20 апреля 2024, суббота, 14:29
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Беларусы на «X-Фактор»: Хочам і можам

3
Беларусы на «X-Фактор»: Хочам і можам

Сямёра выканаўцаў з Беларусі прайшлі праз адбор на ўкраінскім тэлешоў.

Цяпер іх чакае трэніровачны лагер і новыя эфіры. Артысты, якія скарылі журы і публіку ў Кіеве, падзяліліся сваімі ўражаннямі ад паездкі з budzma.by.

Павел Аракелян: «Чалавек тут нічога не значыць»

«Я дык ніколі не цікавіўся тэмай тэлешоў і кастынгамі, таму першае паведамленне нават прапусціў», – кажа Павел Аракелян. Ён быў адным з тых беларусаў, каго рэдактары ўкраінскага шоў запрасілі паўдзельнічаць у здымках у Кіеве. На другі раз Павел адгукнуўся: чаму б і не з’ездзіць, паглядзець, як усё зладжана. Ніякіх мэтаў перад сабою не ставіў.

Прадставілі аднаго з найлепшых саксафаністаў Беларусі, удзельніка гурта «Крамбамбуля», як «фітнес-інструктура з Мінска». Паша сыграў «Bensonhurst Blues» Оскара Бэнтана. Прадзюсар Канстанцін Меладзэ, экс-вакаліст Quest Pistols Антон Саўлепаў і лідарка гурта The Hardkiss Юлія Саніна сказалі беларускаму выканаўцу «Так!». Чацвёртага сябра журы, Андрэя Данілкі (вядомы ў вобразе Веркі Сярдзючкі), на гэтым праслухоўванні не было.

«Мне, канечне, было прыемна, але я ведаю свой узровень, таму дадатковых каментароў мне не трэба, каб злавіць зорную хваробу ці, наадварот, упасці у дэпрэсон. Але мяне прыемна здзівіў каментар Канстанцін Меладзэ, які не ўвайшоў цалкам у тэлеверсію, але быў вельмі дакладны і прафесійны», – кажа Павел. Больш за ўсё яго ўразіла тое, што ўдзельнікаў адразу кідаюць працаваць па самых суворых правілах шоў-бізу, «дзе чалавек нічога не значыць і не мае ніякай каштоўнасці». Але досвед, безумоўна, карысны, прызнаецца артыст.

Detroit. Выраслі са штонікаў кавер-бэнда

А вось іншая ўдзельніца «X-фактор», спявачка Інга Кісялёва, наадварот, была ўражаная індывідуальным падыходам да кожнага ўдзельніка. Яе гурт «Detroit» мае статус найлепшага кавэр-бэнда Беларусі (2014). Удзел ва ўкраінскім тэлешоў і ацэнка суддзяў сталі стымулам для таго, каб музыкі заняліся сваім аўтарскім праектам. На самім жа адборы Інга спявала «Hello» Adele і папуры з поп-класікі 90-х, якое і паказалі ў эфіры.

«Журы да нас паставілася прыязна з першых хвілінаў. Самае прыемнае і важнае сказаў Канстанцін Меладзэ. Ён зазначыў, што мы выраслі з кароткіх штонікаў кавер-бэнда і ў нас ёсць усё неабходнае, каб ствараць уласны аўтарскі праект. Гэта стала неверагодным стымулам для таго, каб ужо неўзабаве запусціць праект IN`ЯNGA, гэта будзе самастойны гурт з аўтарскім матэрыялам з элементамі беларускай этнікі».

У такім праекце важна ўсё, што можа ўзняць да яго інтарэс, адпаведна, і падвысіць рэйтынг, зразумела падчас паездкі ў Кіеў Інга. Таму ў шоў віталі як фрыкаў, так і паспяховых ужо артыстаў, звярталі ўвагу на трагічныя гісторыі і скандалы, надзялялі вялікую ўвагу нацыянальнай самасвядомасці.

Пётр Клюеў. З Панам не прапаў

Нацыянальную тэму скарыстаў Пётр Клюеў, які надзеў майку з «Пагоняю» і размаўляў з журы падкрэслена па-беларуску. Музыка выканаў аўтарскі твор «Асцярожна, лістапад» на словы Генадзя Бураўкіна, які вельмі спадабаўся Канстанціну Меладзэ, а таксама песню Queen «Crazy Little Thing Called Love». У эфір пайшоў кавер, прычым прыпісаны на youtube-канале шоў ён быў Элвісу Прэслі. Акампанавалі Пятру былыя ўдзельнікі гурта «Ляпіс Трубяцкі» Руслан «Пан» Уладыка і Аляксандр Старажук, што, безумоўна, зрабіла ўражанне на журы. «Яны так гайдаюць, маюць настолькі высокі ўзровень і настолькі высокапрафесійныя! Вам трошкі трэба дацягнуць да іх», – заўважыла Юлія Саніна.

«Умовы, у якіх давялося быць на праслухоўванні, былі няпростымі. Найбольшая цяжкасць – у атмасферы страху і думцы, што будуць абмяркоўваць твой выступ, – распавядае Пётр. – Але я задаволены рэакцыяй журы. Я заўсёды граў з музыкамі, больш дасведчанымі за мяне. І гэта дае мне вялікі вопыт». Па выніку галасавання журы Пётр з гуртом «Амплітуда смеласці» прайшоў у наступны тур. Яны атрымалі чатыры «так» – 100-працэнтны рэспект.

Габрыэль Купатадзэ. Грузін з Мінска, які ўразіў усіх

Яшчэ адзін хіт Queen на «Х-фактары» таксама прагучаў у выкананні ўдзельніка з Беларусі. «I Want It All» бліскуча праспяващ «эканаміст з Мінска» Габрыэль Купатадзэ, вакаліст мінскага кавер-бэнда «Gabriel K.», які спецыялізуецца на выкананні песень Джо Кокера ды іншых класічных рок-хітоў. «Now than the magic has gone» Кокера ён таксама выканаў, але ў тэлеверсію яна не ўвайшла. Пахвалілі за вонкавую прыгажосць, тэмпераментнасць і, вядома ж, за голас.

Габрыэль кажа, што было некалькі нюансаў з пункту гледжання вакалу, але ў цэлым сваім выступам ён задаволены. «Прыемна было пачуць столькі кампліментаў наконт іміджу, аўтэнтычнасці, упэўненасці ў сабе. З таго, што не спадабалася ў шоў, – музычны складнік у ім усё ж другасны. Акцэнт робіцца на слязлівую гісторыю пра ўдзельніка, б’е на спачуванне».

Берта. «Ляпіс» у джазе

Спявачка Берта з Мінска кавер «Капітал» не рыхтавала спецыяльна для шоў. Неяк на ўласны дзень народзінаў яна пераспявала песні Міхалка, Пугача, Саладухі ды іншых беларускіх артыстаў у межах праграмы «Пірацкія каверы для сваіх». Гэтае відэа ў сеціве пабачылі рэдактары «Х-Фактор» і прапанавалі выканаць хіт «Ляпісаў» на праслухоўванні ў Кіеве. «Мы з музыкамі хутка запісалі аўтарскі мінус. Выбар песні вырашыў і вобраз, і манеру», – кажа спявачка. Голас беларускі Канстанцін Меладзэ назваў «мясістым», а Антону Саўлепаву Берта нагадала лісу. Ён зазначыў, што гэта несур’ёзна, і сказаў «не». Юлія Саніна ўратавала Берту, сказаўшы «так».

Гісторыя з джазавым «Капіталам» пасля праслухоўвання займела працяг. З дазволу Сяргея Міхалка спявачка запісала сваю версію ў студыі. Далей Берта думае зрабіць цэлую праграму беларускіх хітоў у джазавых апрацоўках ужо для шырокай публікі.

Уладзімір Казлоў. Занадта выхаваны беларус

Вакаліста вядучай рок-каманды Беларусі Re1ikt прадставілі, канечне ж, як «электрыка». Ён вырашыў заспяваць спачатку песню Мікалая Наскова «Дышу тишиной» і… прамахнуўся. Уладзіміра спынілі на першым куплеце. Меладзэ назваў яго выбар няўдалым. «Са слоў Канстанціна, кампазіцыі Наскова і яшчэ Beyonse наогул на конкурсах нельга спяваць, бо ў іх складаны, асаблівы стыль выканання. Хто ж ведаў», – кажа спявак. Пачуваўся зусім няёмка, прызнаецца Уладзімір – як праз нефарматны для сябе рэпертуар, так і праз гэтую заўвагу. Але сабраўся і заспяваў Робі Уільямса. І атрымаў тры «так» – прайшоў далей, нягледзячы на заўвагі, якія датычылі не голасу, а манеры трымацца. «Чаму беларусы такія выхаваныя, ажно занадта?» – пыталася Юлія Савіна. І паабяцала Вову падпсаваць, калі ён трапіць у яе каманду.

Яшчэ болей беларусаў

У тэлешоў узяло ўдзел болей беларусаў. У наступны этап таксама прайшоў Іван Вабішчэвіч у кілце, які выканаў песню ўласнага сачынення. А вось 17-гадовай Дыяне Хоме не пашанцавала. Дзяўчына мае праблему з дзяцінства – заіканне. Але яна перамагла сябе, выйшла на сцэну і выканала свой кавер на «Небо Лондона» Земфіры. «Так» ёй сказалі Саўлепаў і Меладзэ, але гэтага было недастаткова.

Але, мусіць, найбольш крыўдна Аляксандры Сцяпанавай, вядомай з супрацы з Apple Tea. Яна праспявала «Старый клён» у джазе, і гэтая версія прыйшлася даспадобы ўсім чальцам журы. Меладзэ адзначыў нізкі аксамітны голас, Савіна вылучыла гнуткасць і пластычнасць голасу, Саўлепаў панаракаў на перабор з эмоцыямі, але ўпадабаў вобраз, Данілка нешта бурчэў, хоць таксама станоўча прыняў спеў беларускі. У выніку чатыры «так», але выступ у эфіры паказаны не быў. «Рэакцыя журы мяне ўразіла і натхніла на далейшую працу. Я не ведаю, чаму далей мяне не прапусцілі, мне не патлумачылі. Адказалі толькі: «На жаль, ваш выступ не ўвайшоў». Думаю, я не адна такая, таму нават не расстроілася з гэтай нагоды», – сказала Аляксандра.

Як пазбегнуць расчаравання

Вядома ж, кожны выканаўца мусіць вырашаць сам, ці ўдзельнічаць у тэлешоў, якое можа як матываваць і раскрыць, так і расчараваць, а то і зламаць. Павел Аракелян з гэтай нагоды раіць: «Перш за ўсё, каб пазбегнуць расчаравання, трэба рацыянальна глядзець на сітуацыю: ведаць, што табе асабіста трэба, які профіт ты збіраешся атрымаць з удзелу ці з перамогі, ну, і вельмі ўважліва чытаць усе паперы, якія падпісваеш». Пётр Клюеў называе тэлешоў такога фармату «амерыканскімі горкамі» для музыкаў. «Тут атрымаеш эмоцыі, якіх не перажывеш на ўласных канцэртах. Важна разумець, што гэта не конкурс! Таму галоўнае ў ім – з’явіцца і паўдзельнічаць, паехаць і праверыць сябе. І адкінуць думкі пра перамогу».

Габрыэль Купатадзэ раіць, каб удзельнік такога праслухоўвання меў нешта сваё, арыгінальнае: «Неабавязкова ў музыцы, можа эксперыментаваць з іміджам, прыдумаць прыгожую легенду пра сябе і гэтак далей. А для маладых выканаўцаў гэта добрая стартавая пляцоўка, безумоўна». Інга Кісялёва дадае: «Сапраўды, трэба вызначыцца, да чаго сам артыст імкнецца і што хоча атрымаць ад свайго ўдзелу, бо некаторыя робяцца пастаяннымі ўдзельнікамі кастынгаў, і ў гэтым выяўляецца іх «сіла», папулярнасць і поспех».

Далей беларусы, якія прайшлі адбор на першым этапе, трапляюць у трэніровачны лагер, дзе жывуць разам і выконваюць пэўныя заданні. Так, Павел Аракелян і Пётр Клюеў мусілі падрыхтаваць разам з хатняй гаспадыняй Ірынай з Кіева супольную песню. І вось што з гэтага атрымалася.

У трэніровачны лагер трапіла каля 140 артыстаў. У фінал з іх мае прайсці толькі 10. Так што далей сеча абяцае быць бязлітаснай.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях