Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартия'97
english version | форум | беларуская версiя
новости  |  акции  |  фотохроника  |  громкие дела  |  документы  |  подшивка  |  проекты  


 АРХИВ 
1998-2002

 АРХИВ 

ПнВтСрЧтПтСбВс
        1 2 3
4 5 6 7 8 9 10
11 12 13 1415 16 17
18 19 20 21 22 23 24
25 26 27 28 29 30 31




 ПОИСК 

расширенный поиск


 ПРОЕКТЫ 


ВСЕ ПРОЕКТЫ

 ПОДПИСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЕКЛАМА 

 РЕКЛАМА 




 НОВОСТИ 



Парк Юрскага перыяду
10:43, 14/08/2003, Алесь Сiлiч, «Народная Воля»

У ЗША з-за памылак аднаго журналiста пайшло ў адстаўку кiраўнiцтва "Нью-Йорк Таймс",а ў Беларусi майстры хлуснi ўзнiмаюцца наверх па службовай лесвiцы.

Амерыканцы "недарэчнасцi" адсочваюць i за iх караюць

Як паведамлялася, у Злучаных Штатах Амерыкi новым галоўным рэдактарам газеты "Нью-Йорк Таймс" - аднаго з самых масавых i ўплывовых выданняў не толькi ў ЗША, але i ва ўсiм свеце - прызначаны былы кiраўнiк бюро гэтага выдання ў Маскве Бiл Келлер. Кiраўнiцтва газеты пайшло ў адстаўку пасля скандалу, які адбыўся напярэдаднi на медыа-рынку ЗША.

Удакладнiм некаторыя дэталi гэтага скандалу. Аказваецца, нагодай для адлучэння ад кiраўнiцтва газетай былога галоўнага рэдактара Хауэла Рэйнса i адказнага рэдактара Джэральда Бойда сталi публiкацыi журналiста Джэйсана Блэра. Апошняга абвiнавацiлi ў "шматлiкiх фальсiфiкацыях фактаў, прыведзеных у яго артыкулах". За публiкацыю неправераных фактаў спаўна паплацiўся не толькi журналiст, але i яго найвышэйшае кiраўнiцтва.

Як чалавека, якi бываў у Амерыцы не раз, мяне ўжо, шчыра кажучы, цяжка здзiвiць узроўнем развiцця дэмакратыi i грамадзянскага супольнiцтва ў гэтай краiне. Але пры кожным выпадку ўсё роўна не перастаю здзiўляцца зноў i зноў. Вось вам яскравы прыклад адказнасцi начальнiкаў за хлусню сваiх падначаленых, вось вам сапраўдная эфектыўнасць законаў i ўплыву супольнасцi на прыняцце рашэнняў! З-за аднаго шэраговага аўтара паляцелi галовы сусветна вядомых тузоў.

У нас - усё наадварот

Дысанансам выглядае на фоне цiкавага выпадку з "Нью-Йорк Таймс" сiтуацыя са сродкамi масавай iнфармацыi ў нас, у Беларусi. У iх, амерыканцаў, за хлусню любога калiбру з трэскам вылятае з работы не толькi журналiст, але i ўсе, хто прапусцiў хлусню ў эфiр альбо на старонкi газеты. У нас такiя "байцы-малайцы" падымаюцца па службовай лесвiцы.

Хто зараз займае самыя высокiя пасады ў кiраўнiцтве некаторых дзяржаўных СМI, у тым лiку самых уплывовых - электронных? Многiя з тых, хто раней вызначыўся як непераўзыдзены вiртуоз хлуснi, арганiзатар брудных прапагандысцкiх кампанiй супраць апанентаў цяперашняга палiтычнага рэжыму. Угледзьцеся ў гэты спiс:

Аляксандр Зiмоўскi. Былы вядучы звыштэндэнцыйнай i хлуслiвай праграмы "Рэзананс" цяпер узначальвае сталiчнае тэлебачанне (СТБ).

Яўген Новiкаў. Былы аглядальнік БТ, чые праграмы вызначалiся злоснай лексiкай i перакручваннем фактаў. Зараз - аўтар перадачы "Па сутнасцi" i адначасова (?!) спецыялiст па сувязях з грамадскiмi арганiзацыямi i сродкамi масавай iнфармацыi пiўной кампанii "Крынiца".

Людмiла Кавалёва. Майстар абразлiвых рэпартажаў, зараз - намеснiк дырэктара агенцтва тэлевiзiйных навiн (АТН).

Нiна Чайка. Вядучая Беларускага радыё. Зараз галоўны рэдактар калiсьцi паважанага часопiса "Нёман".

Юрый Казiятка. Былы вядучы не менш тэндэнцыйнай за "Рэзананс" праграмы "Панорама аналитическая", зараз вялiкi начальнiк - генеральны дырэктар Агульнанацыянальнага тэлебачання (АНТ).

Юрый Азаронак. Стваральнiк нiзкапробнай прапагандысцкай агiткi пад назвай "Дети лжи" i серыi перадач "Тайные пружины политики", цяпер - кiраўнiк прэс-службы рэспублiканскай пракуратуры.

Хiт-парад хлуснi

Каб правесцi сур`ёзны манiторынг усiх выказаных вышэйзгаданымi "майстрамi" ў эфiры прыкладаў вiдавочнай хлуснi, спатрэбiцца як мiнiмум месяц, а гэты артыкул мусiць ператварыцца ў такiм выпадку ў даволi тоўстую кнiжку. Мы вырашылi стварыць своеасаблiвы хiт-парад хлуснi i ўзгадаць наўскiдку толькi адзiнаццаць прыкладаў, пакiдаючы па-за межамi гэтай ацэнкi агульны абразлiвы i зняважлiвы тон тэледыктараў у адрас выбiтных дзеячаў i паважаных людзей Беларусi. У гэтым ганебным радзе - кампанiя шальмавання народнага пiсьменнiка Васiля Быкава...

1. Адкрывае адмоўны хiт-парад, вядома, Аляксандр Зiмоўскi, якому манiць - як на ровары катацца. Чэрвень 2000 года. Скандал з былым старшынёй Нацыянальнага банка Тамарай Вiннiкавай. Журналiст Юры Свiрко бярэ ў выгнаннiцы, якая жыве ў Лондане, iнтэрв`ю. Потым iнтэрв`ю з`яўляецца ў "Народнай волi". Праз некалькi дзён у "Рэзанансе" Зiмоўскага гучаць фрагменты iнтэрв`ю Вiннiкавай, якiх няма нi ў надрукаваным тэксце, нi на дыктафоннай стужцы журналiста Свiрко, прадастаўленай рэдакцыi. Зiмоўскi ў прамым эфiры нахабна сцвярджае, што яму гэтыя фрагменты нiбыта перадаў нейкi патаемны "супрацоўнiк рэдакцыi". Хлусня - гэта могуць сказаць усе супрацоўнiкi рэдакцыi разам альбо кожны паасобку. Тут адно з двух: альбо Зiмоўскi вырашыў часова змянiць пол i прадставiць сябе Тамарай Вiннiкавай, альбо вырашыў падпрацаваць хакерам, узламаць паштовую скрынку журналiста i пазнаёмiцца з яго прыватнай перапiскай з былой банкiркай. У апошнiм яму маглi дапамагаць адпаведныя службы. У любым выпадку прычым тут "Народная воля"? Хлусня ёсць хлусня, яна заўсёды выплыве.

2. Жнiвень 2000 года. Той жа Зiмоўскi паведамляе ў "Рэзанансе", што "у нас создали на деньги простых членов профсоюза "карманный банк" (у бытнасць старшынёй ФПБ У. Ганчарыка. - А.С.). Посадили там на ключевых постах родственников и блатных от профсоюзной верхушки и стали ворочать перекачанными туда взносами рядовых рабочих и служащих и фондами отраслевых профсоюзов. После того как суммы были перераспределены, в основном на коттеджи, дачи и автомобили для профсоюзной элиты, банк тихо подготовили к закрытию. Нажились на этих махинациях десятка три профсоюзных вождей и их прожорливая родня".

Як потым высветлiлася, у "Прафбанку", пра якi iдзе гаворка, былi заснавальнiкамi ажно 63 арганiзацыi, на ключавых пасадах не значылася анiводнай асобы, якую можна назваць сваяком кагосьцi з "профсоюзной верхушки". "Прафбанк" трэслi шматлiкiя правяраючыя структуры, у тым лiку Савет бяспекi, аднак нiякiх злоўжыванняў не знайшлi. Так што дагэтуль невядома, адкуль ва ўзбуджаных мазгах А. Зiмоўскага ўзнiклi прывiды пра "коттеджи, дачи и автомобили для профсоюзной элиты"...

3. 16 снежня 2000 года ў тэлеэфiр выходзiць чарговая перадача Юрыя Азаронка "Тайные пружины политики", у якой нападкам падвяргаецца тагачасны кiраўнiк мiсii АБСЕ ў Беларусi Ханс-Георг Вiк. "Этот седой, благообразный человек (згодна з Азаронкам), делает своей целью создание оппозиции существующей власти". Напрыканцы перадачы Азаронак прапануе паважанаму дыпламату "паковать чемоданы и отправляться нах хауз" (дадому. - А.С.), а яшчэ выказвае "благодарность газете "Народная воля" и ее главному редактору господину Середичу за оригинальную информационную поддержку". Наша газета нiколi не аказвала нiякай - нi прамой, нi ўскоснай - iнфармацыйнай падтрымкi такiм "дзеячам", як Азаронак, а Ханс-Георг Вiк нiколi не займаўся стварэннем апазiцыi, выходзячы за рамкi мандата мiсii АБСЕ.

4. 18 сакавiка 2001 года ў праграме "Рэзананс" Зiмоўскi, дэманструючы нацысцкую хронiку, паведамiў пра тое, што Зянон Пазьняк выношвае планы "выставить небелорусов из Беларуси, а тех, кого не выставят, лишить гражданских прав". Пры гэтым аўтар спаслаўся на артыкул Зянона Станiслававiча "Амерыка для амерыканцаў", надрукаваны ў нашай газеце. Артыкул распавядаў пра тое, як любяць амерыканцы, у мiнулым - людзi розных нацыянальнасцяў, сваю краiну, як клапоцяцца пра яе росквiт. Артыкул нiчога агульнага нiколi не меў i не мае з iнсiнуацыямi Зiмоўскага. Гэтаксама, як не меў нiколi шаноўны Зянон Пазьняк зiмоўскiх планаў правяраць нацыянальнасць грамадзян, якiя ў нас жывуць, i высяляць небеларусаў з Беларусi. Нiколi не было анiводнага слова пра гэта нi ў выступах, нi ў артыкулах, нi ў праграме Зянона Пазьняка на прэзiдэнцкiх выбарах 1994 года. Займаецца прапагандай мiжнацыянальнай непрыязнасцi якраз сам Зiмоўскi ў эфiры нацыянальнага тэлебачання, навешваючы на вушы даверлiвага электарату локшыну.

5. 15 i 17 сакавiка ў чарговай сваёй перадачы "Тайные пружины политики" Азаронак узвёў паклёп на генерала Паўла Казлоўскага, абвiнавацiўшы яго ў "калабарацыянiзме, у развале армii, у этнiчных чыстках у армii ў бытнасць яго мiнiстрам абароны". Казлоўскi звязаў гэтую хлусню з яго рашэннем удзельнiчаць у прэзiдэнцкiх выбарах 2001 года. Ён падаў iск у суд Першамайскага раёна г. Мiнска з заявай пра тое, што ў фiльме ўтрымлiваюцца звесткi, якiя ганьбяць гонар, годнасць i дзелавую рэпутацыю яго як грамадзянiна, палiтычнага i грамадскага дзеяча...

Судовая цяжба Казлоўскага з уладамi i iх памагатымi, як гэта вядзецца ў нашай дзяржаве, плёну не дала, у iску генералу адмовiлi. А вось iнфармацыi пра тое, цi засеў Азаронак за слоўнiкi, каб зразумець сэнс выказвання "этнiчныя чысткi", рэдакцыя "Народнай волi", на жаль, не мае. Цi не лепш было б выпiсаць камандзiроўку адыёзнаму рэжысёру не ў рэспублiканскую пракуратуру, а - у Косава?

6. 22 сакавiка 2001 года. Зноў Азаронак. I зноў "Тайные пружины политики". Вядучы абвiнавацiў старшыню Аб`яднанай грамадзянскай партыi Анатоля Лябедзьку ў атрыманнi 8500 долараў пасля адной з паездак у Польшчу. Што гэта за грошы? Аўтар у тэлепаклёпе робiць такую выснову: "Лябедзька або прадаў свае штаны на варшаўскай барахолцы, або паспяхова жабраваў..." Лябедзька быў больш удачлiвы за Казлоўскага, яму ўдалося нават выйграць суд першай iнстанцыi. Той жа суд Першамайскага раёна г.Мiнска прыйшоў да высновы, што "звесткi, распаўсюджаныя ў аўтарскай праграме ў дачыненнi да Лябедзькi, не адпавядаюць рэчаiснасцi", i вырашыў, што "Юрый Азаронак павiнен абвергнуць гэтыя звесткi на Беларускiм тэлебачаннi", а ў якасцi матэрыяльнага пакрыцця маральнага ўрону спагнаць на карысць iстца з Белтэлерадыёкампанii - 600 000 рублёў, з Азаронка - 400.000. Абвяргаў цi не абвяргаў сваю хлусню на БТ Азаронак - я асабiста не чуў. Але на павышэнне ў пракуратуру адыёзны рэжысёр пайшоў...

7. 9 i 16 красавiка 2001 года на Беларускiм тэлебачаннi ўбачылi свет дзве перадачы Яўгена Новiкава "Права человека: взгляд в мир", у якiх яшчэ адзiн тэлемахляр "наехаў" на пратэстантаў веры евангельскай. Распавядаючы пра адну з самых папулярных у свеце рэлiгiй, Новiкаў не грэбаваў такiмi тэрмiнамi як "секта", "изуверы", апiсваў са смакам, як пратэстанты нiбыта забiваюць дзяцей, прыносячы iх у ахвяру. Плёў, што адзiн з правiнцыяльных дыяканаў у Беларусi быў забiты пратэстантамi, якiя атрымалi за гэта з Захаду долары. На самай справе, як стала вядома, дыякан той памёр ад цырозу печанi (так запiсана ў пасведчаннi аб смерцi). Царква хрысцiян веры евангельскай падала iск на Я. Новiкава ў Першамайскi суд г. Мiнска. Судовы разбор пачаўся ў лiпенi 2001 года i цягнуўся да 24 студзеня мiнулага года. У рэшце рэшт, суд прызнаў сцвярджэннi Новiкава хлуснёй i абавязаў яго прынесцi свае прабачэннi. Прабачэннi былi дзiўнымi, засведчыў у гутарцы з карэспандэнтам "Народнай волi" дэпутат Iван Пашкевiч, "Новiкаў, паказваючы недвухсэнсоўны вiдэарад, паведамляў пра тое, што пратэстанты ў час Вялiкай Айчыннай вайны ваявалi на баку нацыстаў". Вось дык пакаяўся! Каментарыi, як кажуць, не патрэбны...

Дарэчы, днямi Я.Новiкаў увесь эфiрны час праграмы "Па сутнасцi" змяiнай слiнай пырскаў на адрас кiраўнiцтва РГА "Беларускi Хельсiнкскi камiтэт". Маўляў, цi ж такiм людзям займацца праваабарончай дзейнасцю? I тут хочацца сказаць: чыя б карова мычала, а твая, Жэня, памаўчала б. У самога, як кажуць, рыльца ў пушку. Неаднойчы газеты пiсалi, як Мiжнародная лiга правоў чалавека судзiлася са сваiм былым кiраўнiком Я. Новiкавым, якi, аказваецца, на грошы, прадастаўленыя брытанскай дабрачыннай арганiзацыяй на праваабарончую дзейнасць лiгi, набыў сабе шыкоўную кватэру ў Мiнску. Спачатку ён абяцаў, што пасля афiцыйнай рэгiстрацыi арганiзацыi перааформiць кватэру, але потым "забыўся" пра свае абяцаннi...

Узгадаю яшчэ адзiн факт. Будучы акрэдытаваным пры штаб-кватэры НАТО ў Бруселi, я выпадкова завёў размову з супрацоўнiцай Самантай дэ Бендэрн. Саманта цiкавiлася ў мяне, чым займаецца ў Беларусi "дзiўны чалавек, якi як апараны насiўся па штаб-кватэры НАТО, сцвярджаючы, што яму пагражаюць на радзiме забойствам, i прасiў грошай на барацьбу з дыктатурай". Потым яна назвала iмя гэтага дзiвака - Яўген Новiкаў.

Цi не таму спадар-"товарищ" Новiкаў апынуўся ў шэрагу лукашэнкаўскiх прыслугачоў, што яго турнулi адусюль? Заўважу, у адзiн час ён, нават, заглядваў у рот З.Пазьняку, але ў апазiцыi Вярхоўнага Савета 12-га склiкання яго хутка раскусiлi.

Стоп, цi не зашмат увагi я ўдзялiў гэтаму адыёзнаму чалавеку? Пойдзем далей...

8. Сакавiк 2003 года. Мясцовыя выбары. Вызначылася карэспандэнтка Людмiла Кавалёва. У "Панараме" яна, каменцiруючы ўдзел апазiцыi ў чарговай сесii ПА АБСЕ ў Вене, навяла паклёп на амерыканскага кангрэсмена Крыстафера Смiта (яшчэ i параўнаўшы яго з дурнем) i на старшыню Аб`яднанай грамадзянскай партыi Анатоля Лябедзьку. Кавалёва паведамiла гледачам, што Лябедзька "тэлефанаваў сп. Смiту i хлусiў наконт неабгрунтаванага зняцця з выбарчай гонкi ў мясцовыя Саветы некаторых кандыдатаў-дэмакратаў". "Усё, што сказаў Лябедзька - хлусня, - паведамiла Кавалёва. - Прадстаўнiкi Цэнтрвыбаркама на гэты конт у гэты дзень нiчога не чулi". Анатоль Лябедзька паведамiў "Народнай волi", што "нiякага тэлефоннага званка кангрэсмену Смiту наогул не было, паколькi сам Смiт прысутнiчаў у Вене i меў магчымасць разам з iншымi кангрэсменамi i парламентарыямi з многiх краiн свету там жа, у Вене, пачуць ад Лябедзькi iнфармацыю пра сiтуацыю ў Беларусi".

9. Нiна Чайка. Колькi ўжо "добрых" слоў выказвалася пра былую вядучую праграмы "Разговор по существу" на Беларускiм радыё. Многiя памятаюць (сярод тых, канешне, хто яе слухаў. - А.С.) тэндэнцыйны характар перадач, зняважлiвы тон сп. Чайкi ў бок паважаных у грамадстве людзей, асаблiва тых, хто ў апазiцыi да iснуючай улады. Усе беды ў эканамiчным жыццi цяперашняй Беларусi, беднасць пенсiянераў Чайка неаднаразова растлумачыла "развалом великого Советского Союза". Такiя тлумачэннi iнакш як хлуснёй не назавеш. Праўдай было б паведамiць пра высокi ўзровень жыцця ў былых рэспублiках СССР - Эстонii, Латвii, Лiтве, i пра беднаць краiн, дзе пануе дыктатарскi рэжым, - Туркменiстана, Казахстана, Узбекiстана ... i Беларусi. А як расцанiць факты адключэння Чайкай галасоў тэлефануючых на перадачу слухачоў, якiя скардзяцца на жыццё i пачынаюць крытыкаваць чыноўнiкаў, у тым лiку самых высокiх?

10. Цяжэй за ўсё злавiць на хлуснi было высокага майстра дзяржаўнай прапаганды Юрыя Казiятку. Былы вядучы былой "Панорамы аналитической" вельмi асцярожны i адкрытую хлусню ў сваёй праграме амаль не дапускаў. Але даволi часта выкарыстоўваў тэхнiку, якую можна назваць хлуснёй. Напрыклад, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi "Народная Грамада" Мiкалай Статкевiч паведамiў карэспандэнту "Народнай волi", што Казiятка некалькi раз браў у яго iнтэрв`ю, якiя былi надзвычай вялiкiмi. "Але потым, - кажа сп. Статкевiч, - з кантэксту вырывалiся фразы, якiя Казiятка выкарыстоўваў у выгадным для яго святле, i клалiся ў канцэпцыю праграмы". Спадар Статкевiч быў заўсёды непрыемна здзiўлены тым, што заставалася ў эфiры.

Шмат хто памятае i той выпадак, калi на праграму Юрый Казiятка запрасiў Станiслава Шушкевiча. Як толькi былы кiраўнiк дзяржавы пачаў вымаўляць непрыемныя для штатных прапагандыстаў словы, Казiятка проста "вырубiў" Шушкевiча з эфiру. Сiндром Нiны Чайкi?

11. I напрыканцы апошнi скандал з выдварэннем з Беларусi амерыканскай даследчай кампанii "Айрэкс". Невядома кiм зляпаная тэлеагiтка "Паутина" (па почырку нагадвае Азаронка), амаль кожны з пунктаў абвiнавачанняў якой грунтоўна быў абвергнуты кiраўнiцтвам "Айрэкса", паслужыла тым не менш нагодай для скасавання дзяржаўнай лiцэнзii на права для гэтай кампанii працаваць у Беларусi. У вынiку тэлехлуснi "Айрэкс" ад нас з`язджае.

Што тэлешулерам да таго, што многiя абвiнавачаннi рассыпалiся пры першай жа праверцы i былi публiчна абвергнуты?! Хлуснёй з`яўляюцца сцвярджэннi пра дапамогу, якую нiбыта аказваў "Айрэкс" расiйскiм СМI напярэдаднi прэзiдэнцкiх выбараў 2001 года, хлуснёй з`яўляецца i iнфармацыя аб супрацоўнiцтве з Беларускiм саюзам кiнематаграфiстаў, аб парушэннi парадку набыцця аргтэхнiкi, пра 600 тысяч долараў на арганiзацыю "прапагандысцкага вяшчання", нарэшце, пра правядзенне... шпiёнскiх мерапрыемстваў.

Спiс можна працягваць бясконца...

Дарэчы, усе з вышэйзгаданых iнфармацыйных махляроў пайшлi наверх па службовай лесвiцы! Нiхто пад цяжарам адказнасцi за несусветную хлусню i крывадушнасць не быў адстаўлены. Наадварот. Атрымаўшы "агрэман" з боку высокага кiраўнiцтва, некаторыя хлусы, па сутнасцi, сёння атрымалi рычагi кiравання i актыўна ўдзельнiчаюць у замбiраваннi грамадскай думкi.

Рэха нацызму

Падобныя выпадкi ў сучаснай гiсторыi назiралiся ў нацысцкай Германii. Вядомыя ў той час майстры "пудрыць" мазгi масаваму чытачу Альфрэд Розенберг i Юлiус Штрэйхер заснавалi i доўгi час кiравалi буйнейшымi нацысцкiмi газетамi - "Фолькiшэр Беабахтэр" i "Шцюрмер". За тоны хлуснi i дзiкага антысемiтызму, якiя яны вылiвалi на галовы даверлiвага нямецкага электарату, Розенберг i Штрэйхер не тое што не былi зняты са сваiх пастоў а, наадварот, пайшлi наверх. Розенберг, у рэшце рэшт, стаў галоўным iдэолагам гiтлераўскай партыi НСДАП, а Штрэйхер быў прызначаны кiраўнiком Цэнтральнай камiсii па супрацьдзеяннi яўрэйскiм "хiтрыкам" i байкотам у тагачасным кiшэнным парламенце - рэйхстагу, атрымаў званне групенфюрэра СС. Вось як пiсалi гiсторыкi пра гэтага апантанага антысемiта: "У партыi Штрэйхер лiчыўся спецыялiстам "па ўзбуджэннi натоўпу". З года ў год у сваiх выступах i артыкулах ён заклiкаў да барацьбы з яўрэямi... Аднаго разу ён наведаў Нюрнбергскую турму, дзе ў кампанii сяброў цяжка збiў маладога вязня. Прысвойваючы нарабаваную яўрэйскую маёмасць, ён хутка набыў сабе багацце. Яго не раз абвiнавачвалi ў згвалтаваннi i часта ўзбуджалi супраць яго крымiнальныя справы за паклёп...". Гiтлер, аднак, не даваў Штрэйхера ў крыўду i, як сцвярджаюць сучаснiкi, "з найвялiкшай асалодай прачытваў кожны нумар "Шцюрмера" ад першага да апошняга радка".

Скончылi сваю "кiпучую" актыўнасць Розенберг i Штрэйхер на шыбенiцы ў Нюрнбергу...

Пакуль ля руля Юркi, у вушах - агуркi!

Дзякуй богу, сучасная Беларусь - не нацысцкая Германiя, у нас яўрэяў масава не знiшчаюць i войнаў iншым дзяржавам не абвяшчаюць. Але пэўныя паралелi ўсё ж напрошваюцца. Вы iх убачылi, паважаныя чытачы?

Вiдавочна адно - пакуль наталяць наш iнфармацыйны голад будуць рознага кшталту Юрасiкi-карасiкi, краiна так i застанецца, так бы мовiць, рэлiктавым паркам Юрскага перыяду. У прававым сэнсе, безумоўна. Вядомы рэжысёр Стывен Спiлберг прыедзе, напэўна, хутка ў Мiнск здымаць чарговую серыю аднайменнага серыяла, а замежныя тэлегледачы будуць тыцкаць пальцам у нашу краiну на карце свету i казаць: у гэтым парку Юрскага перыяду пад назвай "Беларусь", падобна, нейкiя "iнфазаўры" кiруюць сродкамi масавай iнфармацыi, але калi-небудзь возьмуць ды знiкнуць...



 СЕГОДНЯ 



 РЕКЛАМА 



1998-2007 © Хартия'97. E-mail: charter@charter97.org

Уважаемые коллеги. Напоминаем вам, что при использовании материалов сайта ссылка на пресс-центр Хартии'97 обязательна.

Реклама на сайте. Техническая поддержка webmaster@charter97.org.
Экспорт новостей , информер



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: