|
|
||||||||||||||||||||
![]()
ВСЕ ПРОЕКТЫ
|
Пакуль не скончыцца вайна… 12:41, 22/06/2007, Уладзімір Халіп
Магчыма, гэта супадзенне. Але, ва ўсякім разе, гэта яшчэ нагода ўспомніць вялікага сына Краіны Беларусь, дакрануцца да ягоных кніг, падумаць. Ды вось толькі не чуваць яго імя ў гэты чэрвень. Так, ПЭН-цэнтр паклікаў ускласці кветкі да яго магілы. Там сёння бел-чырвона-белыя гваздзікі, васількі. Дзякуй і на тым. А дзе ж вялікая Дзяржава, якая так натужліва дэкларуе сваю адметную незалежнасць і да гэтых дзён грукоча ў барабан вайны? Так, нейкая кінаэкранізацыя прамільгнула недзе на тэлеэкране. Але хутчэй за ўсё - з нагоды “вялікага подзвігу, калі партыя і савецкі народ…” І гэтак далей. А Васіль Быкаў? Не ўслаўлены дзеля ідэі, а сапраўдны герой вайны. З беларусаў беларус, якога ведаюць і чытаюць ва ўсім свеце. Гонар нацыі. Столькі часу прайшло з таго дня, калі народ Беларусі выйшаў на вуліцы Мінска развітацца са сваім вялікім сынам. Можа, хоць вуліцу якую назвалі ў гонар Быкава? Дзе там! Уся бальшавіцкая шпана ўвекавечана ў назвах нашых плошчаў і галоўных вуліц. Усе каты не забыты. Калі дзе хоць які расійскі ваяка міма праязджаў, яго імя тут уганаравана назаўсёды. Ды што там вуліца! Грамадства сабрала нейкія грошы на выданне збору твораў. І выдатная была задума – усё аддаць бібліятэкам. Каб краіна магла прачытаць не знявечаныя цэнзурай, а сапраўдныя творы Быкава. Хтосьці з бібліятэкараў прыняў з удзячнасцю. Хтосьці прыняў і схаваў падалей – да лепшых дзён. А шмат хто адмовіўся: не той час! Можа, калі-небудзь потым, калі прыйдзе доўгачаканая свабода… Няшчасная краіна, абвесціўшы на ўвесь свет сваё бээсэсэраўскае паходжанне, перадвызначыла сабе незайздросны лёс. Яна ўзяла з сабой у будучыню ўсё савецкае ламачча і цяпер не ведае, што з ім рабіць. Гэта Краіна Беларусь мае за сабой і БНР, і вызвольныя паўстанні, і Вялікае Княства, і старажытную Полацкую дзяржаву. А ў БССР за душой – толькі сумнавядомы бальшавізм ды вайна. І ўся моц прапаганды была кінута на ўслаўленне ваеннай гісторыі, бо іншай не было. І сапраўды, намаганнямі прафесійных прапагандыстаў і шматлікіх генералаў быў узведзены велічны манумент усенароднага подзвігу пад кіраўніцтвам партыі, калі ўвесь савецкі народ, усе, як адзін… І такая ўзнялася хваля ўсенароднай любові да гэтай вайны, такі ўсеагульны ўздым савецкага патрыятызму, што здавалася, хопіць яго на стагоддзі. Але прыйшоў сапраўдны працаўнік той вайны, камандзір узвода саракапятак, двойчы цяжка паранены, зажыва пахаваны, і распавёў пра тое, што бачыў. І ўсім стала зразумела, што з хлусні нічога не збудуеш. І тады ўсемагутная савецкая ўлада, з усімі яе маршаламі і генераламі, з усімі спецслужбамі і палітаддзеламі, абвесціла яму бязлітасную вайну. Ужо няма той улады. Няма і таго двацацігадовага артыллерыста, які на вайне ўбачыў тое, чаго ўвесь савецкі народ бачыць і ўсведамляць не хацеў. Горыч ягонай праўды была нясцерпнай. І за гэта ўсё жыццё яму помсцілі, помсцілі і помсцяць да гэтага часу. Пры жыцці – подласцю. Цяпер – маўчаннем. Забыццём. А вайна, якой бы яна ні была, - гэта вайна. Яна знішчае і разбурае. А гэта ганебная, дзікая, неверагодна подлая вайна супраць найслаўнейшага беларуса Васіля Быкава – разбурае нашы душы, знішчае Беларусь. І пакуль народ не прымусіць уладу скончыць гэту подлую вайну, у Беларусі ніколі нічога не будзе. hhhhh
1998-2007 © Хартия'97. E-mail: charter@charter97.org Уважаемые коллеги. Напоминаем вам, что при использовании материалов сайта ссылка на пресс-центр Хартии'97 обязательна. Реклама на сайте. Техническая поддержка webmaster@charter97.org. Экспорт новостей
|