18 красавiка 2024, Чацвер, 22:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы ўладальнік «Дынама-Брэст» абавязаў футбалістаў вывучыць ангельскую мову

4
Новы ўладальнік «Дынама-Брэст» абавязаў футбалістаў вывучыць ангельскую мову
Фото с сайта wikipedia.org

Новы ўладальнік «Дынама-Брэст» Поль Даэр абавязаў футбалістаў і персанал вывучыць ангельскую мову.

Уладальнік эмірацкай кампаніі SOHRA Overeseas, якая займаецца дыстрыбуцыяй беларускай тэхнікі на рынках Блізкага Усходу і Афрыкі, пачаў інвеставаць у свой новы набытак, піша «Ежедневник».

Як сказана на афіцыйным сайце кампаніі, асноўным кірункам яе дзейнасці з'яўляюцца пастаўкі прадукцыі прамысловага комплексу Беларусі - грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў, трактароў, пагрузчыкаў, кар'ерных самаскідаў, сельскагаспадарчай тэхнікі, высокатэхналагічнай спецтэхнікі, шын, вентыляцыйных сістэм ды іншага. У ліку партнёраў бізнэсоўца «МАЗ-МАН», МАЗ, «Амкадор», «Белшына», БелАЗ, МТЗ. Таксама група займаецца экспартна-імпартнымі пастаўкамі будаўнічых матэрыялаў, а таксама прадуктаў харчавання.

Інтэрв'ю з новым уладальнікам берасцейскага клуба падрыхтавала прэс-служба «Дынама-Брэст».

- У Берасці ўжо даўно ходзяць чуткі пра тое, што ў "Дынама-Брэст" прыйшлі шэйхі ...

- Мая сям'я каранямі з Лібана, ужо даўно жывем у Эміратах. Наша сям'я носіць тытул шэйхаў. Гэта праўда. Я чацвёрты з пяці сыноў.

- І як шэйх спыніў свой погляд на Берасці?

- Я размаўляў з адным з мінарытарных уладальнікаў "Манчэстар Сіці", які ў Беларусі мае бізнэс-інтарэсы, і ён парэкамендаваў звярнуць увагу на "Дынама-Брэст" яшчэ ў лютым. На той момант мы заканчвалі ўгоду аб куплі дубайскай кампаніі SOHRA Overseas. Але мы хварэем на футбол, і як толькі ўладзілі юрыдычныя пытанні, адразу расчаліся з перамовамі з Берасцем.

- Ці не засмучае, што каманда цяпер знаходзіцца ўнізе турнірнай табліцы?

- 13-е месца? Не бянтэжыць. Лепш купляць актыў на дне рынку і развіваць яго.

- І што Вы здалелі даведацца пра клуб?

- У "Дынама-Брэст" добрая школа, гульцы клуба выступалі за каманду Беларусі. Гэта ўжо нямала. Мы вельмі хочам пабудаваць дзіцячую Акадэмію футбола "Дынама-Брэст", і будзем надаваць ёй вельмі шмат увагі.

- І якой Вы яе бачыце?

- Мы хочам, каб з дзецьмі ўсіх узростаў працавалі толькі найлепшыя спецыялісты, таму мы будзем надаваць асобную ўвагу безупыннаму прафесійнаму ўдасканаленню трэнерскага складу Акадэміі. Вельмі важна, каб дзіцячыя трэнеры мелі катэгорыі UEFA. Дзіцячы футбол - гэта будучыня ўсякага клуба. А яшчэ ў "Дынама-Брэст" доўгая гісторыя, адданыя заўзятары, выдатны клімат, блізкасць да Еўропы... Вельмі зручна.

- Берасце паспелі паглядзець?

- Толькі спартовыя аб'екты. Паспеем яшчэ. Наша мэнэджарка Ранія Аль-Такан была ў Берасці днямі, вельмі шмат гаспадарчых пытанняў...

- І чым цяпер даводзіцца займацца?

- Развязалі ўжо даволі шмат: набылі мікрааўтобус, які ўжо сноўдае па месце з лагатыпам "Дынама-Брэст", закуплены спартовы інвентар, пачалася дзейнасць што да футбольнай Акадэміі, пафарбавалі клубны аўтобус...

- Чаго чакаць найбліжэйшым часам?

- Увесь склад клуба, у тым ліку трэнерскі штаб і адміністрацыя, пачне займацца ангельскай мовай - у наш час вельмі важна валодаць замежнымі мовамі. Спадзяюся, паспеем, і футбалісты выйдуць на поле ў новай форме. Чаго чакаць? Усяго добрага! Іншалаг!

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках