29 марта 2024, пятница, 11:06
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Белавія» перажывае за расейскую мову ва ўкраінскім аэрапорце

16
«Белавія» перажывае за расейскую мову ва ўкраінскім аэрапорце

Намесьнік генэральнага дырэктара дзяржаўнай авіякампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец выступіў у абарону расейскай мовы ў «Барыспале».

Каротка сутнасьць: мова – гэта проста інструмэнт камунікацыі, мова – гэта інструмэнт бізнэсу, таму кіеўскі аэрапорт ідзе супраць сваёй выгады. Вышэй па спасылцы я задаў пытаньне – які адсотак пасажыраў авіяцыйнага міжнароднага хабу «Барыспаль» не разумее дзясятка ангельскіх словаў на шыльдах-указальніках у аэрапорце? Такой інфармацыі ў спадара Чаргінца не знайшлося.

Тым ня менш, калі ісьці за лёгікай беларускага авіячыноўніка, уся дарога маршрутам, напрыклад, Менск-Парыж мусіць на ўказальніках дублявацца пяцьцю мовамі. Ды што дарога, усе інфармацыйныя шыльды, прынамсі ў сталіцах.

Але не. Ігар Чаргінец абмяжоўваецца былым СССР, і ў якасьці аргумэнту прыводзіць той факт, што ў краінах былога СССР расейская мова дагэтуль застаецца мовай міжнацыянальных зносін. Стоп. А гэта ўжо не «проста бізнэс» – гэта палітыка. Чаму замест агульнаміжнароднай ангельскай трэба падтрымліваць і разьвіваць рэгіянальную расейскую?

Ігар Чаргінец у дыскусіі адхіляецца ад тэмы авіяперавозак, ідзе далей: «В Украине работают и учатся десятки тысяч людей из этих (розных) стран. В большинстве своём они используют (им так удобно!) русский язык». Здавалася б – зусім іншая тэма. Чаму наагул прадстаўнік афіцыйнай Беларусі так актыўна зрэагаваў на моўнае пытаньне ў суседняй краіне?

Насамрэч турбота Ігара Чаргінца за ўкраінскі авіябізнэс і турбота за іншаземцаў ва Ўкраіне вельмі зьвязаныя міжсобку і непасрэдна датычаць Беларусі.

Зойдзем на сайт «Белавія» – беларускай мовы няма. Прыедзем у нацыянальны аэрапорт «Менск-2» – беларускай мовы практычна няма. Прынамсі, у візуальнай інфармацыі.

Ігар Чаргінец турбуецца за ўкраінцаў? Не. Ён турбуецца за сябе, бо тэма моваў у Беларусі не раскрытая.

«А у вас же все по-русски говорят, чёй-то у вас таблички на белорусском?» – гэта лёгіка расейскага турыста.

А лёгіка Ігара Чаргінца добра кладзецца на наіўнае пытаньне расейскіх гасьцей. Калі «ўсе гавораць па-расейску», альбо «гаварат на рускім языку», то і сэрвіс – інфармацыйныя шыльды і ўказальнікі – мусяць быць па-расейску?

Расейскі турыст не абавязаны ведаць, а беларускі чыноўнік мог дзесьці прачытаць, што паводле апошняга перапісу насельніцтва больш за 80% этнічных беларусаў лічаць беларускую мову роднай, што складае каля 65% ад усяго насельніцтва.

Што роднае – гэта ў першую чаргу эмоцыя, пачуцьцё і ідэя. Што мова – гэта не «проста тэхнічны інструмэнт перадачы інфармацыі».

«Проста бізнэс», «проста сэрвіс», «проста інструмэнт» – гэта вялікая падманка ў вялікай і малой палітыцы.

Што рухае намесьнікам генэральнага дырэктара дзяржаўнай кампаніі «Белавія» Ігарам Чаргінцом? Працоўны інтарэс – не замарочвацца дадатковай працай па беларусізацыі інфармацыйнай прасторы «Белавія»? Ідэалягічныя перакананьні, дзе няма месца беларускай мове? А можа нічога асабістага, проста агучвае трэнд сваёй арганізацыі?

Арганізацыя ўжо адказвала на калектыўны зварот грамадзянаў – няма грошай на «тры і больш мовы». У беларускай дзяржайнай арганізацыі няма грошай на дзяржаўную беларускую мову.

У кожным выпадку, ужо сёньня зацікаўленыя могуць падпісаць пэтыцыю на адрас кіраўніцтва аэрапорту «Менск-2»: «Дадаць беларускую мову ў сыстэму інфармаваньня пасажыраў нацыянальнага аэрапорту «Менск-2» рэкляму турызму, славутасьцяў, культурных каштоўнасьцяў і нацыянальных асаблівасьцяў беларусаў». Для пачатку.

Севярын Квяткоўскі, «Радыё Свабода»

Написать комментарий 16

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях