28 марта 2024, четверг, 13:22
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Нам пара рыць акопы?

28
Нам пара рыць акопы?
Алег Дашкевіч

Трэба рыхтавацца даць адпор расейскай агрэсіі.

Колішні калега ў «Нашай Ніве», а цяпер проста прамысловы альпініст, ФБ-фрэнд і жыхар горада Масква Андрэй Андрыеўскі заўважыў на сваім профілі ў сацыяльных сетках:

««Расейскі тэлевізар», падобна, сур’ёзна пачаў цікавіцца Беларусьсю... кепскі знак…(»

Жывучы ў Маскве й гледзячы рознае расейскае ТБ, пэўна былы калега мае больш фактаў засьведчыць цікаўнасьць «расейскага тэлевізара» да Беларусі. Цікаўнасьці, вядома ў нэгатыўным сэнсе.

Справа, вядома, не адно ў нядаўняй праграме першага расейскага каналу, прысьвечанай падручніку гісторыі, напісанаму Алегам Трусавым, куды была запрошаная прадстаўляць беларускі бок гісторык Ніна Стужынская, якая па прыезьдзе на радзіму прызналася, што была шакаваная атмасфэрай, што склалася ў студыі пад час запісу праграмы.

У панятак «расейскі тэлевізар» былы калега ўклаў увесь вал правакацый і наскокаў, што неяк раптам, увадначасьсе абрынуўся на Беларусь з боку расейскай прапагандысцкай машыны.

Тут табе і дробныя ўкусы розных рэгнумаў, і прыезд тэлевядоўцы Салаўёва, і навукова-рэлігійная канфэрэнцыя пад патранажам расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі і са згоды мітрапаліта Паўла, дзе расейскага ката Мураўёва абвесьцілі героем.

Напярэдадні, дарэчы, у менскай царкве Пакрову Прасьвятой Багародзіцы прайшла служба за збаўленьне душы таго самага Мураўёва.

Можна сюды дадаць і нэрвовую рэакцыю крамлёўскае адміністрацыі на спробы мяккай беларусізацыі ў Беларусі, якой ўлада пакуль не замінае.

Да гэтага шэрагу належыць і праграма тэлеканала «Звезда», які ёсьць афіцыйным рупарам Міністэрства абароны Расеі, дзе раздражнёна разважалі пра «майданныя настроі» ў Беларусі.

І паведамленьне пра перамяшчэньні ў наступным годзе вялікай колькасьці расейскіх войскаў па тэрыторыі Беларусі, нібыта дзеля вайсковых вучэньняў «Захад».

Можна ўсё гэта сьпісаць на чарговае абвастрэньне адносінаў пад час нафта-газавых перамоваў, але сёлета звычайныя інфармацыйныя атакі носяць крыху іншы характар, чым раней. І, што важна, зьмяніліся дзеяньні бакоў канфлікту.

Калі раней пад час складаных перамоваў наезды расейскае прапаганды тычыліся ў асноўным асобы Лукашэнкі (фільмы «Хросны бацька», «Дзікае паляваньне») альбо Беларусь атакавалі з дапамогай «Роспотребнадзора» і ягонага кіраўніка Генадзя Анішчанкі, забараняючы да продажу ў Расеі беларускія прадукты, то сёньня ў ход пайшлі цяжкія фігуры прапаганды – Расейская Праваслаўная Царква й СМІ Міністэрства абароны.

Розьніца інструмэнтаў ціску – відавочная.

Зьмяніліся дзеяньні ў адказ і беларускае ўлады.

Упершыню ў часе канфліктнага моманту без залішняе рэклямы беларускі бок пайшоў на беспрэцэдэнтны крок – быў арыштаваны прадстаўнік РПЦ, настаяцель царквы ў Гатава Канстанцін Бурыкін, якому інкрымінуюць, ні многа ні мала, захоўваньне боепрыпасаў.

Трэба дадаць, што раней гэты бацюшка быў чальцом РНЕ ў Беларусі, што толькі дадае новых колераў у палітычны канфлікт.

Не заміналі беларускія ўлады й пікетаваньню, што зладзіў «Малады Фронт» пад час прыезду ў Менск адыёзнага расейскага тэлевядоўцы Салаўёва.

Без затрыманьняў і нават з размахам прайшла акцыя ў гонар угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну, дзе галоўнай дзеяй была прысяга на вернасьць Беларусі чальцоў «Маладога Фронту».

Усё гэта нагадвае не настольны тэніс, дзе шарык-налева, шарык-направа.

Гэткія дзеяньні больш падобныя да баксэрскай разьмінкі, дзе перад боем байцы грэюць цягліцы, каб быць цалкам гатовымі да кантактнага двубою.

Ці не ўпершыню ўлада і апазыцыя дзейнічаюць, хоць паралельна, але ў адным кірунку.

Україна памяняла многае.

Лукашэнка, колькі разоў упікаў украінцаў за тое, што тыя былі не гатовыя адстойваць сваю тэрытарыяльную цэласьць, і заяўляў, што ніколі такога не дапусьціць і першым палезе ў акоп.

Магчыма рыць акопы ўжо пара, і не дэманстратыўныя, як калісьці на мяжы з Расеяй зладзіў пэрфоманс той жа «Малады Фронт», але сапраўдныя, каб не было занадта позна.

Магчыма, гэтыя акопы ўжо рыюцца.

Адзнака сур’ёзнай палітыкі – здольнасьць своечасова ўмець прачытаць кепскія знакі й наколькі магчыма, падрыхтавацца да непазьбежнага.

Алег Дашкевіч, «Радыё Свабода»

Написать комментарий 28

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях