19 апреля 2024, пятница, 22:35
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

6 ліпеня адкрыецца выстава «Беларусы ў Войску Польскім»

4

У Нацыянальным гістарычным музэі гісторык Ігар Мельнікаў пакажа матэрыялы з асабістых архіваў пра беларускіх жаўнераў, «забытых» у СССР.

У сераду 6 ліпеня ў Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі адкрыецца выстава «Беларусы ў Войску Польскім 1939-1945 гг.».

Беларусы ў польскім войску
Фота з архіву Ігара Мельнікава

Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук і аўтар кнігаў «Заходнебеларуская Атлянтыда 1921-1941 гг.» і «Мяжа ля Заслаўя 1921-1941 г.» выставіць фота, дакумэнты і розныя артэфакты з асабістай калекцыі, зьвязаныя з ураджэнцамі Заходняй Беларусі, якія ваявалі на баку Польшчы ў Другой усясьветнай вайне.

Ігар Мельнікаў

«Матэрыялы зьбіраліся на працягу апошніх 6 гадоў, — распавеў «Радыё Свабода» Мельнікаў. — Нешта я набываў на аўкцыёнах, шмат дакумэнтаў самі людзі прыносілі, нешта проста знаходзілася. Вялікую дапамогу надала амбасада Польшчы ў Беларусі, бязь іх падтрымкі гэты праект не атрымалася б рэалізаваць».

Мельнікаў называе ўдзел беларусаў у Польскім Войску даволі маштабнай зьявай: у верасьні 1939 году, з пачаткам Другой усясьветнай вайны, там апынуліся 70 тысяч беларусаў.

Гэтыя 70 тысяч беларусаў пачалі зь першага дня вайны змагацца з нацызмам, зрабілі першы крок да перамогі.

«Праблема ў тым, што пра іх забылі ў Беларусі, — тлумачыць гісторык. — І калі на навуковым узроўні нешта ўзгадвалася, то беларускае грамадзтва забылася на гэтую зьяву. Асабліва на ўсходзе, бо на захадзе яшчэ нешта памяталі з аповедаў дзядуляў-бабуляў. Гэтыя 70 тысяч беларусаў пачалі зь першага дня вайны змагацца з нацызмам, зрабілі першы крок да перамогі. Насамрэч, яны прайшлі ўсю вайну — з 1939 году. Пазьней многія зь іх трапілі ў савецкі палон, былі дэпартаваныя.

Але пасьля дамовы Сікорскі-Майскі 1941 году (аб аднаўленьні дыпляматычных адносінаў СССР з Польшчай, скасаваньні савецка-нямецкіх дамоваў 1939 году аб падзеле Польшчы, вызваленьні 400 зь лішнім тысяч палякаў у СССР. — РС) была створаная армія Андэрса (польскае войска пад польскім камандаваньнем, створанае на савецкай тэрыторыі. — РС), у склад якой трапілі тыя самыя арыштаваныя, у тым ліку з Заходняй Беларусі, у тым ліку этнічныя беларусы.

Яны вызвалялі Эўропу, у тым ліку Італію ў знакамітай бітве пад Монтэ-Касіна, у баях у Нармандыі, у бітве за Брытанію ў 1940 годзе.

Яны пазьней апынуліся ў складзе 2-га Польскага корпусу, які вызваляў Эўропу. У тым ліку Італію ў знакамітай бітве пад Монтэ-Касіна, у баях у Нармандыі, у бітве за Брытанію ў 1940 годзе. Апошняй прысьвечаны цікавы стэнд: польскія эскадрыльлі тады ўнесьлі вялікі ўнёсак у абарону Брытанскіх астравоў і не далі нацыстам правесьці наземную апэрацыю. І ў тых эскадрыльлях было шмат этнічных беларусаў, а ў Беларусі пра гэта амаль ня згадваецца.

Таксама мала хто ведае, што шмат беларусаў служыла да вайны ў Корпусе аховы памежжа (створаным у 1924 годзе ў Польшчы для «змаганьня з бальшавіцкімі бандамі на ўсходнім памежжы». — РС). Цікава распавесьці, як функцыянавала гэтая мяжа».

Пасьля перамогі ў Другой усясьветнай вайне шматлікія беларусы з арміі Андэрса наважыліся вярнуцца на радзіму, але там іх чакалі рэпрэсіі і забыцьцё, распавядае Мельнікаў:

«Шмат жаўнераў пасьля баявых дзеяньняў трапілі ў Вялікую Брытанію, адкуль мелі магчымасьць альбо паехаць па сьвеце, альбо вярнуцца на радзіму. І трагедыя гэтых людзей была ў тым, што шмат зь іх мелі сем’і ў СССР, што на іх падзейнічала савецкая прапаганда, маўляў, «вяртайцеся дадому, усё будзе нармальна».

Шмат беларусаў прыехала з Брытаніі ў савецкую Беларусь у 1945-49 гг. Спачатку іх ніхто не турбаваў, прайшлі «фільтрацыю» і жылі спакойна. Але ўвесну 1951 году была праведзеная апэрацыя па ссылцы ў Сібір былых «андэрсаўцаў», якіх вінавацілі ў антысавецкай агітацыі, дзейнасьці, у службе ў замежным войску. Іх саслалі ў Іркуцкую вобласьць не на працяглы час, да канца 1950-х, пазьней вызвалілі (ссылка была прызнаная судом СССР неабгрунтаванай у 1971 годзе. — РС). Але да канца жыцьця яны не атрымалі статусу ўдзельнікаў Вялікай айчыннай вайны.

Толькі ў 1990-я гады атрымалі першыя мэдалі, а шмат іх памерлі, не дачакаўшыся гэтага моманту.

Яны сапраўды ня ўдзельнічалі ў Вялікай айчыннай — яны ўдзельнічалі ў Другой усясьветнай вайне. Але яны не атрымлівалі ўзнагароды, палёгкі. Толькі ў 1990-я гады атрымалі першыя мэдалі, а шмат іх памерлі, не дачакаўшыся гэтага моманту. Цяпер галоўнае, каб маладыя беларусы ведалі, што іх суайчыньнікі змагаліся з нацызмам і ў Польскім Войску, як і савецкія жаўнеры, і іх унёсак вельмі значны».

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях