23 красавiка 2024, aўторак, 23:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Стары Ольса»: Пасля туру па ЗША нашы слухачы захацелі вывучаць беларускую мову

8
«Стары Ольса»: Пасля туру па ЗША нашы слухачы захацелі вывучаць беларускую мову

Амэрыканцаў паланіла сярэднявечная рамантыка ВКЛ у інтэрпрэтацыі легендарнага беларускага гурта.

Пасля вялікага гастрольнага туру па ЗША гурта «Стары Ольса», які выконвае сярэднявечную музыку, шмат хто з амэрыканцаў зацікавіўся беларускай мовай і хочуць яе вывучаць.

Пра гэта на адкрытай сустрэчы з гуртом 25 кастрычніка ў сталічным бары Beer&Wine паведаміла ўдзельніца калектыву флейтыстка Марыя Шарый, паведамляе БелаПАН.

Паводле ейных слоў, шмат гледачоў, сярод якіх былі як беларускія эмігранты, так і выхадцы з Беларусі ды амэрыканцы, прыходзілі на выступы ў вышыванках ды футболках з беларускім нацыянальным арнаментам.

Падарожнічаючы па Злучаных Штатах, музыкі жылі ў амэрыканскіх сем'ях, якія цяпер падтрымліваюць сувязь з гуртом у сацыяльных сетках. «Яны сочаць за нашай дзейнасцю, актыўна каментуюць фатаграфіі, але самае галоўнае, што шмат хто з іх мерыцца наведаць Беларусь - так іх зачапіла», - адзначыла Шарый.

Са слоў флейтысткі, ёсць план разам з беларусамі Амэрыкі запусціць на YouTube сэрыю ролікаў аб беларускай мове для амэрыканцаў.

Тым не менш, адзначыла яна, на канцэртах не абыходзілася без кур'ёзаў. Удзельнікі гурта безупынна падкрэслівалі, што яны з Беларусі, «але тыя, хто гэтага не чуў, хто прыйшоў пад сярэдзіну выступу, напрыклад, упарта думалі, што мы - немцы. Такія часта пыталіся ў суседзяў, на якой мове мы спяваем, ці не на нямецкай».

Іншыя амэрыканцы меркавалі, што калектыў гутарыць на французскай мове, сказаў Алесь Чумакоў, выканаўца музычных партый на струнных інструментах.

У цэлым, са слоў Чумакова, даволі вялікаму адсотку амэрыканцаў вядома, дзе знаходзіцца Беларусь, але шмат у каго «праблема з веданнем геаграфіі Еўропы», «тым не менш яны не маюць асацыяцыі, што Беларусь - гэта частка Расеі».

Вялікі гастрольны тур па ЗША «Стары Ольса» здзейсніў у канцы лета - пачатку верасня. Выправа стала магчымай пасля паспяховай краўдфандынгавай кампаніі на папулярнай платформе Kickstarter, якую гурт правёў для збору сродкаў на выданне альбома сярэднявечных кавэр-версій замежных гітоў рок-музыкі. Музыкі здолелі сабраць блізу 30 тысячы даляраў замест 7 тысяч, якія былі патрэбныя на выданне рэлізу.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках