20 красавiка 2024, Субота, 7:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ігар Варашкевіч: Сваю «бонду» ў Адраджэнне мы ўнеслі

17
Ігар Варашкевіч: Сваю «бонду» ў Адраджэнне мы ўнеслі
Фото: kp.by

Сёння лідару гурта «Крама» Ігару Варашкевічу спаўняецца 55 год.

Напярэдадні юбілею легендарны буларускі музыка даў інтэрв'ю сайту charter97.org.

- Сёння лідару гурта «Крама» Ігару Варашкевічу спаўняецца 55 год — час, калі можна падвесці пэўныя вынікі. Як бы вы ацанілі ролю гуртоў, у якіх гралі - «Бонда», «Крама» - у гісторыі беларускай альтэрнатыўнай музыкі? Як яны паўплывалі на беларускую моладзь?

- Я не магу сказаць, што гурты ў якіх я спяваў ці пісаў песні, - лепшыя беларускамоўныя ці проста беларускія музычныя калектывы. Але я спадзяюся, што нейкі ўплыў ўсё ж такі быў, нейкую сваю бонду ў адраджэнне беларускай культуры мы ўнеслі. Нягледзячы на тое, як усё склалася пазней, нягледзячы на сённяшнюю сітуацыю. Усё ж такі спадзяюся, што мы нешта зрабілі, але як яно ёсць на самой справе - я не ведаю.

- Вы вельмі сціплы чалавек. На вашыя музычныя густы паўплывалі польскія гурты, але спачатку вы спявалі па-руску. Што стала для вас штуршком да таго, каб пачаць выконваць песні па-беларуску?

- Я слухаў польскую музыку яшчэ ў школе. Мая бабуля, маці бацькі, была полькай. Яе сястра з'ехала ў Польшчу, а яна засталася тут. І бацька мой вывучаў польскую мову. Яны безумоўна слухалі Skałdowe, Czerwono-Czarni, Севярына Краеўскага, Чэслава Немана. Я гэта ўсё слухаў, але больш у той час любіў Black Sabbath, Led Zeppelin, Deep Purple. Але я знаходзіўся ў такім асяроддзі, дзе быў кавалачак польскай культуры. Бабуля, да якой я часта ездзіў у Паставы, размаўляла на беларуска-польскай «трасянцы», была каталічкай. Потым я пачаў слухаць Breakout - гэта адзін з маіх любімых польскіх блюзавых гуртоў. Яго вакалістам быў Тадэвуш Налепа.

Калі вярнуўся з войска, на фоне ўвядзення ваеннага становішча ў Польшчы у нас пайшла хваля папулярнасці польскага року. Я тады ім вельмі захапіўся. Англамоўную музыку ў той час, акрамя некаторых гуртоў, амаль не слухаў. Ужо ў інстытуце патрапіў у «Студыю 7», праз год ці два з'явіліся беларусікя тэксты ў Сяржука Кныша. Я, ён і Іван Маркаў вырашылі стварыць беларускамоўную групу. Само сабой так атрымалася. Сыйшоў Брэжнеў, амаль кожны год сталі мяняцца генсекі, пачыналася перабудова. Напэўна, усё гэта было ў паветры.

Да гэтага я яшчэ спяваў песні на байкі Кандрата Крапівы. Прычым, гэта яшчэ было да войска.

- Вы - адзін з заснавальнікаў беларускага року. У чым на вашую думку, яго асаблівасць, адрозненне ад падобнай музыкі ў Польшчы, Украіне, Расіі?

- Польскі рок не быў падобны на астатнія менавіта ў 80-я гады. Таму што цяпер музыкі сталі імкнуцца быць падобнымі на англійскія, амерыканскія гурты, пачалі спяваць па-англійску. А беларускі рок ідзе больш шляхам гурта N.R.M. Мне цяжка аналізаваць, дрэнна ці добра, што такіх гуртоў як «Крама» больш няма, я не ведаю, але ўсё, што я чую, усё, што можна назваць сучасным тварам беларускага року, больш нагадвае N.R.M. Прычым не ў лепшых фарбах, на жаль. Ёсць цікавыя музыкі. Мне падабаецца Re1ikt, Navi. Прычым, не важна ў якім стылі яны граюць рок ці поп-рок. Я не музычны крытык, не сачу за музычнымі навінамі. Блакада - не блакада, але па тэлевізары не паказваюць беларускіх гуртоў. Іх, у тым ліку і «Крамы», няма і на радыё, акрамя «Радыё Сталіца», напэўна...

- А чаму сёння ў Беларусі не з'яўляюцца новыя моцныя калектывы - такія, якімі ў свой час былі «Бонда», «Мроя», «Крама»?

- Цяпер не той час, сёння людзі больш прагматычныя. Моладзь іншая, больш тэхнічна адукаваная. Мы ад іх вельмі адрозніваемся. Мне цяжка спаборнічаць з імі, нават нягледзячы на тое, што я карыстаюся кампутарам, маю айфон і ведаю, што гэта такое.

Сёння людзі хочуць ўсяго і адразу. Адны хочуць на Захад, іншыя ў Расею, трэція... Сярод беларускіх маладых музыкаў калісьці з'явілася такая практыка: праспяваць некалькі песень па-беларуску і паехаць на «Басовішча» у Польшчу. Калі гэта звычайная мода, то з гэтага не атрымаецца нічога сур'ёзнага. Усё ж такі моладзь іншая, мэты не такія, як у нас.

- А якія мэты былі ў вас тады, у пачатку 80-ых?

- Мы былі і застаемся рамантыкамі. Як бы гэта смешна не гучала, але гэта так. Маё жыццё пакладзена на тое, што я рабіў і да канца жыцця я гэта буду рабіць. А тады мы былі маладымі студэнтамі. Толькі пачалі размаўляць па-беларуску. Гэта быў досыць цяжкі працэс, пакуль мы на самай справе мы сталі свядомымі і зразумелі, што да чаго і навошта гэта трэба. Гэта ўсё праходзіла, калі развальваўся Савецкі Саюз. У групу «Рокіс» - будучую «Краму» - мяне наогул запрасілі ў жніўні 1991 года, калі быў створаны ГКЧП у Маскве. Усё гэта адбывалася адначасова. А як пайшлі падзеі далей - вы ведаеце. Напэўна, калі б усё ішло так, як павінна было ісці - мы б былі, сапраўды, папулярнай групай, якую ўсе ведаюць, а так мы - «легенда» (смяецца).

- Легенда, таму што вас увесь час забаранялі і ўносілі ў «чорныя спісы»?

- На самай справе, я са смехам стаўлюся да гэтага слова. Цяпер «Крама» не забароненая, проста за гэтыя гады забаронаў выхавалі пакаленне людзей, якія наогул не ведаюць, хто мы такія. Назва ведаюць, можа пару песень чулі. Мы ж не выконваем папсу. Вось такая дзіўная сітуацыя: быццам мы вядомыя, а быццам і не. Калі мы маглі спакойна сабраць у 90-я вялікую залу, зараз зрабіць гэта складана. На нашыя канцэрты ходзяць людзі, якія нас любілі ў той час, а моладзь цікавіцца іншай музыкай.

- Напэўна, таму з 1993 па 1998 гады «Крама» выдала пяць альбомаў, а пасля - за апошнія 15 гадоў - толькі тры?

- Калі паглядзець анталогію любой групы - гэта заўсёды так. Спачатку адзін-два альбома ў год, а потым перапынкі становяцца ўсё больш і больш. Вось, напрыклад, адна з маіх любімых груп - Dire Straits - таксама першы, другі, трэці, а потым перапынкі пайшлі. «Ролінгі» з перапынкамі выпускаюць альбомы, AC/DC - таксама, адзін альбом у тры-чатыры гады.

Цікавей заўсёды ствараць штосці калі ты малады. Мы калісьці з Лёнікам Вярэнічам ўзгадвалі «бондаўскі» час. «Крамаўскі» этап таксама быў цікавы. Чым ты становішся старэйшым, тым не тое, што цяжэй працаваць, проста ты пачынаеш больш думаць аб тым, ці трэба гэта ці не трэба. А час ужо ляціць хутчэй. Вось чым адрозніваецца маладосць ад дарослага ўзросту.

Чаму людзі любяць больш старыя, а не новыя альбомы? Я напрыклад больш люблю альбом Machine Head гурту Deep Purple, а вось з Дэвідам Кавэрдэйлам ужо не так іх ўспрымаў. Пазней мне наогул стала не цікава, што яны робяць. Pink Floyd - цікава, а Deep Purple - не цікава.

- Атрымоўваецца, што наступны альбом «Крамы» мы ўбачым не хутка?

- Не ведаю. Мы гаварылі пра людзей, у якіх няма праблем c запісам альбомаў. Я раней пісаў песні і мог за тыдзень напісаць альбом. У мяне шмат музыкі. Зараз жа вялікая праблема з тэкстамі, таму што час змяніўся. Сяргей Міхалок, напрыклад, прыстасаваўся, узяў агітацыйную форму. Спецыяльнасць у яго масавік-забаўнік, і ён ведае, што нікому не патрэбныя гітарныя сола. Патрэбны голы тэкст, які зразумелы адразу. Я ж так не магу.

Акрамя таго, я тэксты не пішу, не магу адгукнуцца на сітуацыю. Калі б я быў паэтам, як Андрэй Макарэвіч, было б прасцей. Я пішу музыку, яна можа быць мінорнай, мажорнай, але яна не можа адгукацца на падзеі. Доўгі час думаў, хацеў пра адно праспяваць, пра іншае, але не было тэкстаў, таму апошні альбом атрымаўся з метафарамі, вобразамі. Магчыма, мы гэтым і адрозніваемся ад іншых.

- Вы памятаеце час, калі спявалі перад тысячамі людзей, у руках якіх былі бел-чырвона-белыя сцягі. Сёння нават на тых канцэртах, дзе дазваляюць выступаць «Краме», нацыянальная сімволіка - пад забаронай. Калі, па-вашаму, беларусам атрымаецца вярнуць бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоню»?

- Я веру, што гэта адбудзецца. Калі? Надзея памірае апошняй. Пры ўсім сваім песымізме, я спадзяюся на гэта. Калі б гэта залежыла толькі ад мяне, я б, напэўна, прынёс сябе ў ахвяру дзеля вяртання нацыянальных сімвалаў, але гэта залежыць ад розных фактараў, ад вялікай колькасці людзей. Сітуацыя мяняецца нечакана. Як чалавек, які цалкам адданы нейкай ідэі і верыць у нешта, я думаю што беларусы вернуць сабе і сцяг, і герб, і зразумеюць тое, што яны беларусы, а не напалову рускія ці палякі.

- Сёння вы маеце магчымасць выступаць перад маладымі беларусамі, якія не былі сведкамі нацыянальнага ўздыму канца 80-ых - пачатку 90-ых. Ці складана гэта? Што вы чакаеце ад гэтага пакалення?

- Раней было значна цяжэй выступаць. Калі выходзіш на сцэну, трэба было палову канцэрту змагацца, каб людзі пачалі спяваць, пляскаць у далоні. На самай справе, было вельмі цяжка, як кажуць «завесці натоўп». Цяпер людзі - тыя, хто ведае тэксты - з першых слоў пачынаюць спяваць. Моладзь змянілася, яна, напэўна, больш цікавіцца гэтым. На вышыванкі мода з'явілася. Упэўнены, што зараз больш людзей размаўляе па-беларуску, чым тады, ў 80-ыя гады.

Чаканне адно - каб гэта для іх не было толькі модай, каб не было так, што чалавек вучыць мову, а потым яму надакучыла і ён кінуў, вырашыў, што не атрымліваецца і будзе займацца нечым іншым. Я спадзяюся, што гэтыя людзі ўпэўненыя ў сабе, адукаваныя, ведаюць, што і як. Будучыня будзе залежаць ад іх.

- Як шчыраму музыканту выжываць у сённешняй Беларусі?

- У мяне ніколі не было шмат грошай, я заўсёды жыў досыць сціпла, але заўсёды казаў, што ёсць людзі, якім значна горш чым мне. Я жыву нармальна, мне хапае грошай на жыццё, таму ўсе гэтыя беларускія дэфолты мяне не закранулі. У мяне ніколі не было пад коўдрай схаваных тысяч даляраў ці нейкай нерухомасці. Так, не было магчымасці падарожнічаць па свеце ці яшчэ нешта зрабіць, з тымі ж альбомамі было б прасцей. Але ёсць, як ёсць. Мне хапае і каб падтрымаць і сына, і ўнучку, і маме дапамагчы.

- А як будзеце дзень нараджэння адзначаць?

- Гэта самае складанае пытанне сёння (смяецца). Цяпер такая спякота, што ў мяне проста не працуе галава. Сёння трохі адпусціла - ужо не 34, а 27 градусаў, напэўна. І я думаю перанесці святкаванне дня нараджэння на канцэрт, які пройдзе 30 жніўня, а сёння сына з жонкай і ўнучкай запрасіць у госці. Ніякай помпы не будзе.

Усё будзе на канцэрце 30 жніўня ў рэстаране-бровары «Сябры», які знаходзіцца на вуліцы Кульман у Менску. Гэта добра, што ў дзень нараджэння ў мяне будзе магчымасць праспяваць для людзей, а не сядзець, піць гарэлку і прымаць падарункі. Галоўным падарункам будзе колькасць людзей, якія прыйдуць на наш канцэрт.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках