкі»?

— У мяне досыць невялікі пакой і там месьціцца ўсё разам: і студыя, і майстэрня, і video editing. Што да «прымочак», то раблю з нуля, ад канструяваньня і да фінішу — усё сам. «Каробкі» раблю сам, даводжу аж да апошніх штрыхоў. У прынцыпе, алюмініевые каробкі прадаюцца, яны ўжо пафарбаваныя, маюць таварны выгляд — і толькі робіш дзіркі. Дзіраўлю, натуральна, сам. Вядома, для заказчыкаў у мяне ёсьць усе ўзоры «прымочак» — па адной, па дзьве. Яны магуць дзесьці ляжаць у студыях, імі карыстаюцца. Але так — усё паводле перадаплаты пад канкрэтную замову.

— А што тычыцца ўласна творчасьці: на вас выходзяць, вы самі прапануеце свае паслугі? Як складваецца супрацоўніцтва?

— Я ўжо досыць даўно ў Нью-Ёрку, таму ведаю збольшага ўсіх музыкантаў, асабліва ў блюзавых колах. Адпаведна, так усё і чапляецца: з адным папрацаваў, з другім, з трэцім. Нехта запісвае ў студыі, просіць дапамогі, кагосьці я сам запрашаю засьпяваць, з кімсьці выехаць на гастролі недалёка. Такога кшталту супрацоўніцва, сэйшн-музыкант. Але я шмат раблю і дома. Дзякуй богу, у эпоху інтэрнэту ёсьць магчымасьць абменьвацца любымі шматканальнымі праграмамі запісу, можна дасылаць файлы, midi-файлы. Адпаведна, цалкам рэальна працаваць дома. То бок, ня трэба нікуды ехаць, я магу за адзін дзень у хаце скончыць сола і адаслаць яго ці ў Флорыду, ці ў Англію, ці ў Ірляндыю. Дарэчы, з Ірляндыі мне адзін раз так і не заплацілі (сьмяецца).

— Аляксандар, колькі гітар у вашай калекцыі? І колькі зь іх задзейнічана ў працэсе?

— Э-э-э, дваццаць адна, ачко, скажам так (сьмяецца). У працы ўсе. Гэта тое ж самае, што мець 21 жонку — нават мармоны могуць пазайдросьціць. Але насамрэч вельмі складана. Дапусьцім, ёсьць дзьве гітары 12-струнныя. Адна двухгрыфавая, як Gibson у Мулявіна — праўда, не Gibson, зроблена ў Карэі, але добрая, я іх пад сябе потым пераробліваю. Дык толькі струны памяняць на такой электрычнай гітары ужо зойме колькі часу! У мяне іх дзьве. А калі запісваеш, то трэба, каб струны былі сьвежыя. Потым яшчэ ўсё падстроіць, падчысьціць. І гэты працэс ніколі не заканчваецца. Запісваеш на адну, пераходзіш на другую, на трэцюю, потым акустычная — зноў мяняць струны. Так што пастаянна ў працы.

— Нельга не запытаць: як ацэньваеце цяперашнія працэсы ў Расеі, рэзкую палярызацыю настрояў, у тым ліку ў культурніцкім асяродзьдзі?

— Як я ўжо гаварыў раней, народ вельмі моцна расслойваецца. Паўсюдна. І глядзець на гэта, шчыра кажучы, балюча. Што да Расеі, то вельмі паказальна, наколькі розныя погляды нават у адной сям’і. Узяць Мікіту і Андрона Міхалковых. Браты, іконы кінабізнэсу ўсясьветнага маштабу. Два геніі, а наколькі па-рознаму ўспрымаюць рэальнасьць, ставяцца да палітычнага жыцьця, як у Расеі, так і да міжнароднай палітыкі. Здавалася б, ім што да ўсяго гэтага, у прынцыпе? Заслужаныя, вядомыя людзі, якія стварылі столькі цудоўнага, можна і супакоіцца. Але ўсё роўна яны нязгодныя, спрачаюцца, нешта даказваюць. І гэта на найвышэйшым узроўні. А што ўжо казаць пра тое, што ніжэй? Там усё гэта робіцца яшчэ больш непрыглядным.

— Фактычна, па-за законам становяцца тыя, хто яшчэ ўчора хадзіў у кумірах...

— Так, я глядзеў адно відэа на YouTube, дзе Мікіта Міхалкоў лае Макарэвіча, расказвае, як ён яго некалі любіў, а цяпер разглядае ў апошнім сьвятле. У кожнага сваё меркаваньне, але мне падаецца, што музыкам ня варта лезьці ў палітыку. Можна пра нешта ўнутры думаць, даваць ацэнкі, але справа ў тым, што творца — публічная фігура, ён аўтаматычна пераўтвараецца ў трыбуна. Усе любяць песьні Андрэя Макарэвіча, ён у свой час зрабіў абсалютна геніяльную каманду. Але калі ён радыкальна выказваецца, камусьці гэта, натуральна, не падабаецца. Абавязкова знойдуцца чыноўнікі, якія яго за гэта будуць біць, душыць, што само па сабе абсалютна няправільна. Гэта ўжо скрайнасьць, калі заклікаюць пакараць, арыштаваць і г.д.

***

Аляксандар Растопчын ад 1982-га па 1984-ы выступаў у хард-рок гурце «Сузор’е». Цягам 1984-85 гадоў — у ансамблі «Тоніка», дзе атрымаў запрашэньне ўзмацніць ВІА «Песьняры». Пад кіраўніцтвам Уладзімера Мулявіна працаваў да ад’езду ў ЗША ў 1993 годзе. У 2008 годзе зрабіў сольны рэліз — альбом «Роднае», складзены з інструмэнтальных вэрсіяў знакавых беларускіх твораў: «Пагоня», «Мы выйдзем шчыльным радамі», «Магутны Божа», «Зорка Вэнэра», «Купалінка», «Разьвітаньне з Радзімай». Праца была высока адзначаная аматарамі музыкі і крытыкамі.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях