Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Кто «руководит балом» в белорусских судах? 16:20, 16/07/2007
Жодинские правозащитники обратились в Комитет по правам человека ООН и надеются на его авторитетную поддержку в защите гражданских и политических прав в Беларуси.
Як паведаміла праваабарончаму цэнтру “Вясна” жодзінская праваабаронца Сьвятлана Лапіцкая, 28 чэрвеня 2007 года ў Прадстаўніцтва ААН у Менску была пададзена заява для разгляду ў Камітэце па правах чалавека ААН ад заяўнікоў, пацярпелых у выніку дзеяньняў гарадзкіх уладаў (у прыватнасьці, старшыні Жодзінскага гарвыканкаму Грышчанкі В.І.).
На думку заяўнікоў, гарадзкія ўлады незаконна забаранілі мірны мітынг грамадзянаў у Жодзіне 23 верасня 2006 года, дзе плянавалася абмеркаваць становішча ў краіне, выказацца ў падтрымку ейнага сувэрэнітэту і незалежнасьці. На мерапрыемства, якое было замоўлена ў законным парадку (за 15 дзён да плянуемага сходу), на афіцыйна вылучаным і прыстасаваным для масавых мерапрыемстваў месцы (пляцоўка ля цэнтральнага ўваходу ў Жодзінскі гарадзкі парк культуры) былі запрошаны вядомыя ў Беларусі грамадзкія і палітычныя лідары: апанэнт улады на прэзыдэнтскіх выбарах у 2006 годзе Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка. Таксама, плянаваліся выступы вядомых у Жодзіне грамадзянскіх актывістаў і лідэраў грамадзкае думкі.
Са словаў праваабаронцаў, “дадзеная забарона ёсьць грубым і ўжо сыстэматычным парушэньнем гарадзкімі ўладамі Жодзіна права грамадзянаў на мірныя сходы, якое адлюстраванае ў Асноўным Законе Рэспублікі Беларусь (арт. 35) і ў адпаведных палажэньнях Закону аб масавых мерапрыемствах, а таксама тычыцца парушэньня грамадзянскіх і палітычных правоў заяўнікоў, адлюстраваных у Канстытуцыі РБ (арт. 21 п.3; арт.60) і арт. 21 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 1966г., падпісанага Рэспублікай Беларусь і абавязковага для выкананьня ўсімі суб’ектамі права.”
Падобныя забароны мірных сходаў і мітынгаў з удзелам вядомых палітыкаў і актывістаў грамадзянскай супольнасьці адбываліся масава і ў іншых гарадах Беларусі.
Як лічыць адзін з заяўнікоў забароненага Жодзінскімі ўладамі мірнага мітынгу, праваабаронца Аляксей Лапіцкі: “Гэта - распаўсюджаная сёньня ў Беларусі практыка парушэньня неад’емнага права грамадзянаў на мірныя сходы, асацыацыі, абмен інфармацыяй, без якіх немагчымае разьвіцьцё грамадзянскай ініцыятывы і кансалідацыі ў грамадзтве, зьдзяйсьненьне свабоднага, асэнсаванага выбару грамадзянаў, немагчымы дзейсны грамадзкі кантроль над дзейнасьцю ўлады, а таксама публічнае адстойваньне грамадзянскіх і палітычных правоў. А значыцца – няма дэмакратычнага праўнага поля, няма дэмакратыі і свабоды. Але гэта той неабходны падмурак, без якога немагчыма эфэктыўна адстойваць таксама й жыцьцёва важкія эканамічныя інтарэсы грамадзянаў у Беларусі.
Нягледзячы на гучныя словы кіраўніцтва краіны і ідэолягаў усіх узроўняў пра наяўнасьць у Беларусі “сапраўднай незалежнасьці, суверэнітэту, дэмакратыі і грамадзянскага міру”, паказальнага разьвіцьця “правільнай дзяржаўнай грамадзянскай супольнасьць” і “найлепшага ў сьвеце” выкананьня асноўных грамадзянскіх правоў і свабодаў, на практыцы тут назіраецца сыстэматычнае і грубае парушэньне законнасьці, прызумпцыі Канстытуцыйных нормаў, міжнародных абавязкаў Беларусі па імплемэнтацыі ў нутранае заканадаўства і судавытворчую практыку агульнапрызнаных і абавязковых для кожнае краіны ўдзельніцы дамовы міжнародных нормаў права.
Насамрэч, сьвядомае шыракомаштабнае парушэньне правоў грамадзянаў і адпаведных нормаў міжнародных дамоваў у Беларусі – ёсьць праяваю гэткага суцэльнага стратэгічнага падману грамадзтва, ілжывай і, па сутнасьці, антыбеларускай ідэалёгіі - падмены ідэалаў дэмакратыі, незалежнасьці і свабоды.
Для таго, каб стаць “моцнай і квітнеючай”, Беларусь павінна навучыцца паважаць і выконваць уласныя міжнародныя абавязкі, правы ўласных грамадзянаў, стаць надзейным і прадказальным эканамічным партнэрам, дэмакратычнай праўнай дзяржаваю, якая павялічвае патэнцыял сяброўства і міру вакол сябе, а не імкнецца шукаць ворагаў і вучыць сусьвет з дапамогаю ваяўнічае адыёзнасьці і неадэкватнасьці.”