19 красавiка 2024, Пятніца, 7:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гарадзенская актывістка патрабуе «беларусізацыі» сайтаў выканкамаў

8
Гарадзенская актывістка патрабуе «беларусізацыі» сайтаў выканкамаў
АЛЯКСАНДРА ВАСІЛЕВІЧ
ФОТА: «Радыё Свабода»

Актывістка дамагаецца выканання дзейнага заканадаўства чыноўнікамі.

Актывісты Гарадзенскай арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі разаслалі па ўсіх райвыканкамах вобласці лісты з патрабаваннем, каб на сайтах была беларуская моўная версія, паведамляе «Радыё Свабода».

Са словаў кіраўніцы абласной арганізацыі АГП Аляксандры Васілевіч, яны патрабуюць толькі выконваць дзейнае заканадаўства.

Са словаў Васілевіч, сітуацыя з выкарыстаннем беларускай мовы на сайтах раённых уладаў Гарадзенскай вобласці яе зацікавіла пасля таго, як яна пазнаёмілася з вынікамі маніторынгу, праведзенага Цэнтрам прававой трансфармацыі Lawtrend.

Арганізацыя вывучыла 135 сайтаў мясцовых органаў выканаўчай улады, у тым ліку 128 - базавага ўзроўню, то бок, райвыканкамаўскіх. Аналіз паказаў, сярод іншага, што ні на адным з даследаваных сайтаў не былі пададзеныя ўсе абавязковыя для размяшчэння катэгорыі інфармацыі.

Акрамя гэтага, Васілевіч зацікавіла тое, што на сайтах раённых органаў улады Гарадзенскай вобласці няма беларускай моўнай версіі, якая павінна існаваць паводле дзейнага заканадаўства.

- Цікавым выявілася тое, што падчас правядзення маніторынгу сайт Гарадзенскага аблвыканкама быў адзіны ў краіне сярод аблвыканкамаўскіх, які меў беларускую версію, а на сайтах раённых выканкамаў вобласці практычна няма беларускай мовы, хаця б у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам яны павінны падаваць інфармацыю на дзвюх дзяржаўных мовах.

Васілевіч спачатку звярнулася ў Гарадзенскі гарадскі і аблвыканкам. І, з яе словаў, спецыялісты, з якімі давялося кантактаваць, з разуменнем паставіліся да яе заклапочанасці.

- І ў Гарадзенскім абласным, і ў гарвыканкаме сайтамі насамрэч займаюцца спецыялісты, а таму і размаўляць было нескладана. Ніякіх пярэчанняў наконт таго, каб на сайце была беларуская мова, ні ў кога з іх не было. Наадварот, яны казалі, што пасля Новага года беларускую версію сайтаў будуць старацца ўдасканаліць, або запусціць. Да ўсяго іншага, мы гаварылі не толькі пра беларускамоўны варыянт сайта, а і пра тое, што ён слаба абнаўляецца, што не стае інфармацыі аб пастановах, пасяджэннях, планах улады. І сапраўды я адчула, што людзі на шляху да выпраўлення і гэтых прабелаў.

Што тычыцца сайтаў райвыканкамаў, то, са словаў Васілевіч, яны не толькі не маюць беларускай версіі, а часам папросту не вытрымліваюць ніякай крытыкі.

- Усе яны зробленыя паводле адзінага шаблону агенцтвам БелТА, беларускай версіі няма. На некаторых з іх інфармацыя не абнаўляецца па некалькі месяцаў, выглядаюць яны прымітыўна і відавочна не развіваюцца.

Васілевіч разам з іншымі сябрамі АГП разаслала лісты ва ўсе райвыканкамы вобласці з патрабаваннем да ўладаў выконваць дзейнае заканадаўства і ўвесці на сайтах беларускамоўную версію.

- Я разам са сваімі сябрамі па партыі не патрабавала ад уладаў чагосьці незвычайнага, а толькі выконваць дзейнае заканадаўства. На сёння ўжо атрымала адказ з шасці райвыканкамаў. Дык вось у чатырох мне паведамілі, што такая праца вядзецца і налета плануецца запусціць беларускамоўную версію сайта. А чыноўнікі з Карэліч і Бераставіцы ўпэўненыя, што заканадаўства не парушаюць, і пра змены на сайце нават не ўзгадвалі. Я ўжо адправіла скаргі з гэтай нагоды да абласнога кіраўніцтва. Будзем і далей адсочваць гэтую праблему.

Актывіст АГП з Астравецкага раёна Мікалай Уласевіч таксама атрымаў адказ з раённага выканкама аб беларускамоўнай версіі сайта. Паводле ягоных слоў, чыноўнікі канкрэтна нічога не напісалі - толькі тое, што налета плануюцца змены на сайце. Такое стаўленне чыноўнікаў абурае Уласевіча, бо, паводле ягоных слоў, у апошнія гады беларуская мова прыкметна страціла сваю вагу ў раёне.

- Цяпер нідзе ніякай аб'явы ўлады па-беларуску не робяць, нават на рознага кшталту плакатах і падчас святкаванняў з вуснаў чыноўнікаў беларускай мовы практычна не чуваць. І вось у адказе, як здзек, напісалі, што плануюць удасканальваць сайт, а адносна мовы не сказана ні слова. Але за гэта хтосьці павінен несці адказнасць.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках