|
|
||||||||||||||||||||
![]()
ВСЕ ПРОЕКТЫ
|
У Багдадзе ўсе спакойна 11:06, 30/07/2007, Уладзімір Халіп Што здарылася? Над Домам урада завісла талерка? З метро на паверхню выйшаў атрад неапазнанага войска? Проста 27 ліпеня – дзень сапраўднай, а не дэкрэтна-рэфнрэндумнай незалежнасці. Той самы дзень, калі Вярхоўны Савет пры неверагодным супраціве камуністаў прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце Беларусі. Краіна аднавіла незалежнасць. З гэтай нагоды каля Чырвонага касцёла неабыякавыя да свайго лёсу грамадзяне меркавалі сустрэцца з дэпутатамі, удзельнікамі тых ужо гістарычных падзей. А потым прайсці да помніка Янкі Купалы. Ускласці кветкі, пачытаць вершы. Стрэл “Аўроры” і штурм Зімняга не планаваўся. Дзеля гэтага варта было сілавыя структуры ставіць на рогі? Журналісты падлічылі, што мабілізавана было 18 аўтобусаў са спецназам і 12 з нейкім амонам ці мала яшчэ з кім. Аўтазакі, спецмашыны ўліку не падлягаюць – дробязь. І гэта ў краіне, якая наважылася эканоміць нават рубель. Ды кожны, хто навучыўся лічыць да трох, уцяміў бы, што на адным толькі паліве, якое спатрэбілася для перадыслакацыі такой арды, можна выйграць ці не палову тутэйшай бітвы за ўраджай. Дык навошта асігнацыі кідаем у печ? А таму што страшна! Да дрыжыкаў, да халоднага поту. Дакладна ж было вядома, што прыйдзе шмат моладзі. Звесткі паступілі задоўга да небяспечнага дня. І міліцыя збівалася з ног, ловячы моладзевых актывістаў. Як перадавікі вытворчасці, працавалі адданыя ісціне суддзі і не стамляліся выносіць бескампрамісныя прысуды. Найперш за лаянку.Нават прыдумаць што-небудзь рэальнае не спяшаюцца. А навошта? Ну не выносяць нашы далікатныя суддзі расійскага брыдкаслоўя! Незразумела толькі, чаму пры такой цнатлівасці яны даэтуль не кінулі за краты родны амон, які кроку не ступіць без мацюгоў. Але чаго не зробіш дзеля стабільнасці… Па нашых экранах блукаў калісьці трафейны фільм пра стабільнасць. Там такія разгортваліся авантуры, але з’яўляўся праз пэўны час вартаўнік з калатоўкай, грукаў у браму і абвяшчаў: “Спіце, спіце! У Багдадзе ўсё спакойна!” Так і наш шматпакутны рэжым – суцяшае сябе, суцяшае: стабільнасць, стабільнасць! А калі збярэцца дзе жменька небэрсээмаўскай моладзі, падымае па трывозе спецназ. Рэжым ведае, што робіць. Прадчуванне небяспекі ў яго ўнікальнае. І таму каторы ўжо год ідзе зацятая вайна супраць моладзі. На баку ўлады – увесь яе знакаміты рэсурс: спецслужбы, спецназы, бронетэхніка. А на баку маладых, акрамя бязмежнай адвагі, нічога. Але ёсць і ў іх надзейны і непераможны саюзнік – час. Вунь якія мальцы заставацца пры ўладзе збіраліся вечна! Генералісімус Сталін, той жа Адольф Алаізавіч, рашучы сіньёр Піначэт, таварыш Пол Пот, непахісны Мілошавіч… Дзе яны ўсе? У Паўднёвай Карэі калісьці таксама шчыравалі крутыя дыктатары. Са студэнцкімі бунтаўнікамі не цырымоніліся. Пакідалі ўсіх за краты. Здавалася, вырашылі праблему. Аднойчы і назаўсёды. Але мінуў час. Выйшлі на волю тыя студэнты. Пасталелі. Як і варта было чакаць, дамагліся ўлады. І пасадзілі сваіх турэмшчыкаў. Даўно ўжо знойдзены самы дзейсны спосаб барацьбы з незадаволенымі – перамовы. Калі два бакі садзяцца за стол і ў свабоднай дыскусіі спрабуюць знайсці кампраміс. Але якія дыскусіі могуць быць тут, калі ў аднаго з бакоў на ўсе выпадкі жыцця толькі два аргументы: дубінка і параша. А таму супрацьстаянне будзе толькі ўзмацняцца. Суды будуць ліхаманкава штампаваць прысуды. І тутэйшы лесапавал у вёсцы Малое Сітна адным палітвязнем не абмяжуецца. Аднак як ні шалей, а струменьчык у пясочным гадзінніку дыктатуры з кожным днём усё танейшы. Бо гэта – дыктатура старых. Незалежна ад узросту яе прарабаў. Рэжым безнадзейна старых. А прыйшло пакаленне маладых і свабодных людзей. З кожным годам іх усё больш. А надзейнага электарата ўсё меней. І краіна няўмольна пераходзіць у рукі маладых. Ідыёцкая вайна супраць іх даўно і беспаваротна прайграна. Можна яшчэ раз вывесці на плошчу Якуба Коласа бронетэхніку і нават сабак. Можна выкапаць на праспекце акопы. Або са звязкай гранат непахісна стаяць на лініі Сталіна. Але нішто ўжо не дапаможа. Перамогі не дачакацца. 25 сакавіка, у Дзень Волі, амонаўскія кардоны не прапусцілі людзей на Плошчу. На скрыжаванні вуліцы Янкі Купалы і прасаекта Францыска Скарыны сабралася некалькі тысяч тых, хто хацеў адзначыць вялікае свята. Падыходзілі ўсё новыя людзі. Наганяючы жах, уздоўж праспекта гойсалі спецназаўскія калоны. А на ўскрайку ходнікаў стаяла прыгожая дзяўчына. І спакойна, павольна заплятала ў касу бел-чырвона-белую стужку. Усё, даражэнькія!.. Ніякія спецназы не дапамогуць. Законаў прыроды ні рэферэндумам, ні дэкрэтам не зменіш. Маладосць выбірае прыгожае. hhhhh
1998-2007 © Хартия'97. E-mail: charter@charter97.org Уважаемые коллеги. Напоминаем вам, что при использовании материалов сайта ссылка на пресс-центр Хартии'97 обязательна. Реклама на сайте. Техническая поддержка webmaster@charter97.org. Экспорт новостей
|