Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандр Мілінкевіч стаў лаўрэатам міжнароднай прэміі Свабоды 21:17, 10/09/2007
Аляксандр Мілінкевіч стаў лаўрэатам прэміі Свабоды. Гэтая ўзнагарода ўручаецца штогод Лібэральным Інтэрнацыяналам – міжнароднай федэрацыяй ліберальных партыяў, у якую ўваходзяць больш за 60 палітычных груповак з 56 краінаў свету. Узнагарода прысуджаецца асобам, якія зрабілі выбітны ўнёсак у справу абароны правоў чалавека і палітычных свабодаў.
У папярэднія гады прэмію Свабоды Лібэральнага Інтэрнацыяналу атрымалі такія вядомыя палітыкі, як чэскі прэзідэнт Вацлаў Гавэл, міністар замежных справаў Германіі Ганс-Дзітрых Геншэр, лідэр расейскай партыі “Яблоко” Грыгорый Яўлінскі, прэзідэнт Эстоніі Ленарт Мэры і прэм’ер-міністр Пакістану Бэназір Бхута.
Аб значэнні дадзенай узнагароды для беларускай дэмакратычнай супольнасці і дзейнасці, за якую яна была прысуджана Аляксандру Мілінкевічу, распавёў дарадца беларускага палітыка, палітолаг Алесь Лагвінец: "Гэта вельмі прыемная навіна, тым больш, што мы самі пра гэта даведаліся post factum. Прысуджэнне прэміі – гэта чарговае міжнароднае прызнанне дзейнасці беларускіх дэмакратычных сілаў. Дзейнасці па адстойванні правоў чалавека і па распаўсюду дэмакратычных каштоўнасцяў у нашай краіне. Менавіта таму лідэр Руху “За Свабоду” быў уганараваны сусветным згуртаваннем ліберальных партыяў".
Уручэнне прэстыжнай міжнароднай адзнакі адбудзецца ў лістападзе гэтага года ў нямецкім Гамбурзе.
Гэта не першая міжнародная ўзнагарода ў галіне абароны грамадзянскіх свабодаў, уручаная Аляксандру Мілінкевічу. Прыгадаем, што ў 2006 годзе лідэр Руху “За Свабоду” стаў лаўрэатам прэміі імя Андрэя Сахарава, якую ўручае Еўрапейскі парламент.