3 траўня 2024, Пятніца, 14:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Маладзечне актывісты пратэставалі супраць будаўніцтва свінакомплексаў

9

Актывісты БХД і эколагі сцвярджаюць, што буйныя свінарнікі моцна забрудзяць Маладзечанскі раён.

У Маладзечне вечарам 12 траўня насупраць будынка мясцовага райвыканкама прайшоў пікет, удзельнікі якога пратэставалі супраць будаўніцтва ў Маладзечанскім раёне двух свінакомплексаў да ста тысяч галоў кожны.

Відэа пікету ў рэдакцыю charter97.org даслалі чытачы сайта.

У пікеце, які перарос у мітынг, узялі ўдзел восем чалавек, у тым ліку каардынатар аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Менскай вобласці Павел Пракаповіч і старшыня барысаўскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандр Абрамовіч, актывісты экалагічнай ініцыятывы «кошт жыцця».

Як паведаміў Абрамовіч, удзельнікі пікету пратэставалі супраць будаўніцтва комплексаў без належнай экалагічнай прапрацоўкі гэтых аб'ектаў. Яны трымалі плакаты «Не свінству ўладаў?» і «Хто адкажа за знішчаную экалогію?». Актывісты-эколагі разгарнулі расцяжкі «Не будаўніцтву свінарніка!» і «Будуючы свінарнік, капаеце сабе магілу!».

Заяўку на правядзенне пікету Пракаповіч падаваў больш за два тыдні таму, але ўлады не далі дазволу, паведамляе сайт naviny.by.

«Тое, як улады будуюць гэтыя свінарнікі, для нас абсалютна непрымальна, - заявіў, выступаючы на мітынгу Пракаповіч. - Людзей не пытаюцца і фармальна ставяцца да правядзення грамадскіх слуханняў. На іх запрашаюць чыноўнікаў, якія займаюць ўсе месцы ў залях, а ў людзей няма магчымасці выказацца. Улады нахабна сцвярджаюць, што ўжо ўсё наважана, ёсць указ прэзідэнта. Маўляў, «нам патрэбна свініна». А тое, што будуць забруджаныя паветра, глеба, вада, нікога з бюракратаў не хвалюе. Яны проста эканомяць на здароўі грамадзян, на нашай прыродзе і не разглядаюць альтэрнатыўныя варыянты будаўніцтва свінакомплексаў. Таму трэба ратаваць сітуацыю».

Прадстаўнікі райвыканкама да пратэстоўцаў не выйшлі.

У дачыненні да Паўла Пракаповіча і Аляксандра Абрамовіча складзеныя пратаколы паводле артыкулаў 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў).

Згодна з указам №220 ад 1 чэрвеня 2015 года кампанія «Вялес-Міт» пабудуе цягам 2016-2018 гадоў два свінакомплексы на сто тысяч галоў кожны ў Маладзечанскім раёне непадалёк ад населеных пунктаў Соўлава і Палачаны.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках