|
|
||||||||||||||||||||
![]()
ВСЕ ПРОЕКТЫ
|
Блізкія краявіды Валер’я Дранчука 16:04, 27/04/2005 Блізкі краявід – канцэптуальны панятак, празь які абагульненая не так геаграфія прадстаўленых кампазіцый, як грамадзкія дачыненьні, спосаб думкі і дзеяньня самога аўтара, земляка, публіцыста і выдаўца, заснавальніка і рэдактара газэты “Белавеская пушча”. Менавіта ў блізкіх краявідах любай радзімы – хутара, дзе нарадзіўся, – Валеры зь дзяцінства чэрпаў натхненьне, набіраўся энергіі для творчых задумаў, знаходзіў матывы для малюнкаў і фатаграфій. Менавіта блізкі краявід, на думку В.Дранчука, павінен насычаць і ўзбагачаць асобу дзіцяці, фарміраваць ягоны інтэлект і характар. “Свой дварочак”, свае ваколіцы, родныя лясы і пагоркі павінны стаць аб’ектам павагі і зберажэньня, а не падпадаць пад валак вынішчальнай гаспадаркі ды закідвацца смеццем, лічыць мастак-акцыяніст. Менавіта блізкі краявід – “храм Бога жывога” – вучыць ён мясцовых дзяцей берагчы і ахоўваць: зь ініцыятывы Дранчука былі арганізаваныя ў школе прыродаэтычны клуб (затым творчая студыя) “Сьвятаяньнік” і гурток “Маляўнічая спадчына”, чацверты год дзеіць Летняя школа экалагічнай журналістыкі і краявіду, на ўлоньні заказніка “Хутар Гавязна” распачатыя дзіцячыя экалягічныя пленэры. Стала жывучы ў Менску, В.Дранчук на працягу ўсяго навучальнага года (2002/2003) даваў эксперыментальныя ўрокі выяўленчага мастацтва. З 2001 года выпускаецца спадарожнік газеты “Белавеская пушча” -- школьная экалягічная газэта “Сьвятаяньнік” (выдадзена дзевяць нумароў). “Мая выстава перш-наперш для тых, каго я навучаю, хто цягнецца душой да хараства прыроды, каго вабіць мастацтва – лінія, колер, плястычны вобраз, хто нясе ў сабе Божую іскру, – гаворыць Валер. – Мне важна сказаць дзецям: малюйце, перад вамі мой прыклад, вучыцеся, любіце вачыма – і малюйце лепш за мяне!” Малюнкавы свет мастака багаты і плястычна разнастайны. Невялікія ў памерах, ягоныя формы прыцягваюць хутчэй ня зьнешнім эфектам, а шчырасьцю і неадольным жаданьнем выказацца, падзяліцца захапленьнем ад убачанага ў прыродзе і блізкім наваколлі. Натуральны ў даборы і сціпла падуладны запас начыньня і сродкаў: аловак або туш, пастэль ці гуаш, вугаль ці акварэль, алей або шарыкавая асадка. Працы вымагаюць увагі і нясьпешнага знаёмства. Яны дапамагаюць глыбей зразумець навакольны сьвет і яго вартасьці, стаць бліжэй да роднага краявіду. Асобным працам больш як трыццаць гадоў, паводле іх можна прасачыць эвалюцыю краявідаў, тэндэнцыі зьменлівасьці, характар і асаблівасці ляндшафтнай разнастайнасьці. Адметныя ў гэтай якасьці такія працы як “Замкавое. Пагорак, на якім любілі адпачываць грыбнікі” (1968), “Дрэвы каля дарогі” (1970), “Ліпа з бусьлянкай. Хутар” (1971), “Краявід з пунькай. Кучынаўшчына” (1980). Гэта трэцяя мастацкая выстава В.Дранчука. Першая адбылася яшчэ ў сценах факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта ў 1970 годзе, другая – “Дзень добры, дзеці!” -- у вёсцы Амлынцы Нясьвіскага раёна (2002), якую аўтар прысвяціў маме і ўсім пачатковым школам Беларусі. Выстава “Блізкі краявід” прымеркаваная да Дня (Тыдня) Зямлі ў рамках новай грамадскай ініцыятывы В.Дранчука “Нёманскі клас” “Гэтай выставай, -- сказаў на адкрыцці Валеры Дранчук, -- я менш за ўсё хацеў прыцягнуць увагу да сваіх малюнкаў як твораў мастацтва. Я ведаю іншае, перакананы, што ў іх ёсьць адна прывабная таямніца: мяне адухаўляў і зачароўваў родны блізкі краявід. Краявід, які трэба зберагчы, які нельга апаганьваць і нішчыць. Я хачу, каб мае землякі яшчэ лепш зразумелі гэта”. У часе адкрыцьця адбылася прэзэнтацыя новых кніг і выданьняў В.Дранчука, прагучалі музычныя і літаратурныя творы юных удзельнікаў, у кнізе водгукаў зьявіліся першыя запісы са словамі ўдзячнасьці і захапленьня (а лепш сказаць – разуменьня). Свае экалягічныя праекты на радзіме аўтар ладзіць коштам свайго вольнага часу і ўласных сродкаў, што несумненна абмяжоўвае матэрыяльна-арганізацыйныя магчымасьці, аднак, як зазначае Валеры, падвышае шанцы на самастойнасьць і эксперымент. Каб наведаць выставу, на якую спадар Дранчук запрашае ўсіх сяброў і зацікаўленых, варта зьвязацца з Валер’ем праз тэлефоны 8017 236 50 76 або 8029 6 566 670. ![]() Минск, Белоруссия
1998-2007 © Хартия'97. E-mail: charter@charter97.org Уважаемые коллеги. Напоминаем вам, что при использовании материалов сайта ссылка на пресс-центр Хартии'97 обязательна. Реклама на сайте. Техническая поддержка webmaster@charter97.org. Экспорт новостей
|