29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці варта чакаць імклівай дэвальвацыі

26
Ці варта чакаць імклівай дэвальвацыі

Аналітык Вадзім Ёсуб тлумачыць, калі чакаць падзення нацыянальнай валюты.

Ці вяртаецца ў Беларусь прывід дэвальвацыі?

На пытанні «Беларускай праўды» адказаў старшы аналітык Альпары Вадзім Ёсуб.

— Усё ўпіраецца ў тэрміналогію: што ўважаць за дэвальвацыю і як ацэньваць яе інтэнсіўнасць? Зазвычай кажуць пра хуткі рух за кароткі тэрмін.

Пасля першай дэкады лістапада валютны кошык расце, але даволі памяркоўна. Гэта не самы доўгі працягласцю і інтэнсіўнасцю рост сёлета. Валютны кошык ужо рос з пачатку года да сярэдзіны лютага, з пачатку траўня да сярэдзіны ліпеня...

Для імклівай дэвальвацыі беларускага рубля, параўнальнай з тым, што назіралася ў 2011 годзе, на мяжы 2014-2015 гадоў або хоць бы ў студзені 2016 года, патрэбныя перадумовы. Такімі традыцыйна з'яўляліся або інтэнсіўны рост заробкаў і масавая раздача льготных крэдытаў, альбо штучнае стрымліванне рубля перад падзеннем, альбо рэкорднае падзенне кошту нафты, што адбылося на пачатку года: кошт нафты маркі Брэнт падаў да 27 даляраў за барэль...

Што мы маем цяпер? Заробкі не растуць, наадварот, дастаткі насельніцтва другі год запар зніжаюцца; практыка дырэктыўнага льготнага крэдытавання цалкам не ліквідаваная, але такія крэдыты пакрысе зніжаюцца; кіраўнік дзяржавы пару разоў згадваў аб запаветным росце заробкаў да 500 даляраў, праўда, прывязваў яго да адпаведнага росту прадукцыйнасці працы, аднак афіцыйная прапаганда не падхапіла гэты тэзіс. Не факт, што заробкі вырастуць. Да таго ж рост заробкаў прычыняўся да актыўнага купляння валюты насельніцтвам, што служыла стартавым механізмам дэвальвацыі. З лютага да кастрычніка ўключна, — дзевяць месяцаў насельніцтва з'яўлялася чыстым прадаўцом валюты, што наўпрост выкліканае падзеннем рэальных даходаў.

Кошт нафты таксама падаць пакуль не мерыцца.

Грунтуючыся на ўсім сказаным, рэальных перадумоў для імклівай дэвальвацыі я не бачу.

- За кошт чаго трымаўся курс рубля з моманту дэнамінацыі?

- З пачатку года асноўным стабілізацыйным чыннікам з'яўлялася менавіта насельніцтва, якое прадавала валюту больш, чым купляла. Гэтая тэндэнцыя звязаная з падзеннем рэальных дастаткаў насельніцтва. Нацбанк адзначаў у сваіх справаздачах, што ўзровень спажывання насельніцтва таксама падае, але павальней, чым зніжаюцца даходы. Іншымі словамі, насельніцтва не хоча скарачаць спажыванне прапарцыйна падзенню даходаў. Каб дынаміка бягучага спажывання выпярэджвала дынаміку даходаў, трэба скарачаць ашчадак, перш за ўсё – валютны. Для падтрымання спажывання насельніцтва выдаткоўвае валюту, якая і спрыяла стабільнасці рубля.

- А валюта ў насельніцтва пакуль яшчэ не скончылася, трэба разумець?

- Толькі на тэрміновых валютных укладах насельніцтва знаходзіцца больш за 7 мільярдаў даляраў, а валютны ашчадак насельніцтва, якія захоўваецца «пад падушкай», з цяжкасцю паддаецца ацэнцы, аднак паводле самых сціплых падлікаў, гаворка можа ісці аб некалькіх мільярдах даляраў. Таму нельга казаць, што валютны ашчадак скончыўся.

- Значыць, ніякіх перадумоў для імклівай дэвальвацыі не назіраецца?

- У тым выпадку, калі не зменіцца палітыка.

Штуршком для дэвальвацыі можа паслужыць заўзятае выкананне распараджэння «усім па 500 даляраў», або зноў налева-направа пачнуць раздаваць танныя крэдыты. Але, мне здаецца, улады ведаюць, што безумоўным вынікам такіх дзеянняў стане скачок інфляцыі, дэвальвацыі, менавіта таму і не дапусцяць такіх дзеянняў. А без іх прычын для дэвальвацыі не відаць.

Дэвальвацыя – гэта ж не навала, для яе патрэбныя канкрэтныя, дырэктыўныя і зразумелыя перадумовы: патрэбны моцны рост попыту на валюту, маса ахвочых купіць валюту, для чаго патрэбны лішак беларускіх рублёў. У цяперашняй сітуацыі ні насельніцтва, ні прадпрыемствы не могуць пахваліцца лішкам рублёў. Адпаведна, не відаць прычын і для імклівай дэвальвацыі.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках