|
|
||||||||||||||||||||
![]()
ВСЕ ПРОЕКТЫ
|
Станислав Богданкевич: «Будут большие сложности для белорусского рубля, экономики, банковской системы» 16:33, 17/01/2007 -- Cкажите, что вы имеете в виду под девальвацией рубля в данном случае. У меня есть фирма в Германии, которая поставляет продукцию для белорусского госпредприятия, значит ли это, что возможен вариант невыплаты долговых обязательств, как это в России во время дефолта? -- Не, не азначае. Дэвальвацыя азначае, што сёньня адзін даляр каштуе 2.140 беларускіх рублёў, а празь месяц-два ён будзе каштаваць 2.200, 2.300. То бок, каб набыць даляр, трэба будзе патраціць больш беларускіх рублёў. Але гэта ня нейкі абвал, гэта дэвальвацыя. Я мяркую, што ў бягучым годзе яна ня будзе сьмяротнай для грашовага звароту, устойлівасьці валюты і банкаўскай сыстэмы. І ніяк сур`ёзна не адаб`ецца на плацяжах на карысьць замежных партнэраў, тых жа немцаў. -- Паважаны спадар Багданкевіч! Ведаю, што звычайна «рэзэpвовы фонд» урады трымаюць у замежных банках, нават Расея сваi 260 млрд. дол.$ А дзе «рэзэpвовы фонд» Беларусi? Калi зараз Расея аддасьць дыктатару 41% (ад бюджэту РБ ), то колькi аддавала ў 2006, 1995? -- Наш нацыянальны банк, гэтаксама як і іншыя цэнтральныя банкі – Расеі і г.д. – трымае свае рэзэрвы, залатавалютныя фонды ў іншых дзяржавах. Беларусь трымае ў асноўным у ЗША, у меншай ступні ў Эўразьвязе. І часткова трымае іх у каштоўных паперах, дзяржаўных каштоўных паперах ЗША, таму што яны лічацца найбольш ліквіднымі і найменш падвяргаюцца абясцэньваньню. Так было, калі я яшчэ быў старшынём Нацыянальнага банку, тое самае цяпер. Другое пытаньне, што рэзэрвы сёньня складаюцца з валюты і залатых запасаў. Залатыя запасы ў асноўным захоўваюцца ў Нацыянальным банку. Наконт бюджэта: я перападлічыў гэтую суму, пасьля таго як пачуў заяву Пуціна пра гэтыя 41%, і налічыў трошкі менш – 25% прыкладна ад бюджэту Рэспублікі Беларусь спансіруе Расея для ўтрыманьня гэтага дыктатарскага рэжыму ў Беларусі. У іншыя гады Расея спансіравала трошкі менш, да 2001 году, таму што цэны на нафтапрадукты былі меншыя на міжнародным рынку, цяпер – большыя, таму падтрымка – ад 4 да 7 мільярдаў даляраў. А ў 1995 – 2000 гг. спансіраваньне было меншым, таму што цэны былі ў сьвеце былі ніжэйшыя на нафту і газ. Велічыню гэтага спансіраваньня мы лічым як розьніцу паміж усясьветнымі цэнамі, ўнутрырасейскімі цэнамі і цэнамі, па якіх пастаўляліся газ і нафта ў Беларусь. -- Станіслаў Антонавіч, ці праўда, што ў свой час, яшчэ да Лукашэнкі, былі надрукаваны грошы з "Пагоняй" і што яны недзе захоўваюцца да лепшых часоў? -- Гэта праўда, яны былі надрукаваныя ў Нямеччыне. Урад Кебіча выдзяліў Нацыянальнаму банку грошы для гэтай мэты. Кебіч, праўда, нядаўна адмовіўся ад таго, што даў на гэта грошы, але гэта праўда. Ён веў нейкую незразумелую палітыку – з аднаго боку хацеў аб`яднацца з Расеяй і перайсьці на расейскі рубель, з другога боку ў Нямеччыне правёў перамовы і нам перадаў тое, аб чым там дамовіўся, потым перамовы вёў мой намесьнік, і такія грошы ёсьць, з "Пагоняй" і з маім подпісам. Яны ляжалі да апошняга часу ў схованках Нацыянальнага банку, ня вядаю, ці ляжаць яны там сёньня, але думаю, што ляжаць. Гэта ўжо ня “зайчыкі”, а на іх вялікія грамадзяне Беларусі – Францыск Скарына, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Янка Купала. Толькі Каліноўскага там няма, а іншыя вялікія грамадзяне Беларусі атрымалі сваё ўвекавечаньне на гэтых грошах. І Паўлінка там ёсьць – такі зборны вобраз беларускай дзяўчыны-прыгажуні. -- Станіслаў Антонавіч, у Вас тры сыны, але не чуваць, каб які-небудзь з іх пайшоў у палітыку. Гэта праўда. Трэцяму сыну толькі 11 гадоў, ён яшчэ вучыцца ў шостай клясе гімназіі. Што да старэйшых сыноў, то яны працуюць – адзін працуе ў камэрцыйнай фірме наёмным працаўніком, ён калісьці скончыў наргас, другі таксама ў апошні год працуе ў будаўнічай фірме. Яны палітыкай не займаюцца, хаця падзяляюць мае дэмакратычныя погляды, падтрымліваюць мяне, на мітынгі ходзяць. Да таго, што дзеці палітыкаў удзельнічаюць у палітыцы, я стаўлюся няблага, калі яны гэта робяць без пратэкцыі з боку бацькі. А калі Лукашэнка прызначыў, парушыўшы закон, свайго сына сябрам Рады бясьпекі – гэта ганьба, гэта азіяцкі такі мэтад, калі свайго сына ён праштурхоўвае ва ўладу. -- Вялiкi дзякуй, што не далi увесцi расiйскi рубель як адзiны плацёжны сродак Беларусi i Расii, калi былi старшынёй Нацбанка. Я магу сказаць, што ў той час я ня быў палітыкам, я быў сябрам камісіі, якая вяла перамовы з расейскім урадам і цэнтральным банкам, і я разглядаў толькі артыкулы, якія тычыліся чыста грашовых, банкаўскіх, крэдытных пытаньняў. І ў пытаньні, дзе гаварылі пра тое, што мне патрэбна падпісаць перадачу актываў і пасіваў Нацыянальнага банку, якія належаць нашай дзяржаве, на балянс чужой дзяржавы, я, натуральна, на гэта пайсьці ня мог, і такія вось нормы катэгарычна адмаўляў. -- Станіслаў Антонавіч, чаму Вы былі супраць увядзеньня беларускай валюты, калі інфляцыя рубля пагражала жахлівымі наступствамі для беларускай эканомікі? Дзякуй! -- Нацыянальная валюта, нацыянальныя грошы – гэта прыкмета самастойнасьці і сувэрэннасьці дзяржавы. Сувэрэнная дзяржава сама ўстанаўляе і грашовую адзінку, і памеры эмісіі, і працэнтную палітыку, валютную палітыку, валютны курс, абменны курс і гэтак далей. Спачатку ў нас была вялікая інфляцыя, і яна была выкліканая якраз тым, што ў нас не было сваёй грашовай адзінкі, нацыянальнай адзінкі – у нас быў савецкі рубель, рубель дзяржавы, якая ўжо не існавала. І 12 эмісійных банкаў самастойна, не каардынуючы выпускалі гэтыя грошы ў абарот, і гэта прывяло да гіпэрінфляцыі. І дзеля таго, каб незалежна ад іншых атрымаць перамогу ад інфляцыяй, трэба было быць сувэрэннай дзяржавай і мець сувэрэнны Нацыянальны банк. І гэта мы ўжо зрабілі, у канцы 1994 году ў нас фактычна была ўведзена нацыянальная валюта ў чацьвёртым квартале, а ўжо ў 1995 годзе мы стабілізавалі беларускі рубель у адносінах да даляра, і цэлы год у нас адзін даляр трымаўся на вышыні 11.500 беларускіх рублёў. -- Якой назве для беларускай валюты ў будучыні мы павінны аддаць перавагу, а дакладней вы якой аддаеце? Гэтае пытаньне мы разглядалі на Прэзыдыюме Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня. Разглядаліся два варыянты: талер і рубель. Акрамя Ніла Гілевіча, у той час ніхто талер не падтрымаў пры абмеркаваньні. Магчыма, нехта яшчэ ўстрымаўся. Я не магу сказаць, за якую назву я выступаў бы. Думаю, гэтае пытаньне трэба абасноўваць. Было шмат розных прапаноў. Магу толькі сказаць, што я супраць назвы "рубель", бо гэта расейская назва, і для сувэрэннай дзяржавы трэба мець сваю назву. -- Ці лічыце вы, што пры зьмене ўлады, мы мусім разьвіваць нацыянальную валюту а не імкнуцца да, скажам, эўра? -- Наконт эўра я думаю, што такой пэрспэктывы ў бліжэйшыя 15-20 год у нас проста няма, бо для гэтага трэба быць сябрам Эўразьвязу, а сёньня ні з адной пазыцыі мы не падрыхтаваныя да ўваходу ў ЭЗ – ні эканамічна, ні палітычна, ні па іншых пытаньнях. У нас дыктатура, і каб перайсьці, патрэбна шмат часу. Нават такія дзяржавы як Літва, Латвія, Эстонія і Польшча – і тыя адразу ня могуць перайсьці на эўра, там вялікія патрабаваньні, якія трэба выконваць, трымацца стандартаў у эканоміцы, рынкавай эканоміцы, трэба адмаўляцца ад так званага "ручнога кіравання" эканомікай, якім карыстаецца А.Лукашэнка і ягоны рэжым, і гэтак далей – то бок, мы не гатовы проста, таму я стаю за тое, што на пераходным этапе нам трэба быць самастойнымі, сувэрэннымі, мець сваю нацыянальную валюту. -- Што бы вы рабілі. калі б былі старшынём нацбанку зараз -- у сувязі з расейскай зьменай палітыкі? -- Я б сказаў, што Нацыянальны банк і сёньня праводзіць найбольш разумную і найбольш рынкавую палітыку, і ў гэтым заслуга яго сёньняшняга кіраўніцтва, сёньняшніх прафэсіяналаў у кіраўніцтве Нацыянальнага банка. Дрэнна тое, што Нацыянальны банк не самастойны, што ён падпарадкаваны прэзыдэнту, ураду, старшыня Нацыянальнага банка зроблены сябрам ураду – гэта дрэнна, у бальшыні нармалёвых рынкавых краінах у любога цэнтральнага банку любой дзяржавы ёсьць аўтаномія. У нас гэтага няма, таму выканаўчая ўлада даводзіць да банка, колькі выдаць крэдыту на пасяўную кампанію, уборачную кампанію стратным прадпрыемствам і гэтак далей, і гэта дрэнна. Дрэнна тое, што нацыянальны прадукт у Беларусі прырастае ў апошнія гады па афіцыйным дадзеным на 8-10%, а крэдытная запазычанасьць эканомікі камэрцыйным банкам узрастае ў 4 ці нават больш разоў. То бок, ёсьць перакос, нарастае грашовы навес над нацыянальным прадуктам, што можа прывесьці да абвалу рубля й абвалу банкаўскай сыстэмы. Абвалу, можа, і ня будзе, калі рост эканомікі будзе 8-10% у год, але калі тэмпы росту зьнізяцца і стануць нулявымі, а гэтаму можа спрыяць падвышэньне цэнаў на энэрганосьбіты, расейскія газ і нафту, то гэта будуць вялікія цяжкасьці для беларускага рубля, беларускай эканомікі, беларускай банкаўскай сыстэмы. -- Станислав Антонович, с прошедшим Вас юбилеем! В условиях сложившейся ситуации в российско-беларуских отношениях и уменьшением дотирования беларускай экономики со стороны России, как Вы считаете начнет ли руководство нашей страны рыночные преобразования или пойдет путем ужесточения государственного контроля в экономике и уничтожения предпринимательства? Какой Ваш прогноз? -- Мой прагноз, што ўсё-ткі ня вельмі шырокія, але прынамсі нейкія рынкавыя пераўтварэньні будуць. Хаця сярод апазыцыйных эканамістаў я знаходжуся ў меншасьці. Большасьць лічыць, што Лукашэнка вернецца яшчэ да большай адміністратыўнай, аўтарытарнай эканомікі, будзе сачыць, кіраваць "рукамі", што называецца, любым прадпрыемствам, даводзіць да любога прадпрыемства не агульныя падаткі, працэнты, а адмысловыя, для таго каб не дапусьціць сацыяльнага абвалу – гэта можа зьніжаць эфэктыўнасьць, але гэта можа падтрымліваць на плыву некаторыя стратныя прадпрыемствы. Я думаю, што калі цяжка ў гаспадарцы, трэба сабаку адвязваць, каб ён сам "пасьвіўся" – разьвіваць рынак, разьвіваць малы і сярэдні бізнэс, і такім шляхам можна будзе не дапусьціць зьніжэньня ўзроўню жыцьця беларусаў. І я думаю, што ўсё-такі на сярэднім узроўні ў дзяржаўных кіраўнічых структурах ёсьць нямала прафэсійна падрыхтаваных людзей. Я гэта бачу, будучы сябрам рады па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысэртацый, дзе я і цяпер супрацоўнічаю, і я бачу, што ў Беларусі нямала падрыхтаваных людзей, якія разумеюць, што безь пераходу на рынак ня можа быць палепшаньня эфэктыўнасьці, рэнтабэльнасьці, прыбытковасьці, стабільнасьці цэнаў і ўзроўню жыцьця. Таму я асабіста думаю, што ўсё-ткі Лукашэнка пойдзе на некаторыя, можа, няпоўныя, абмежаваныя, але некаторыя рынкавыя пераўтварэньні. - Добры дзень паважаны Станіслаў Антонавіч! Як Вы лічыте,калі пачнуць дзейнічать новыя сістемы гарантый заховання ўкладаў фізычных асоб у банках, у сувязі з новым банкаўскім кодэксам ад 27.10.2006г. Што яны рэальна дадуць насельніцтву? Як Вы асабіста ацэньваеце узровень стабільнасті фінансава-банкаўскай сістемы Рэспублікі Беларусь цяпер і ў бліжэйшы час і дзеянні ўлад у гэтым накірунку. Усяго Вам найлепшага. Я думаю, што ў кароткатэрміновым пэрыядзе часу беларускі рубель будзе больш-менш стабільны. Будзе інфляцыя і рост цэнаў, невялікая дэвальвацыя, але ў цэлым ён будзе стабільным, таму што ёсьць залатавалютныя рэзэрвы, больш чым адзін мільярд даляраў, ёсьць фонд нацыянальнага разьвіцьця – недзе 600 мільёнаў даляраў, то бок, ёсьць некаторыя амартызатары. Таму абвалу беларускага рубля ня будзе. Але ў пэрспэктыве – бо нам Расея дала 4 гады, і пасьля цэны на нафту і газ будуць агульнаэўрапейскімі, усясьветнымі, якімі будзе карыстацца беларуская эканоміка – і сёньня эканоміка не гатовая, усе гэтыя расейскія датацыі былі пушчаныя на спартовыя комплексы, крыху – на добраўладкаваньне гарадоў, але не на атрыманьне энэргазьберагаючай тэхналёгіі, не на тэхнічную рэканструкцыю і г.д. Таму я думаю, што ў нас можа быць абвал рубля, але ня ў гэтым годзе, а недзе бліжэй да 2011 году, калі рэжым Лукашэнкі ня зьменіцца, ня сыдзе ў адстаўку, калі ня прыйдуць прафэсіяналы і ня будуць праводзіць гэтыя даўно ўжо патрэбныя рынкавыя пераўтварэньні. - Уважаемый Станислав Антонович! Меня интересует такой вопрос: я взял кредит в долларах США на покупку жилья в городе Солигорске на 10 лет. И теперь беспокоюсь: если в связи с подорожанием энергоресурсов произойдет обвал белорусского рубля, и размер заработной платы в пересчете на доллраы США резко упадет, то будет очень проблематично выплачивать данный кредит. И теперь я очень жалею, что не взял кредит в бело- русских рублях. Как вы считаете, насколько обоснованны мои опасения? Вашыя хваляваньні маюць сэнс. Хаця за 10 год пагашэньня гэтага крэдыту шмат чаго яшчэ можа памяняцца. Але лепш сёньня было б мець крэдыт у нацыянальнай валюце, пры інфляцыі лепш за ўсё пагашаць інфляцыйнымі грашыма ўсе крэдыты. Крэдыты абясцэньваюцца для крэдытазаёмшчыка, калі ідзе дэвальвацыя, падзеньне рубля. - Шаноўны Станіслаў Антонавіч, для беларускай палітыкі вы з`яўляецеся даволі незвычайнай асобай. І ня толькі па таму, што вы зрабілі для яе, але яшчэ і па таму, як вы у яе трапілі. Спачатку вы сталі сапраўдным Спецыялістам у сваёй галіне, зрабілі ўсё, што можна было зрабіць у тых умовах, потым годна пакінулі сваю пасаду і сышлі ў палітыку. Пры гэтым, змагаючыся за ўладу, вы выкарыстоўвалі той досьвед, які набылі за сваё жыццё (у тым ліку і на працы)... Але, як мне падаецца, асноўная частка беларускай апазіцыйнай палітычнай эліты рабіла па-іншаму. Вучыцца жыццю яны прыйшлі ў палітыку. Канечне, яны навучыліся таму, чыму навучыцца было магчыма ў нашых умовах. Але, бадай што, адзіная спецыяльнасць, да якой рыхтуе сёняшняя беларуская палітыка, - гэта дэмагогія. Атрымліваецца, што калі сітуацыя ў краіне зьменіцца, да улады ў краіне прыйдзе генерацыя палітыкаў-дэмагогаў, і Беларусь адчуе адсутнасць людзей, якія здольныя рэфармаваць краіну. Вы, як чалавек блізкі да нашага палітычнага сьвету, маглі б сказаць, ці насамрэч існуе такая праблема. І, калі існуе, ці ёсць магчымасць яе выправіць? Калі гавораць "апазыцыя", то супрацьпастаўляюць дэмакратычнай апазыцыі намэнклятуру, то бок, чыноўнікаў, якія знаходзяцца сёньня ва ўладзе. Я так не супрацьпастаўляю – можа, грамадзянскай пазыцыі не хапае ў многіх чыноўнікаў, якія сёньня пры ўладзе, але сярод іх нямала людзей, якія думаюць дэмакратычна, гатовыя праводзіць рынкавыя пераўтварэньні й г.д. Бо хто сёньня са мной у апазыцыі? Ня толькі ж я прафэсіянал, а там і Вайтовіч, там і Чыгір, і Сасноў, і Манаеў, і прафэсар Тарасаў, і шмат іншых. Я не хацеў бы называць працаўнікоў у самой сыстэме ўлады, якія на кухні думаюць па-іншаму, але, на жаль, служаць гэтаму рэжыму – але я думаю, што калі б да ўлады замест рэжыму Лукашэнкі прыйшлі неабавязкова з апазыцыі, а нават зь сёньняшняй намэнклятуры падрыхтаваныя, адукаваныя людзі, якія дэмакратызавалі б дзяржаву і павялі б неабходныя рынкавыя перабудаваньні, то я б сказаў, што гэта перамога дэмакратычнай апазыцыі. Няважна, хто прыйдзе да ўлады, важна, каб гэты рэпрэсіўны, адміністратыўны, антынародны рэжым быў заменены на іншы. А сярод маіх калег вельмі многа нармалёвых , прафэсійных людзей – юрыстаў, эканамістаў, вайскоўцаў – сярод нас жа ёсьць і палкоўнікі, і генэралы, і людзі з навуковымі ступенямі, званьнямі і г.д.
1998-2007 © Хартия'97. E-mail: charter@charter97.org Уважаемые коллеги. Напоминаем вам, что при использовании материалов сайта ссылка на пресс-центр Хартии'97 обязательна. Реклама на сайте. Техническая поддержка webmaster@charter97.org. Экспорт новостей
|