|
|
||||||||||||||||||||
![]()
ВСЕ ПРОЕКТЫ
|
Паяцы литературы 10:16, 23/11/2005, Алесь Пашкевич, председатель Союза белорусских писателей, «Народная Воля» Аб усiм — па парадку. 18 лiстапада адбыўся Устаноўчы сход Грамадскага аб`яднання “Саюз пiсьменнiкаў Беларусi”. У Палац прафсаюзаў з`ехалася каля 130 дэлегатаў, перад якiмi выступоўцы i новыя кiраўнiкi Саюза-клона абвiнавацiлi “ранейшую” пiсьменнiцкую арганiзацыю ў “злосным палiтыканстве” i ў тым, што за апошнiя гады лiтаратарамi не было створана значных i годных кнiг, вартых народнай увагi. Кiраўнiцтва Саюза беларускiх пiсьменнiкаў, мяне i маiх намеснiкаў, перад пачаткам пасяджэння выгналi з залы двухметровыя стрыжаныя людзi ў цывiльным, на чыiх грудзях былi цэтлiкi з надпiсам “Аргкамiтэт”. Беларускае тэлебачанне ўрачыста расказала пра стварэнне новага Саюза... Па сутнасцi, нiчога надзвычайнага не здарылася. Ствараць грамадскiя аб`яднаннi — канстытуцыйнае права кожнага грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь. I можна толькi радавацца ўзнiкненню новай арганiзацыi, якая сваiмi статутнымi задачамi робiць “стварэнне належных умоў для творчай дзейнасцi пiсьменнiкаў, рэалiзацыю дзяржаўнай палiтыкi ў галiне культуры, лiтаратуры, адукацыi i мастацтва, практычную рэалiзацыю свабоды слова i друку, ахову творчай спадчыны”. Можна было б радавацца, калi б не асобныя акалiчнасцi. Падрыхтоўка да вышэйзгаданага Устаноўчага сходу праводзiлася высiлкамi дзяржаўных iдэалагiчных структур. Быў задзейнiчаны ўвесь адмiнiстрацыйны рэсурс, вылучаны аўтобусы, каб прывезцi лiтаратараў з розных рэгiёнаў. Урэшце, арэнда Палаца прафсаюзаў i выраб рэкламных расцяжак таксама абышлiся нятанна. I што ў вынiку? Каля 130 дэлегатаў, сярод якiх — толькi з паўсотнi членаў Саюза беларускiх пiсьменнiкаў, сярод iх лiтаратары, якiя яшчэ не маюць сваiх кнiг, сярод iх нямала і тых, каму ў выпадку адмовы ўдзельнiчаць у сходзе пагражалi стратай працы, сярод iх — i не пiсьменнiкi! А ў нашай жа краiне больш за тысячу паэтаў, празаiкаў i драматургаў, з iх 582 маюць членскiя бiлеты Саюза беларускiх пiсьменнiкаў. У запоўненай зале Палаца прафсаюзаў, як я заўважыў, знаходзілася мноства чыноўнiкаў, кiраўнiкоў мiнiстэрстваў i ведамстваў, ваенны аркестр, ахова... “Рэвалюцыi” не адбылося. Больш за тое: кiраўнiцтву дзяржавы арганiзатарамi Устаноўчага пiсьменнiцкага сходу зроблена мядзведжая паслуга! Бо гэта ад iмя дзяржавы пачаўся публiчны падзел на сваiх i чужых лiтаратараў. Бо гэта з яе бюджэту былi выдаткаваны сродкi на правя-дзенне i арганiзацыю “правiльнага” сходу — у той час, калi агульная пiсьменнiцкая арганiзацыя ўжо чацвёрты год нi капейкi не атрымлiвае ад дзяржавы. Аўтобусы знайшлiся, каб прывезцi лiтаратараў з Гомеля i Магiлёва, аднак нiводнага разу iх не было, каб вывезцi тых жа пiсьменнiкаў на сустрэчы з чытачамi, урэшце — каб адвезцi труну нябожчыка... Знайшлiся, вiдавочна, сродкi i час у чыноўнiкаў — i скрушна, што ўсяго гэтага не хапiла, каб на гадавiну смерцi Iвана Шамякiна паставiць на яго магiле помнiк (Савет мiнiстраў нават не адказаў Саюзу пiсьменнiкаў на лiсты-просьбы!). Урэшце, на нашых вачах адбываецца захоп-прыватызацыя назвы: так, Саюзам пiсьменнiкаў Беларусi з 1991 года называўся наш Саюз беларускiх пiсьменнiкаў. Пасля таго, як у 1996 годзе грамадскiм аб`яднанням было забаронена мець у сваёй назве iмя краiны, нас змусiлi ўнесцi змены i ў Статут, i ў саму назву (хоць у Саюзе пiсьменнiкаў — не толькi беларусы, але i рускiя, i габрэi, i палякi, i курд). Былi вымушаны “развiтацца” са сваiмi былымi назвамi i Саюз мастакоў, i Саюз журналiстаў, i Саюз кампазiтараў, i Саюз архiтэктараў. Дэ-юрэ новаабвешчанага Саюза пiсьменнiкаў Беларусi не iснуе, i цяпер перад Мiнiстэрствам юстыцыi нашай краiны паўстала “пiкантная” праблема рэгiстрацыi такога грамадскага аб`яднання. Натуральна, у станоўчым выпадку з заканамернымi прэтэнзiямi выступяць усе названыя i неназваныя творчыя саюзы, прынамсi — уся Канфедэрацыя творчых саюзаў. Сваю “крыўду” не будзе хаваць i пазбаўлены ранейшай назвы Саюз беларускiх пiсьменнiкаў! Саюз, членамi якога былi Купала i Колас, Лынькоў i Крапiва, Броўка i Мележ, Танк i Куляшоў, Панчанка i Караткевiч, Быкаў i Шамякiн, сотнi iншых стваральнiкаў нацыянальнай лiтаратуры. Саюз, сябрамi якога застаюцца народныя пiсьменнiкi i паэты Янка Брыль, Iван Навуменка, Рыгор Барадулiн, Нiл Гiлевiч, усе пiсьменнiкi-ветэраны, усе пiсьменнiкi — лаўрэаты Дзяржаўных прэмiй! Яны пад-трымлiваюць старэйшы i пакуль яшчэ адзiны Саюз пiсьменнiкаў — i ўсе яны разам не заслужылi права быць у Саюзе пiсьменнiкаў Беларусi, а iншым “правiльным” такое права будзе дадзена? Акрамя таго, анiхто са стваральнiкаў i дэлегатаў Устаноўчага сходу Саюза-клона не падаў адпаведнай заявы аб выхадзе з Саюза беларускiх пiсьменнiкаў! За апошнiя ж тры гады ён папоўнiўся на 52 лiтаратары. Маханне шаблямi — не самае страшнае. Страшнейшай бачыцца злосць у вачах некаторых пiсьменнiкаў. Злосцю былi напоўнены некаторыя прамовы, нянавiсць выяўлялася ў паводзiнах некаторых дэлегатаў. Злосць ад незапатрабаванасцi, злосць на свой лёс, на сваю долю. Распачалося паляванне на ведзьмаў, i ў гэтае дзiкае паляванне ўцягваюць дзяржаўнае кiраўнiцтва. У гiсторыi Беларусi, на жаль, падобнае ўжо было: калi над лiтаратурай узмахвалi генеральскiмi шаблямi i рэвальверамi. Чым тое завяршылася — добра вядома: творцаў пачалi абвiнавачваць у контррэвалюцыйнай дзейнасцi, у нацыяналiзме, а з 1927 года — арыштоўваць i расстрэльваць... Саюз беларускiх пiсьменнiкаў “погряз в злобном политиканстве”, за апошняе дзесяцiгоддзе не было створана нiводнай значнай кнiгi — рабiлi жалезныя адкрыццi апантаныя клопатам за лёс лiтаратуры выступоўцы. I ўсё тое старанна транслiравала Беларускае тэлебачанне. Заўваг пра палiтыканства (i нестатутную дзейнасць) Саюзу пiсьменнiкаў не рабiла нават пiльнае Мiнiстэрства юстыцыi! I як, не маючы доступу да дзяржаўных СМI, даказаць i пераканаць, што за апошнiя гады значныя кнiгi ўсё ж з`яўлялiся? Урэшце, хто ж не дазваляў усiм выступоўцам-крытыканам пiсаць тыя кнiгi?! Саюз жа iх не пiша! Зрэшты, навошта ж тады трацiлiся немалыя сродкi з дзяржбюджэту на выданне кнiг у “Мастацкай лiтаратуры” i ў “холдынгаўскiм” выдавецтве (кнiг, адзначу, кiраўнiкоў новага Саюза-клона)? Кнiгi Народных пісьменнікаў Брыля, Быкава, Барадулiна, Гiлевiча ў апошнiя гады выдаюцца не за дзяржаўныя грошы, як i новыя кнiгi Святланы Алексiевiч, Уладзiмiра Арлова, Генадзя Бураўкiна, Леанiда Дранько-Майсюка, Вольгi Iпатавай, Вiктара Карамазава, Алега Лойкi, Нiны Мацяш, Паўла Мiсько, Уладзiмiра Някляева, Алеся Разанава i сотняў iншых — маладзейшых — лiтаратараў. А новыя кнiгi Анатоля Вярцiнскага, Генрыха Далiдовiча, Леанiда Дайнекi, Алеся Жука, Сяргея Законнiкава, Васiля Зуёнка, Вiктара Казько, Анатоля Кудраўца i сотняў iншых — таксама не выдаюцца. Усе згаданыя i незгаданыя творцы — яны што, не пiсьменнiкi Беларусi?! Далей за ўсiх на сходзе Саюза-клона “дайшоў” адзiн з “рускамоўных” паэтаў, генiяльнасцi якога занадта цесна ў Беларусi. Беларуская мова, адзначыў ён, памiрае, i гэта — натуральны заканамерны працэс, i з гэтым трэба ўрэшце змiрыцца некаторым пiсьменнiкам. Што ж, не першым ён у тым запэўнiвае i, на жаль, не апошнiм. I сцяг яму ў рукi! I сусвет — пад ногi: пiшы не горш за Ясенiна i Пастэрнака! Толькi баюся, што канкурыраваць без рэвальвера ён не можа i з тутэйшымi рускамоўнымi, бо не можа не амярцвець душа ад слоў тых! У лiтаратурным жыццi Беларусi — неспакойна. I бачыць Бог — не па вiне Саюза беларускiх пiсьменнiкаў, сённяшняе кiраўнiцтва якога нiколi не праводзiла падзелу сяброў сваёй арганiзацыi на “белых” цi “чырвоных”, сваiх i чужых, беларускамоўных i рускамоўных. Усiм iм знаходзiлася месца, усе яны былі пiсьменнiкамi Беларусi, а ацэнка вялася толькi па ступенi прафесiяналiзму. Вялася i будзе весцiся, бо лiтаратура творыцца не дзеля доказу лаяльнасцi ўладзе. Лiтаратура ствараецца дзеля сённяшняга i заўтрашняга нашага народа. I сёння ёй, як нiколi, патрэбны агульнанародная ўвага i падтрымка! Саюз беларускiх пiсьменнiкаў працуе, як i працаваў: з верай, што ў яго не будзе забрана i нашае заўтра. На грамадскiх пачатках дзейнiчаюць секцыi паэзii, прозы i крытыкi, прыёмная камiсiя; вядзецца прапаганда лiтаратурнай спадчыны i сучаснасцi (штотыдзень ладзяцца творчыя юбiлейныя вечарыны i прэзентацыi кнiг), функцыянуе бiблiятэка, мацуюцца творчыя кантакты з лiтаратарамi замежжа (толькi за апошнiя тры гады сумеснымi намаганнямi выйшаў шэраг анталогiй беларускай паэзii i прозы ў перакладах на рускую i балгарскую мовы, рыхтуюцца выданнi ў Польшчы i Славакii), ушаноўваецца памяць памерлых, прымаюцца новыя сябры. Саюз пiсьменнiкаў быў, ёсць i будзе! Жылi i будуць жыць i беларуская, i руская мовы! Была i застаецца лiтаратура Беларусi
1998-2007 © Хартия'97. E-mail: charter@charter97.org Уважаемые коллеги. Напоминаем вам, что при использовании материалов сайта ссылка на пресс-центр Хартии'97 обязательна. Реклама на сайте. Техническая поддержка webmaster@charter97.org. Экспорт новостей
|