26 красавiка 2024, Пятніца, 2:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гульні з чужымі вайскоўцамі

46
Гульні з чужымі вайскоўцамі
Уладзімір Халіп
Фота: «Белсат»

Расійскія дэсантнікі высадзіліся ў Брэсце.

Не, яны не зваліліся знянацку з неба, як тое было ў Празе шэсцьдзесят восьмага года. Вайсковы эшалон прывёз іх з Кастрамы. Той кантынгент cустрэлі радасна, нават з караваем. Гасцінасць тут здаўна без берагоў. А як жа інакш – браты па зброі!

Яшчэ тыя браты. Не які-небудзь зялёны маладняк, якому трэба прайсці адпаведную дрэсіроўку. Сталыя дзядзькі, кантрактнікі. Чым пахне порах, ведаюць выдатна. Паспелі ўжо адзначыцца ў ганебных вонах супраць Грузіі ды Украіны. І пакуль мясцовыя майстры калгаснай гасціннасці будуць іх тут абслугоўваць і накрываць паляну для больш высокіх чыноў, яны паспеюць акрэсліць месцы высадкі асноўнай хвалі расійскага дэсанту, вызначыць арыенціры, прыстраляць кожны куст. Час няпрсты, усё можа спатрэбіцца.

Не выпадкова ж прэс-рэлізы Міністэрства абароны Расіі пра гэтыя нібыта шэраговыя манеўры нагадваюць пераможныя паведамленні часоў мінулай вайны. “Дэсантаванне будзе адбывацца на незнаёмую для кастрамскіх дэсантнікаў пляцоўку прызямлення, абмежаваную з усіх бакоў густым лясным масівам. Пляцоўка атрымала ўжо назву Сахара”. Вось такія яны, кантрактнікі. Усё ў іх грунтоў, па-гаспадарску. Добра яшчэ, што Брэст яны пакуль не перайменавалі ў Цімбукту. Але падстаў для чынавенскага ўзрушэння і без таго ўжо дастаткова.

У моманты шматлікіх тутэйшых урачыстасцяў прыкрыя паралелі праводзіць непажадана. Але як без таго абысціся, калі падабенства настолькі відавочнае. Калі мы ўсяго толькі часова адлучаная частка імперыі, тады сапраўды ўзгадваць мінулае не выпадае. А калі наша краіна незалежная, то негатыўны досвед супольнага жыцця забываць наўрад ці варта. Інакш зноў усё можа паўтарыцца.

У тым жа Брэсце, у гэткую ж восень трыццаць дзевятага года, генерал Хайнц Гудэрыян і камбрыг Сямён Крывашэін падводзілі вынікі нават не сумесных манеўраў, а зусім рэальнай вайсковай аперацыі па падзелу Польшчы. Радасць была шчырай. Гэтаж колькі зямлі атрымалі абодвы бакі. Цяпер у Савецкага Саюза і Рэйха з’явілася нават агульная мяжа. З гэткай нагоды наладзілі парад. Гучалі вайсковыя маршы, прамовы. А то як жа – суседзі. У недалёкай будучыні, магчыма, і добрыя сябры.

Аднак неўзабаве заплацілі за тыя сантыменты і выпадковую памылачку галоўнага савецкага статэга жахлівую цану. Прыкрае непаразуменне – высветлілася раптам, што наш партнер каварны і надзвычай сквапны. Аднак сёння ўзгадваць пра тое неяк непажадана.

Затое цяпер галоўны саюзнік у нас надзвычай надзейны, выпрабаваны ў шматгадовым супольным змаганні. А кастрамскія – і ўвогуле цудоўныя хлопцы. Усе адзін да аднаго. Зухі і малойцы. З неба – імгненна ў бой. І ўвогуле, куды краіна загадае. Але і гэта ўжо ніякі не сакрэт. Свет вагаецца на вастрыні нажа. Дастаткова лёгкага павеву ветру, каб усё абрынулася ў бездань. Расія паспяшалася ўсім нагадаць, хто сёння на планеце самы небяспечны і непрадказальны. Як пашчасціла, што і мы сёння з ёй у адных шыхтах.

Не бывае нават дня без навін пра тое, якую магутную ракету яна гэты разам запусціла, або якую неверагодную зброю апрабавала. Гэтая безнадзейна ваяўнічая краіна ўпарта заганяе сябе ў тую ж пастку, з якой так і не здолеў выкараскаца калісьці Савецкі Саюз. Аднак тое ўсё – расійскія праблемы.

А вось навошта спатрэбілася драздоўскаму рэжыму так старанна паўтараць кожны рух ваяўнічага крамлёўскага кіраўніцтва? Хтосьці ў Амерыцы нам нешта вінен? Мы настолькі моцныя і неадольныя, што можам дазволіць сабе раскошу паказаць злоснаму Захаду “кузькину мать” або хоць бы пагрукаць чобатам па чужой трыбуне? Дзіўныя настроі ў нашым палітычным міжрадкоўі. З тым сціплым патэнцыялам, якім сёння валодае наша дзёрзкая правінцыя, ці не лепш было б паводзіць сябе ціхамірна ды пазбягаць дэманстратыўнага ўдзелу ў крамлёўскіх правакацыях.

Але дзе там! На ўсю моц грукочуць барабаны вайны. Нібы апантаныя, ганарымся незлічонымі стратамі ў другой сусветнай і маштабнымі парадамі з тутэйшым генералітэтам і пскоўскай дэсантурай. Якая магутная краіна! У новай палатцы ўжо агучана шчырае прызнанне пра тое, як пад нейкім расійскім плотам знайшлі закінутыя нядбайна комплексы СС-300. Ачысцілі ад смецця, пафарбавалі. Паставілі на баявое дзяжурства. Таму цяпер галоўнакамандуючы, бязмежна ўдзячны шчодраму саюзніку, здолеў больш дакладна акрэсліць сваю стратэгічную мэту. “Мы разам з расійскім народам, з расіянамі, будзем бараніць супольную айчыну тут, на не менш важным для Расіі заходнім накірунку”. Інакш кажучы, да трэцяй сусветнай гатовыя. Чакаем толькі адпаведнай каманды з Крамля.

Гэта ўжо далёка не першае прызнанне гатовасці паслужыць багатаму суседу. Наўрад ці хто не памятае ягоныя палымяныя заклікі сысці ў зямлянкі ды легчы з гранатамі пад натаўскія танкі. Усё за тую ж расію. Адкуль гэта бязмежная любоў?

Калі выключыць фактар поўні ды позняй восені, а таксама іншыя чыннікі, застануцца ўрэшце хіба што ўсё тыя ж манеўры пад Брэстам. Ды яшчэ адзін істотны момант. Не так даўно, у верасні, пад Лепелем прайшла нейкая дзіўная дэманстрацыя рэжымнай моцы. Задача адпрацоўвалася надзвычайная: узаемадзеянне рэгулярнага войска з міліцыяй. Як высветлілася, нахабныя тэрарысты захапілі нейкі населены пункт на тэрыторыі, падкантрольнай дыктатару. Але не ўцямілі, небаракі, супраць каго скіравалі стрэльбы. Наша магутнае войска з неўтаймаванай міліцыяй расцярушыла ворага ў пыл.

Аднак з’явіўся першы тэлерэпартаж з палёў той гістарычнай бітвы. І ўзнікла мімаволі прыкрае пытанне: хто ж насамрэч той вораг? Перад міліцэйскім ланцугом стаяла панылая масоўка і ляніва шморгала скручанымі сцяжкамі па шчытах гераічных вартавых грамадскага парадку. І нідзе ніякіх маджахедаў. Дык гэта ж яны да разгону будучай Плошчы рыхтуюцца!

Снежань 2010 года – ужо факт нашай гісторыі, а ў іх жывёльны жах перад народам не знікае. Гэта ж трэба, міліцыю ўзмацнілі войскам. А вось на манеўрах брэсцкіх ужо нават і не выдурняюцца – ніякіх мянтоў. Толькі элітныя фармаванні – дэсантнікі. Свае і чужыя. А сцэнар – усё той жа, лепельскі. Расійскае Міністэрства абароны рапартуе шчыра: “Падчас міжнародных вучэнняў “крылатая пяхота” дзьвюх краін адпрацуе вучэбна-баявыя задачы па выяўленні, блакіроўцы і ліквідацыі незаконных узброеных фармаванняў”. Вось такі наіўны падман доўгатэрміновых баязліўцаў. Нібыта з дня на дзень чакаецца ўварванне злых талібаў або нават іншапланецян. А насамрэч усе яны паталагічна баяцца страты сваёй бязмежнай улады. У шэрым тумане балбатні пра трэцюю сусветную і пагрозу тэрарызму састарэлы дыктатар старанна даглядае шэсць сотак сваіх прыватных інтарэсаў.

Збяднелая краіна даўно сарвалася ў нейкі безнадзейны бег па крузе. Уся прастора тут запоўнена вайной. Той, мінулай, і будучай, нібыта непазбежнай. З ненавісным Захадам. Або нават са сваім народам. А таму манеўры доўжацца бясконца. Зацішша доўгім быць не можа. Скончацца адны, пачнуцца іншыя, яшчэ больш грандыёзныя. Вернуцца ў казармы дэсантнікі кастрамскія, з’явяцца пскоўскія, разанскія. Гэтыя гульні ў вайнушку з чужымі вайскоўцамі нічым добрым не скончацца. Ніколі, ні пры якім раскладзе імперыя краіну ў спакоі не пакіне.

Уся гісторыя ўзаемадачыненняў з усходнім суседам – гэта вуліца з аднабаковым рухам, скіраваная ў тупік. Калі больш дакладна, у напрамку чужой, бессэнсоўнай вайны. Нічога адметнага. Звычайны лёс паслухмяных і маўклівых. Дыктатура мацнее ў цішыні. Найлепшае асяроддзе для яе выспявання – поўны спакой і рабская пакорлівасць. А таксама прысутнасць паблізу чужых салдат. Найлепш кантрактнікаў. Кастрамскіх, пскоўскіх, ды хоць з самога пекла.

Абы наёмнікі. Надзейныя і злыя.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках