|
|
||||||||||||||||||||
![]()
ВСЕ ПРОЕКТЫ
|
Выбар выспы 12:46, 06/08/2007, Уладзімір Халіп Але, падобна, да асэнсавання пакуль яшчэ далёка. Яно, чалавецтва, апошнім часам настойліва мяняе свае прыярытэты. І асаблівых слёз заўважана пакуль што не было. Такую стрыманасць можна зразумець – памерлі вельмі старыя паны. Адзін нарадзіўся яшчэ ў васемнаццатым годзе мінулага стагоддзя. А другі ўвогуле ў дванаццатым. І ў апошнія гады яны ўжо не здымалі, хаця Антаніёні і спрабаваў, нягледзячы на цяжкую хваробу, з творчасцю не развітвацца. А Бергман яшчэ ў васьмідзесятыя наважыўся ў кінематограф болей не вяртацца. І ў апошнія гады жыў адасоблена на выспе Фаро. Позна, занадта позна, адолеўшы жалезную заслону і ўсе калючыя драты, дайшлі да нашых гледачоў іх славутыя фільмы. І якім жа дзіўным і доўгачаканым было тутэйшае іх адкрыццё. Спачатку, вядома ж, на абмежаваных, толькі для адмыслоўцаў, праглядах. Вядомы даследчык італьянскага кіно, саромечыся, тлумачыў першым гледачам, што найвялікшае значэнне ў фільмах Антаніёні маюць святло і колер, бо дэманстравалася чорна-белая стужка – дзе-небудзь зняты крадком кантратып. Значна пазней ужо і на экранах кінатэатраў з’явіліся фільмы “Зацьменне”, “Блоў ап”, “Прафесія: рэпарцёр”, “Чырвоная пустыня” ды іншыя. Але ці не згубіліся яны ў нашэсці тых шэдэўраў, якія хлынулі ў краіну пасля таго, як абрынулася непахісная заслона? Чаго ж так баялася пільная наша ахова, чаму не пускала на экраны выдатнейшыя творы мастацтва? Няўжо магутнай уладзе пагражалі нечым горыч загадкавай усмешкі Монікі Віці або пакутлівыя падрабязнасці гарнізоннага жыцця на ўскрайку змрочнай пустыні? Напэўна ж, пагражалі. Нават вытанчанае валоданне сакрэтамі святла і колеру, пра якое распавядаў перад чорна-белым экранам вядомі кіназнаўца, пагражала найперш тым, што падрывала аўтарытэт нашай прамысловасці. Бо кінастужка айчынная, у залежнасці ад партыі, давала непазбежна ад дваццаці да ста адсоткаў браку. Якія ўжо тут эксперыменты! А калі паглядзець нават сёння хаця б тую ж “Чырвоную пустыню”, хіба не ўзнікне процьма асацыяцый зусім непажаданых? Гарнізон, які стаіць на мяжы пустыні і жыве прадчуваннем страшэннай пагрозы, якая выяўнасці так і не набывае, хіба нічога нам не нагадае? Майстэрства, дасканалае ў кожнай дэталі, попытам карыстаецца далёка не заўсёды. І думаць хочацца не ўсім. А таму, калі недаступныя раней творы Антаніёні пачалі з’яўляцца і ў кінатэатрах, поўных залаў яны ўжо не збіралі. Шмат што прайшло міма гэтай краіны. І стала здабыткам гісторыі, так і не стаўшы здабыткам жыцця. Тое ж было і з Бергманам. З вялікім спазненнем дапусцілі яго ў наш запаведнік. Творчасць рэжысэра, драматурга ў значнай меры засталася малавядомай. Але ж было і дзівоснае выключэнне. Калі ўпершыню з’явілася на нашых экранах “Сунічная паляна”, гэта быў сапраўдны шок. Цяжкія сны старога прафесара Ісака Борга чамусьці ўзрушылі найперш маладых і прымусілі шмат каго зусім іншымі вачыма зірнуць на жыццё. Пройдзе час, і гадзіннік без стрэлак, і катафалк у апусцелым горадзе, ды шмат чаго іншага расцягнуць па савецкіх фільмах, ператвараючы ў банальнасць. А тады гэта ўсё ўспрымалася так, як павінна было ўспрымацца. І нездарма ж, калі шмат гадоў пазней у нейкім кінатэатры быў заяўлены сеанс фільма на мове нямецкай, туды таксама было не прабіцца. Чым так прывабіла тагачасных гледачоў гісторыя заблытаных стасункаў старога прафесара з ягоным мінулым жыццём? Зусім жа не супадалі рэаліі ў той час бязмежна далёкай краіны з рэаліямі тутэйшымі. Але чалавек, напэўна, дзе б ён ні жыў, застаецца сам на сам усё з тымі ж праблемамі, усё з тым жа комплексам віны за паспешліва здзейсненыя ўчынкі, за крыўды і боль, няхай і выпадкова ўчыненыя блізкім людзям. А Бергман, напэўна, самы шчыры з усіх вялікіх майстроў. Ён распавядаў пра тое, што перажыў, што прынесла яму столькі пакутаў. “Я змадэляваў вобраз,- пісаў ён потым,- які знешне нагадваў майго бацьку, але, па сутнасці, ад пачатку да канца гэта быў я сам”. І шмат хто, напэўна, у самотным старым угледзеў самога сябе. Тым болей, што ўсім тады так не ставала шчырасці. Да таго ж, запрасіўшы на галоўную ролю вядома актора і рэжысёра Віктара Шастрома, ён не толькі знайшоў выдатнага выканаўцу. Ён знайшоў чалавека, якога глыбока хвалявала ўсё тое, што так пакутліва спрабаваў адолець на зыходзе жыцця прафесар Ісак Борг. “Віктар Шастром вырваў у мяне з рук тэкст, зрабіў яго сваім, уклаў у яго свой досвед: уласныя пакуты, адчужанасць, жорсткасць, страх, адзіноту, холад, цяпло, стрыманасць, смутак. Заняўшы маю душу ў вобразе майго бацькі, ён ператварыў яе ў сваю ўласнасць, не пакінуўшы мне ні драбніцы”. Ці не акрэсліў тут Бергман адзін з галоўных законаў рэжысуры – неабходнасць знайсці менавіта таго выканаўцу, які “вырве тэкст” і ператворыць яго ў свой. Тады ёсць надзея, што тыя, у цёмнай залі кінатэтру, таксама вырвуць тэкст у выканаўцы і зробяць сваім назаўсёды. У мінулыя дні мы развіталіся з высокім кінематографам. Аўтарскае кіно – даволі няпэўнае і недакладнае яго азначэнне. Калі-небудзь, магчыма, знойдуць іншае. У эпоху блокбастэраў няма яму месца. А шчырасць увогуле з’ява несвоечасовая і недарэчная. Хто ведае, можа і ў той, неспазнанай і няўмольнай, рэжысуры таксама ёсць нейкія нязначныя адхіленні ад жорсткіх законаў рамяства. І не ўсё сканчаецца аднойчы і назаўсёды. І цяпер дзе-небудзь у бязмежжы нетутэйшага акіяна набягае нячутна на бераг вада, лёгкі вецер прыгінае сухую траву. І ідуць няспешна ўздоўж берага двое старых паноў. І той, хто апынуўся там днём раней, распавядае пра тое, што хвалямі ўкатаны бераг нідзе не сканчаецца, а невысокія ўзгоркі, што лёгкай палоскай сінеюць на даляглядзе – не выключана Атлантыда. А смерці ніякай няма. Ёсць толькі выбар выспы. hhhhh
1998-2007 © Хартия'97. E-mail: charter@charter97.org Уважаемые коллеги. Напоминаем вам, что при использовании материалов сайта ссылка на пресс-центр Хартии'97 обязательна. Реклама на сайте. Техническая поддержка webmaster@charter97.org. Экспорт новостей
|