28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падчас перапісу насельніцтва ў беларусаў спытаюць, што яны вырошчваюць на дачы

57
Падчас перапісу насельніцтва ў беларусаў спытаюць, што яны вырошчваюць на дачы

У Белстаце распавялі, якія пытанні будуць задаваць беларусам падчас перапісу насельніцтва ў 2019 годзе.

Чарговы перапіс насельніцтва Беларусі пройдзе 4-30 кастрычніка 2019 года. Папярэдні праходзіў у 2009 годзе. Як і раней, звесткі будуць збіраць «пешыя» перапісчыкі, якія будуць хадзіць па кватэрах з перапіснымі лістамі.

Нацыянальны статыстычны камітэт ужо падрыхтаваў папярэдні спіс пытанняў. Базавыя пытанні, у тым ліку пра мову, нацыянальнасць, жыллёвыя ўмовы або даходы, не зменяцца. Але з'явяцца і новыя пытанні. Канчатковы варыянт перапіснога ліста ўрад зацвердзіць у 2018 годзе.

Аб папярэднім варыянце перапіснога ліста «Радыё Свабода» распавяла начальніца ўправы дэмаграфічнай статыстыкі Белстата Таццяна Бабук.

Колькі хочаце дзяцей?

Старшыня Белстата Іна Мядзведзева раней заяўляла, што сярод новых пытанняў будзе пытанне пра «дэмаграфічныя ўстаноўкі». Бабук тлумачыць: мяркуецца, будуць пытацца не толькі аб колькасці дзяцей на момант перапісу, але і нешта накшталт «ці збіраецеся вы мець дзяцей і калі так, то колькі».

Пытанне важнае, таму што ў студзені-верасні 2016 года ўпершыню з 1992-га ў Беларусі быў зафіксаваны натуральны прырост насельніцтва (на 518 чалавек).

Да чаго давучыцца?

Пашырацца і пытанні аб адукацыі. Цяпер сярод варыянтаў адказаў будзе не проста «вышэйшая адукацыя», а яе ступені: бакалаўрыят, магістратура, аспірантура, дактарантура, кандыдат навук, доктар навук.

«Мяркуецца спытаць, у якой краіне атрымлівалі адукацыю, - дадае Бабук. - Але гэта толькі праект».

Што вырошчваеце на лецішчы?

У перапісе-2019 збіраюцца спытаць аб асабістай гаспадарцы. Старшыня Белстата раней казала не хвалявацца: маўляў, пералічваць дрэвы на ўчастку не будуць і новага падатку праз гэта не прыдумаюць.

«Сельскагаспадарчых перапісаў не праходзіла ў Беларусі ні разу, - тлумачыць Бабук. - Калі ўжо многія краіны СНД яе правялі (тая ж Расея сёлета), то мы яшчэ не. Таму спіс пытанняў будзе даволі малы. Папярэдне мяркуецца спытаць пра плошчу зямельнага пляца, аб тым, што вырошчваюць, якія дрэвы. Такога кшталту пытанні, літаральна на адну старонку».

Спытаюць пра мову і нацыянальнасць, але не пра веру

Пытанні пра мову і нацыянальнасць плануецца пакінуць такімі ж, як у перапісе-2009. Тады пыталіся аб асабістым разуменні сваёй нацыянальнасці: можна было назвацца, напрыклад, беларусам, палякам, габрэем, палешуком, літвінам або хобітам. Аб мове было тры пытанні: якая мова родная, на якой мове рэспандэнт размаўляе дома, якімі мовамі свабодна валодае.

Пытання аб веравызнанні не было ў 2009 годзе, не плануецца і ў 2019-м.

Але павінна з'явіцца пытанне не толькі аб пражыванні за мяжой, але і аб працы (працоўнай міграцыі).

Перапісваць будуць студэнты, пенсіянеры і беспрацоўныя

Да працы па перапісу збіраюцца прыцягнуць работнікаў дзяржаўных органаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, студэнтаў, пенсіянераў, і нават беспрацоўных, якія стаяць на ўліку ў органах аб працы, казала раней Мядзведзева.

Падчас перапісу 2009 году студэнты скардзіліся на прымус да працы па перапісу насельніцтва. Тады за перапіс плацілі 50 даляраў. У 2019 годзе дадатковых выплат не плануецца, але перапісчыкам абяцаюць кампенсаваць заробкі або стыпендыі за час удзелу ў перапісе, а таксама дазволяць бясплатны праезд на грамадскім транспарце.

Прымусова да перапісу абяцаюць не прыцягваць ні ў якім разе, запэўнівае Бабук. Проста магчыма, што хтосьці з пенсіянераў або беспрацоўных захоча ўзяць удзел у перапісе.

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках