29 марта 2024, пятница, 18:29
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Беларус сыграў Езуса падчас Крыжовага шляху з удзелам Папы Рымскага

Танцавальнае майстэрства беларуса змог ацаніць не толькі сам Папа Рымскі, але і каля 800 тысяч сабраных удзельнікаў СДМ.

Беларускі танцор Максім Вайцюль выканаў ролю Езуса Хрыста ў першым прыпынку Крыжовага шляху, які з удзелам Папы Францішка і ўдзельнікаў СДМ прайшоў 29 ліпеня ў кракаўскіх Блонях, паведамляе catholic.by.

Крыжовы шлях быў пабудаваны ў форме эклектычнай пастаноўкі, якая, паводле арганізатараў, была не толькі апошняй дарогай Хрыста, але і прадстаўляла яе як дарогу Міласэрнасці.

14 прыпынкаў былі спалучаны з учынкамі міласэрнасці для душы і для цела, распавядаючы пра праблемы сучаснай моладзі: беднасць, голад, цярпенне, вызваленне ад граху, адзінота і інш.

Галоўную ролю ў першым прыпынку («Езус асуджаны на смерць») выканаў беларус Максім Вайцюль – выпускнік дзяржаўнай балетнай школы ў Мінску, а сёння – першы саліст Народнага балета Польшчы і ўладальнік тэатральнай музычнай узнагароды імя Яна Кіпюры як лепшы танцор у Польшчы.

У працоўным багажы Максіма Вайцюля – партыі ў такіх балетах, як «Рамэо і Джульета», «Лебядзінае возера», «Ганна Карэніна», «Спячая каралеўна», «Жызель», «Чыпаліна», «Тры мушкецёры» і інш.

Танцавальнае майстэрства беларуса змог ацаніць не толькі сам Папа Рымскі, але і каля 800 тысяч сабраных у Блонях удзельнікаў СДМ.

Асаблівасці пастаноўкі

Прадстаўленне кожнага з прыпынкаў Крыжовага шляху ўключала ў сябе некалькі частак: відэафрагмент, чытанне фрагмента з Евангелля, артыстычны эцюд, разважанне, малітву і спеў.

Артыстычны эцюд распрацоўваўся з улікам тэмы кожнай са стацый з выкарыстаннем розных сцэнічных форм. Разважанні абапіраліся на ўчынкі міласэрнасці для душы і для цела, а малітву зачытвалі прадстаўнікі розных касцёльных ініцыятыў, арганізацый і супольнасцяў.

Рэжысёрам Крыжовага шляху выступіў вядомы польскі харэограф Матэуш Політ. Аўтар разважанняў – дапаможны біскуп Кракаўскай архідыяцэзіі Гжэгаж Рысь, адказны ў польскім епіскапаце за справу новай евангелізацыі.

Пантыфік да моладзі: ёсць пытанні, на якія пакуль няма адказу

Пасля завяршэння Крыжовага шляху Папа Рымскі звярнуўся да моладзі з невялікай прамовай, якую распачаў цытатай з Евангелля паводле Мацвея: «Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне» (Мц 25, 35-36).

«Гэтыя словы Езуса супастаўляюцца пытанню, якое часта можа паўставаць у нашых думках і сэрцах: “Дзе Бог?” Дзе Бог, калі ў свеце існуе зло, калі ёсць галодныя, сасмаглыя, бяздомныя, бежанцы? Дзе Бог, калі нявінныя людзі паміраюць у выніку тэрарызму, войн? Або калі хварэюць дзеці?» – пытаўся Пантыфік.

«Існуюць пытанні, на якія ніводзін чалавек не можа даць адказу. Мы можам задаваць іх Езусу. А адказ Езуса наступны: “Бог прабывае ў іх”, Езус з імі і пакутуе разам з імі. Ён так злучаны з імі, што ўтварае “адно цела”», — адзначыў Папа Рымскі.

Святы Айцец дадаў, што «сёння ўвечары Езус і мы разам з Ім атуляем любоўю нашых сірыйскіх братоў, якія ўцякаюць ад вайны», «вітаем іх з братэрскай любоўю і сімпатыяй». Сабраныя ў кракаўскіх Блонях прывіталі гэтае выказванне Папы апладысментамі.

«Без міласэрнасці чалавек нічога не можа»

У кантэксце Крыжовага шляху Папа Рымскі гаварыў таксама пра міласэрнасць.

«Без міласэрнасці чалавек нічога не можа зрабіць; без міласэрнасці я, ты, мы ўсе нічога не можам зрабіць», — адзначыў Пантыфік.

Прыгадваючы, якія ўчынкі міласэрнасці існуюць, Папа адзначыў: «Мы пакліканы, каб служыць укрыжаванаму Езусу ў кожным чалавеку – галодным, сасмаглым, голым, зняволеным, хворым, беспрацоўным, бежанцы, мігранце; у тым, хто церпіць пераслед».

«Крыжовы шлях з’яўляецца дарогай жыцця і стылю Бога, якой Езус вядзе часамі падзеленае, несправядлівае і скарумпаванае грамадства, — сказаў Святы Айцец. — Крыжовы шлях – адзіны шлях, які перамагае грэх, зло і смерць, бо вядзе да святла ўваскрасення Хрыста, адкрываючы гарызонты для новага жыцця».

«Гэта дарога надзеі і будучыні», — заключыў Папа Францішак.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях