|
|
||||||||||||||||||||
![]()
ВСЕ ПРОЕКТЫ
|
…І мова на развітанне 10:06, 13/08/2007, Уладзімір Халіп Але што возьмеш у тутэйшых, усім вядомых умовах? Выбух цэнаў на рынку жылля? Шалёны рост камунальных плацяжоў? Або пацікавіцца, якім гэта чынам дзяржава трапіла ў энергетычную залежнасць ад толькі адной краіны, якая да таго ж ніколі не хавала свайго намеру Беларусь праглынуць? І які тут выкруціць можна законапраект? А вось справакаваць найвышэйшы гнеў зусім верагодна. А таму – толькі мова. У 1933-м вунь як патапталіся па ёй сталінскія наркамы. І потым колькі разоў адзначаліся на гэтым полі іх пазнейшыя паслядоўнікі. Дык чым жа народныя абраннікі горшыя? Прыняўшы рашэнне, як заспяшаліся! І камісія адпаведная ёсць, і ў адпачынак падаліся з намерам ужо на восеньскай сесіі ўзяць быка за рогі. А як жа адкладваць надалей гэта набалелае пытанне, калі, як адзначыў тутэйшай расійскай газеце старшыня вышэйпамянёнай камісіі, “белорусы путаются в написании “у” и “ў”, не понимают, где ставить мягкий знак, что писать с большой буквы”. Апошняя заўвага не надта шчырая. Беларусам даўно і недвухсэнсоўна патлумачылі, хто тут пішацца з літары вялікай. Ды і астатнія трывогі – звычайная лухта. У кожнай краіне процьма людзей, якія “не понимают, где ставить мягкий знак” і шмат у чым яшчэ ўпэўненасці не адчуваюць. Яно і зразумела. Адны, седзячы за партай, старанна вывучалі правілы граматыкі. А іншыя тым часам ганялі мячык па двары. І дзеля іх камфорту ніхто нідзе мову не спрашчае. Звычайна тыя, хто блытаецца ў правапісе, займаюць больш сціплае месца ў жыцці. І парламенты іх непісьменнасцю не надта апякуюцца. Не ведаеш, дзе ставіць мяккі знак, – вучыся. Якія тут праблемы? Адзіная выснова, што вынікае з дэпутацкай занепакоенасці, – гэта сапраўды катастрафічны стан беларускамоўнай адукацыі. У краіне Беларусь – ніводнай вышэйшай навучальнай установы, дзе выкладанне вялося б на мове беларускай. І нават Нацыянальная Акадэмія навук выказваецца супраць грамадскіх прапаноў аб адкрыцці беларускамоўнага універсітэта. На той падставе, што мова беларуская ў нас і без таго – дзяржаўная. І гэта ніякім чынам не хвалюе дэпутатаў. А вось правапіс – клопат надзённы. Але гэта ўсё ўжо было. У 1993-м, якраз у жніўні, Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову “Аб удасканаленні правапісу беларускай літаратурнай мовы”. У адпаведнасці з гэтай пастановай стваралася Дзяржаўная камісія, якая павінна была праз пэўны час унесці прапановы на гэты конт. З сённяшнімі аматарамі рэвалюцыйнай лінгвістыкі камісію тую не параўнаць. У яе склад увайшлі найвыдатнейшыя вучоныя-мовазнаўцы. А таксама вядомыя беларускія пісьменнікі – Ніл Гілевіч, Васіль Зуёнак, Анатоль Клышка, Алесь Яскевіч, Барыс Сачанка, Іван Навуменка, Янка Брыль. І да якой жа высновы прыйшлі яны пасля ўсіх дыскусій і шырокага абмеркавання ў тады яшчэ адкрытай прэсе? Яны спынілі ўсе памкненні тагачасных рэфарматараў. Вось цытата з іх заключэння: “Сёння найвялікшая наша бяда не ў тым, што правапіс недасканалы, а ў тым, што ўвогуле беларускай мове, нягледзячы нават на яе дзяржаўны статус, усё яшчэ пагражае асіміляцыя і паглынанне з боку мацней усталяванай у нас мовы міждзяржаўных зносін, што становішча беларускай мовы ў грамадстве ўсё яшчэ кволае… Змяненні ж у правапісе цягнуць за сабой не толькі матэрыяльныя выдаткі, затраты значнага часу на іх пашырэнне і ўкараненне, але і зніжэнне прэстыжу беларускай літаратурнай мовы, тэмпаў яе пашырэння”. У тых людзей былі і сапраўднае разуменне, і пачуццё адказнасці перад гісторыяй. У сённяшніх, акрамя самаўпэўненасці і нахабства, за душой нічога. І наўрад ці варта сумнявацца, што іх унёсак у мовазнаўства будзе неабсяжны. А ўвогуле, невытлумачальная цікавасць улады да праблем лінгвістыкі – пэўны сіндром. У свой час таварыш Сталін, правадыр і генералісімус, дасягнуўшы адпаведнага узросту, вельмі зацікавіўся расійскім мовазнаўствам. Можна толькі здагадвацца, чым бы скончылася ўсё пры ягоных магчымасцях. Але, як сведчаць крамлёўскія апокрыфы, скарыстаўшыся імгненнем старэчай слабасці, яго прыціснулі падушкай халуі. А нехта, па імені Лаўрушка, нават уссеў на яе сваім цяжкім азадкам. Так яно было, ці не так, але з сумнага таго сакавіка прайшлі дзесяцігоддзі. І дзе цяпер знойдзеш тоўсты том правадырскіх “Вопросов языкознания»? Усё канула ў Лету. І толькі ў памяці народа подзьвіг той застаўся. Калымскі зэк адзначыў гэта песняй, якая і сёння не змаўкае на прасторы ад Калінінграда да Магадана. А дэпутатаў можна зразумець. Ужо выразна чуецца шоргат заслоны, якая ў хуткім часе спыніць іх дзейнасць. І хочацца вельмі, каб пасля непазбежнага зыходу народ абраннікаў сваіх памятаў доўга. Адмена нейкіх там скідак на праезд для інвалідаў і старых – хіба для гэткай памяці нагода? Таму адзіная надзея – мовазнаўства. І вось ужо размешчаны ў інтэрнеце законапраект “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. І не трэба звяртаць ўвагі на мноства памылак у тэксце. Было ж сказана: блытаюцца беларусы! І дэпутаты таксама. Затое кожны, прачытаўшы праект, можа выказаць свае заўвагі і прапановы ў парадку ўсенароднага абмеркавання. Прапановы ёсць. Дакладней, адна. Але затое кардынальная. Пакінуць беларускую мову ў спакоі і заняцца кітайскай. Які маштаб, якая прастора! Чаму ж не наваліцца на яе ўсёй дэпутацкай грамадой? Кампетэнцыя тая ж, а вынікі – непараўнальныя. Там жа колькі іерогліфаў! Калі ў нас хтосьці блытаецца паміж “у” і “ў”, то можна ўявіць, якія клопаты з тымі іерогліфамі. Дык чаму ж яе, братнюю, не перавесці на кірыліцу? Гэта ж якая была б рэформа! І падхапілі б удзячныя браты тую даўнюю песню калымскага зэка, змяніўшы толькі архаічнае “товарищ Сталин” на актуальнае “товарищ Палата”. І заспявала б яе амаль палова планеты – ад Калінінграда да Шанхая. А няшчасную літару “ў” пакінуць бы ў спакоі. Колькі яе можна мучыць? hhhhh
1998-2007 © Хартия'97. E-mail: charter@charter97.org Уважаемые коллеги. Напоминаем вам, что при использовании материалов сайта ссылка на пресс-центр Хартии'97 обязательна. Реклама на сайте. Техническая поддержка webmaster@charter97.org. Экспорт новостей
|