19 апреля 2024, пятница, 22:23
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Прэзэнтавалі альбом, зь якога пачаўся беларускі аўтарскі сьпеў

Якасны запіса альбому «Першы сшытак» Алеся Камоцкага знайшоўся праз 30 год пасьля стварэння.

На інтэрнэт-прэзэнтацыя альбому «Першы сшытак», які запісаў Алесь Камоцкі на складзе бара Дзяржтэлерадыё БССР у 1986 годзе. Гэты першы альбом беларускай аўтарскай песьні ў музычнай гісторыі, якасны запіс якога знайшоўся праз 30 год пасьля стварэньня, піша tuzin.fm.

«Цяпер час іншых» – іранічна адзначае Алесь Камоцкі, узгадваючы свой першы альбом. Застаецца толькі здагадвацца, што мае на ўвазе вядомы беларускі паэт і выканаўца. Вымярэньні? Варункі? Песьні? Відавочна, што для яго гэты альбом – мінулае, гісторыя. Для гісторыі ж беларускай аўтарскай песьні – пачатак, але пра гэта сам Алесь Камоцкі заўважае з прыроднай яму сьціпласьцю, сьвядома пазьбягаючы залішняга патасу. Зрэшты, як і тады, у далёкія 80-я, «малады і пачынаючы», ён менш за ўсё думаў, што яго «Першы сшытак» стане пачаткам ня толькі яго ўласнай дыскаграфіі, але і ўсёй гісторыі беларускай бардаўскай песьні. Дамо слова аўтару.

На скрынках з пустымі бутэлькамі

– У далёкім 1986 годзе прыватныя студыі гуказапісу былі недаступныя з-за іх адсутнасьці, існавалі яны пераважна ў марах. Рэальна гуказапісам займалася фірма «Мэлёдыя», але гэта далёка і не прабіцца. Бліжэй была студыя Беларускага радыё, скарыстацца якой было больш рэальна, але й там былі свае «але». Выпадак зьвёў зь Віктарам Баброўскім, які нейкім чынам здабыў добры пульт, мікрафоны і супэрпрыстойны па тых часах магнітафон. Усё гэта, як я разумею, належала тэлестудыі на Макаёнка, таму, кудысьці далёка мы гэта несьці не маглі, і запіс адбыўся на складзе бара тэлестудыі. Усе дэвайсы былі разьмешчаныя на скрынках з пустымі бутэлькамі, на іх жа і селі самі, і праз пару гадзін праца скончылася. З аднога боку хацелася лепшага, а з другога – магчымасьці на той момант былі толькі такія. Але так ці інакш усё было запісана, і гэта быў мой першы альбом.

На цяперашняе вуха альбом гучыць трохі дзікавата. Але справа ў тым, што пульт у нас быў з эфэктамі – на той час дзіковіна – і гукарэжысёру Віктару Баброўскаму, натуральна, вельмі хацелася зь ім пагуляцца. Так, у некаторых месцах рэвер ня проста зашкальвае – ён падмяняе сабой усё. Але тым ня менш, на той час гэта была даволі клясная якасьць. Прадстаўнікоў беларускай аўтарскай песьні тады можна было пералічыць па пальцах: Мельнікаў, Сокалаў, Акулін, Бартосік, Сідаровіч, Шалкевіч... Аднак на той час, у 1986 годзе, падобнага альбома ніхто ня меў.

Ад Купалы да Дубаўца

– У той час на свае вершы яшчэ нічога не пісалася. Усе гэтыя 20 песень – прачытаньне твораў іншых паэтаў. З падборам гэтых вершаў, дарэчы, таксама было вельмі цікава. Я, як тады, так і цяпер, не магу «сыстэматычна» чытаць паэзію – ад старонкі да старонкі. Звычайна проста бярэцца кніжка, гартаецца, штосьці не затрымлівае ўвагу, некаторыя вершы наадварот прыкоўваюць да сябе. Прыблізна так адбывалася і з гэтым альбомам, цягам шасьці-сямі гадоў, пераглядаючы розныя кніжкі, я некаторыя вершы, з тых, што падабаліся, клаў, як мог, на музыку. Паціху іх набралася столькі, што наважыўся запісаць такую праграму, куды ўвайшлі песьні на словы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзімера Жылкі, Ларысы Геніюш, Уладзімера Караткевіча, Сяргея Дубаўца ды іншых выдатных паэтаў.

«Страшна саромеўся гэтага альбома»

– Сыстэма распаўсюду працавала па прынцыпе «сарафаннага радыё». Альбом у літаральным сэнсе хадзіў з рук у рукі, бо недзе знайсьці і купіць яго было проста немагчыма, на палічках у крамах ён не ляжаў, ды і з майго боку нейкіх асаблівых высілкаў па яго прасоўваньні не было і блізка. Людзі элемэнтарна перапісвалі гэтыя дваццаць песень з касэты на касэту. І, скажам, калі я ехаў у 1988 годзе ў Варшаву, то там, дзякуючы менавіта гэтаму альбому, ужо ведалі, хто такі Алесь Камоцкі. Для мяне такі рэзананс быў прыемнай нечаканасьцю.

Больш за тое, калі гэты альбом пайшоў у сьвет, я страшна яго саромеўся. У 1986 годзе я быў на апошнім курсе ўнівэрсітэта, вельмі рэдка недзе сьпяваў на людзях, пераважна гэта адбывалася на кухнях сяброў і знаёмых. Першыя сур’ёзныя выступленьні былі ў Чырвоным касьцёле, тагачасным Доме кіно, таксама выходзіў на разагрэве ў групы «Зарціпо», у якой граў на саксафоне. Але ўсё гэта адбывалася пасьля, у 1987-1988 гадах. Так што да запісу альбома вопыт выкананьня літаральна адсутнічаў.

Гэта зараз, праз 30 гадоў, на цяперашні розум, я ўсьведамляю, што бянтэжыцца не было ніякага сэнсу. Канечне, цяпер і сьпяваецца ня так, і пішацца ня так, і робіцца ня так… Але тады было ня лепш і ня горш. Тады было тады. І, дзякуй Богу, тыя гады зараз успамінаюцца вельмі па-добраму, і тагачасны мой юнацкі сорам – гэта абсалютна нармалёвая зьява.

«Перавыдаваць ня мае сэнсу»

– Перавыданьне на CD гэтага альбома магло адбыцца празь дзесяць гадоў пасьля яго зьяўленьня. Але высьветлілася, што ў мяне нават нармальнай копіі не захавалася, і я шчыра думаў, што ніколі яе не знайду ў прыстойнай якасьці. Але раптоўна, дзякуючы Ўладзю Баранічу, яна знайшлася! Так сталася, што менавіта гэты чалавек, зь якім я далёка ня кожны дзень размаўляю, роўна праз 30 гадоў падараваў мне яе на мой дзень народзінаў. Але сёньня перавыдаваць і перазапісваць гэтыя песьні мне падаецца бессэнсоўным. Іх час ужо быў. Цяпер час іншых.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях