Мовы Шатландыі: ці выйгралі б скотс і гэльская ад незалежнасці?
2- 3.07.2016, 22:48
- 12,619
Вынікі брытанскага рэферэндуму зноў уздымаюць пытанне незалежнасці Шатландыі.
Пра моўную сітуацыю там піша для nn.by намеснік старшыні Таварыства беларускай мовыДзяніс Тушынскі.
Ці чакаў бы Шатландыю росквіт яе мінарытарных моў, калі б яна стала незалежнай? Найперш трэба разгледзець заблытаную моўную сітуацыю ў Шатландыі. Сёння ў краіне, акрамя моў эмігрантаў, распаўсюджаныя наступныя: англійская ці яе шатландскі варыянт, скотс, шатландская гэльская мова і брытанская жэставая мова.
Паводле дадзеных перапісу 2011, насельніцтва Шатландыі складае 5 млн 295 тыс. чалавек (5 млн 118 тыс. 223 чалавекі ад трох год, звесткі пра якіх атрыманыя ў апытанні). Па-англійску размаўляюць, чытаюць і пішуць 93,7% насельніцтва. Усяго 8,6 тысяч чалавек зусім ёй не валодаюць.
Англійская мова бытуе ў Шатландыі ў форме спецыфічных шатландскіх варыянтаў, якія маюць фанетычныя і ў меншай ступені лексічныя ці граматычныя асаблівасці.
Спадчына Нартумбрыі
Мова скотс — германская мова, адносна блізкая да англійскай. Гэта нашчадак паўночнага дыялекту стараанглійскай (англасаксонскай) мовы. У старажытнасці паўднёва-ўсходняя Шатландыя ўваходзіла ў склад каралеўства германцаў-англаў Нартумбрыя. Затым паўночная Нартумбрыя апынулася ў складзе гэламоўнага каралеўства Альба (Шатландыя па-гэльску), якое ўтварылася пасля аб’яднання перасяленцаў з Ірландыі — скотаў і ранейшага насельніцтва большасці Шатландыі — піктаў. Але англы захоўваюць сваю мову, а пасля нарманскай заваёвы Англіі ў Шатландыю перасяляецца шмат паўночных англічан. У ХІІ стагоддзі шмат земляў у Шатландыі было перададзена англанарманскім феадалам, а таксама фламандцам і брэтонцам. Таму некаторыя вядомыя шатландскія прозвішчы маюць кантынентальнае паходжанне, напрыклад: Брус — англанарманскае, Дуглас — фламандскае, а Сцюарт — брэтонскае.
Як і ў Беларусі, у Шатландыі мелі месца гістарычныя метамарфозы назваў моў. Акрамя таго, носьбіты, называючы сваю мову, могуць карыстацца не толькі тэрмінам скотс, але і іншымі яе назвамі, а таксама назвамі дыялектаў. Гэта прыводзіла і прыводзіць да блытаніны. Нашчадкі англасаксаў да канца XV стагоддзя называлі шатландскую гэльскую мову Scottis, шатландскай. Пры гэтым сваю мову яны называлі Inglis — англійскай. Носьбіты шатландскай гэльскай мовы называлі тады мову англа-саксаў Beurla Shassanach — мова саксаў.
Inglis — «гарадская» мова
Вырашальным фактарам распаўсюду Inglis у Шатландыі стала заснаванне протагарадоў-бургаў, жыхары якіх размаўлялі на гэтай мове. У ХІІІ—ХIV стагоддзях яна робіцца асноўнай мовай гараджан і літаратурнай мовай, а арэал гэльскай паступова звужаецца да Хайлэнда, паўночна-заходняй часткі Шатландыі. У канцы ХIV стагоддзя паняцці хайлэндар (горац) і гэламоўны чалавек робяцца сінанімічнымі.
У незалежным шатландскім каралеўстве Inglis Шатландыі пачаў развівацца сваім шляхам, тады як жыхары паўночнай Англіі ўсё больш арыентаваліся на паўднёваанглійскі стандарт. У 1498 пасол Касціліі і Арагона ў Шатландыі пісаў, што «шатландская мова караля Джэймса IV настолькі ж адрозніваецца ад англійскай, як касцільская мова адрозніваецца ад арагонскай». У адным дакуменце XVI стагоддзя сярод замежных моў, якімі валодае каралева Англіі Елізавета І, называецца і скотс.
Залаты век і заняпад
З канца XV стагоддзя носьбіты мовы скотс сталі сваю мову ўсё часцей называць Scottis, а шатландскую гэльскую — Erse, ірландскай. У другой палове XV стагоддзя носьбіты скотс пачынаюць называць мову англічан Suddron — паўднёвай, каб падкрэсліць яе адрозненне ад сваёй мовы. XV і XVІ стагоддзі — залаты век літаратуры на скотс.
Адной з перадумоў яе заняпаду стала тое, што ў пачатку XVІІ стагоддзя шатландскі кароль Джэймс VІ заняў англійскі трон пад імем Джэймса І, і Шатландыя пазбавілася ўласнага каралеўскага двара. Акрамя таго, шатландскія пратэстанты вырашылі карыстацца англійскай Бібліяй караля Джэймса.
Адукаваныя шатландцы пераходзілі на англійскую мову, якая пачала моцна ўплываць на скотс. Шатландскі паэт і філосаф Джэймс Біці нават выдаў слоўнік скатыцызмаў, каб паказаць суайчыннікам, якіх словаў яны павінны пазбягаць у правільнай англійскай гаворцы.
Тым не менш у XVІІІ і ХІХ стагоддзях традыцыя літаратурнай скотс не перарываецца. Напрыклад, у 1786 годзе Роберт Бёрнс выдае кнігу «Вершы ў асноўным на шатландскім дыялекце», якая набывае надзвычайную папулярнасць. Сэр Вальтэр Скот у пачатку ХІХ стагоддзя выдае шатландскія балады, а ў сваіх раманах выкарыстоўвае дыялогі на скотс. У пачатку ХХ стагоддзя паэты Шатландскага Адраджэння ствараюць лаланс (Lallans), сінтэзаваную з розных дыялектаў і старажытнага моўнага матэрыялу форму скотс. Граматычная і арфаграфічная норма літаратурнай скотс канчаткова не ўсталявалася, хаця ў гэтым кірунку зроблена ўжо шмат.
Мова ці спосаб размаўляць?
Зараз — некалькі слоў аб статусе скотс. Адзінага погляду няма і дагэтуль. Нават у адной і той жа літаратурнай крыніцы скотс можа называцца то мовай, то варыянтам англійскай мовы. На афіцыйным узроўні кропку ў гэтым пытанні можна лічыць пастаўленай. Брытанскі ўрад, паводле ратыфікаванай ім «Еўрапейскай хартыі рэгіянальных ці мінарытарных моў», «прызнае і паважае скотс у якасці асобнай мовы і не лічыць выкарыстанне скотс прыкметай кепскага валодання англійскай мовай».
Тым не менш нядаўняе даследаванне паказвае, што большасць шатландцаў больш-менш згодныя з тым, што «разглядаюць скотс не як мову, а, хутчэй, проста спосаб размаўляць». Такое стаўленне з’яўляецца адной з перашкодаў яе развіццю.
Калі вы чуеце трасянку, то, хутчэй, лічыце, што чалавек размаўляе па-беларуску з рускім акцэнтам ці па-руску з беларускім? Відаць, гэта залежыць ад ступені беларускасці/рускасці ў кожным выпадку і ад вашых геапалітычных і эстэтычных поглядаў. А можа, трасянка для вас гэта нешта своеасаблівае? Вось тое і са скотс. Паколькі скотс — мова, блізкая да англійскай, то для Шатландыі характэрна вялікая колькасць пераходных варыянтаў, а таксама змяшэнне моў у гаворцы пэўнага чалавека. Можна сказаць, што існуе кантынуум, на адным полюсе якога — максімальна спецыфічная скотс, а на іншым — англійская мова з шатландскім акцэнтам. Гаворка канкрэтнага чалавека можа знаходзіцца ў пэўным пункце кантынуума, а можа перамяшчацца па ім у залежнасці ад сітуацыі.
Важным крокам у легітымізацыі скотс было ўключэнне пытання пра валоданне ёй у апытальныя лісты перапісу 2011 года. Улічваючы стаўленне да скотс хутчэй як да дыялекту ці нават як да сапсаванай англійскай мовы, а таксама блытаніну з назвамі, перад перапісам Цэнтрам мовы скотс была праведзена адмысловая тлумачальная кампанія.
Паводле дадзеных перапісу, у той ці іншай ступені валодаюць скотс 37,3% насельніцтва, пры гэтым размаўляюць, пішуць і чытаюць на ёй — 24%. На скотс размаўляюць таксама ў Паўночнай Ірландыі (8,1% насельніцтва) і ў Рэспубліцы Ірландыя.
Скотс — самая распаўсюджаная мінарытарная мова Вялікабрытаніі, пры гэтым падтрымка ёй аказваецца найменшая. У асноўных газетах матэрыялаў на скотс вельмі мала. Тэлебачання ці радыё на скотс няма, хаця маюцца асобныя праграмы.
Да 40-х гадоў пазіцыя шатландскага дэпартамента адукацыі ў адносінах да скотс была зняважлівая: маўляў, гэта мова непісьменных людзей, якая не падыходзіць для адукацыі і культуры. Сёння як прадмет скотс у школе не вывучаецца, хіба маецца неабавязковы курс для старшакласнікаў. Падручнікаў па школьных прадметах на скотс няма. Настаўнікаў, праўда, афіцыйна заахвочваюць разглядаць скотс у курсе англійскай мовы, напрыклад, праз вывучэнне літаратуры на гэтай мове, правядзенне мерапрыемстваў і г.д. Гэта і робяць энтузіясты. Створана сетка афіцыйных каардынатараў для распаўсюду скотс у адукацыйнай сферы. Натуральна, скотсмоўныя настаўнікі могуць выкарыстоўваць гэту мову ў выкладанні, але многія карыстаюцца на працы англійскай. Шатландскія ВНУ прапануюць курсы скотс.
Не размаўляюць, але хацелі б
У 2010 годзе ў Шатландыі было праведзена даследаванне выкарыстання скотс і стаўлення да яе. Атрымалася, што 85% апытаных размаўляюць на скотс хаця б зрэдку, а 20% — часта. Прыблізна дзве траціны апытаных лічаць, што скотс актуальны для сучаснай Шатландыі. У асноўным на скотс размаўляюць у сям’і і з сябрамі, істотна менш — на працы.
34% рашуча згадзіліся, а 30% у пэўнай ступені згадзіліся з выказваннем «я не разглядаю скотс як мову, гэта хутчэй проста спосаб размаўляць». Усяго 29% больш-менш згодныя, каб скотс вывучалася ў школах. Але большасць жадала б, каб дзеці заахвочваліся выкарыстоўваць скотс.
На перапісе 93% адказалі, што дома яны размаўляюць толькі па-англійску, на скотс — 1% (столькі ж, дарэчы, па-польску), па-гэльску — 0,5%. Што да скотс, то гэты паказчык надзіва адрозніваецца ад вынікаў даследавання 2010 года. Правільнасць ацэнак магла сказіць няпэўнасць паняцця скотс у свядомасці.
Клан, плед, лох, віскі і слоган
Шатландская гэльская мова — кельцкая мова гэльскай групы, роднасная ірландскай. Гэта нашчадак мовы скотаў, якія ў V стагоддзі перасяліліся на захад сучаснай Шатландыі з Ірландыі. Да Х стагоддзя каралеўства скотаў аб’ядноўваецца з піктамі, узнікае каралеўства Альба, пікцкая ж мова знікае. Верагодна, да XV стагоддзя на гэльскай размаўляла большасць насельніцтва Шатландыі.
Напэўна, чытач ведае некалькі гэльскіх слоў, у прыватнасці, клан, плед, лох (як у Лох Нэс), віскі і слоган. Слова клан паходзіць ад гэльскага слова са значэннем «дзеці». Слова віскі паходзіць ад словазлучэння uisce beatha, што значыць вада жыцця. «Слоган» — ад sluaghghairm — баявы кліч.
Як ужо адзначалася, арэал гэльскай паступова звужаўся да Хайлэнда і заходніх астравоў. Шатландскі закон аб адукацыі 1872 года прывёў да забароны ўжывання гэльскай мовы ў адукацыйнай сферы. За сто год з 1891-га колькасць носьбітаў мовы скарацілася амаль у чатыры разы.
Апошні перапіс засведчыў, што хаця б у нейкай ступені гэльскай валодае 87.000 чалавек ці 1,7% насельніцтва (10 год таму такіх было 1,9%). Колькасць людзей, што размаўляюць, пішуць і чытаюць на гэльскай, склала 32000 чалавек, ці 0,6%. Гэта лічба за 10 год не змянілася.
Шатландскі закон «Аб гэльскай мове» (2005) заснаваў установу пад назвай Гэльская рада. Яна ўпаўнаважана патрабаваць ад дзяржаўных шатландскіх арганізацый стварэння і выканання планаў па развіцці мовы ў сферах сваёй кампетэнцыі.
Калі ў 1985 усяго 24 школьнікі пачатковых класаў вучыліся пагэльску, то зараз каля тысячы наведвае гэламоўныя дзіцячыя садкі, а 2,5 тысячы вучыцца ў гэльскіх пачатковых школах, якіх больш за 60. Цікава, што для большасці гэтых дзяцей гэльская не з’яўляецца першай мовай.
Ёсць 46 сярэдніх школ, дзе вывучаецца гэльская, 14 з іх прапануюць нямоўныя прадметы на ёй. У сярэдняй школе на гэльскай мове вучыцца (ці вывучае на павышаным узроўні) больш за тысячу чалавек. Больш за 8000 дзяцей вучыць яе ў англамоўных школах як асобны прадмет. Яна вывучаецца ва ўніверсітэтах і каледжах.
Бібісі мае гэламоўны радыё і тэлеканал «Альба», які фінансуецца ўрадам Шатландыі. Гэламоўныя перадачы ёсць і ў праграмах іншых тэлекампаній. Чыста гэламоўных газет няма, але гэламоўныя матэрыялы друкуюцца ў шэрагу выданняў.
У 2011—2012 шатландскі ўрад выдаткаваў на гэльскую мову прыкладна 23 мільёны фунтаў, што склала 0,07% ад яго агульнага бюджэту.
Няпэўная «Будучыня Шатландыі»
Зараз паспрабуем прааналізаваць, як бы незалежнасць адбілася на моўнай палітыцы Шатландыі. У 2013 урад апублікаваў дакумент пад назвай «Будучыня Шатландыі. Твой праваднік па незалежнай Шатландыі». Гэты змястоўны тэкст падрабязна апісвае перспектывы незалежнасці для розных сфераў жыцця, у тым ліку і для моў. Там ёсць і адказы на пытанні, дасланыя грамадзянамі ва ўрад.
На пытанне «Якія будуць нашы нацыянальныя мовы?» гучыць адказ: маўляў, урад прапануе не мяняць наяўныя статусы англійскай, гэльскай, скотс і брытанскай жэставай мовы. Праўда, далей ідзе заўвага, што канстытуцыйная рада, скліканая пасля атрымання незалежнасці, магла б разгледзець статус моў Шатландыі ў яе канстытуцыі.
Падтрымка гэльскай мовы працягнулася б. Дакумент прызнае вялікую ролю для незалежнай Шатландыі гэльскай мовы і мовы скотс. У «Будучыні Шатландыі» адзначана, што ўрад працягне мацаваць статус і павялічваць колькасць носьбітаў гэльскай мовы праз забеспячэнне адукацыі на ўсіх узроўнях (праўда, пералічаны толькі пачатковая і сярэдняя адукацыі). На гэльскае тэлевяшчанне плануецца выдаткоўваць 12 мільёнаў фунтаў на год.
З іншага боку, пазіцыя ўрада не была адшліфавана і нават давала падставы фантазіраваць, што магчымы і сур’ёзны прарыў. У тэксце маецца дзіўнае абяцанне таго, што гэльская зойме цэнтральнае месца ў грамадскім жыцці Шатландыі. Ніякага тлумачэння, як гэта будзе зроблена з мовай, якой валодае 1,1% насельніцтва, не прыводзіцца.
У адказ на пытанне, ці атрымае скотс пасля незалежнасці больш падтрымкі, урад дае адказ: маўляў, апошні перапіс даў звесткі, на якіх і будзе грунтавацца далейшая распрацоўка моўнай палітыкі і развіццё ўжывання і статусу мовы. Але, як мы бачылі, перапіс паказаў, з аднаго боку, высокі працэнт валодання скотс, а з іншага — татальнае валоданне англійскай мовай. Які ўзровень падтрымкі абраў бы ўрад у такой сітуацыі, невядома.
Можна спадзявацца, што працяг і некаторая інтэнсіфікацыя цяперашняй моўнай палітыкі ў дачыненні да гэльскай нарэшце прывядзе да росту колькасці носьбітаў мовы, бо за апошнія дзесяць год назіралася мінімальнае падзенне колькасці гэламоўных з 1881 года. Але з выкананнем абяцанняў ужо ўзніклі праблемы. Напрыклад, бланкі для рэферэндуму ўрад надрукаваў толькі на англійскай мове. Пратэсты былі праігнараваныя, а шырокая грамадскасць (акрамя гэламоўнай) засталася абыякавай.
Дарэчы, аб абыякавасці. Нядаўняе даследаванне стаўлення да гэльскай мовы паказала, што толькі 56% з тых, хто верыць, што незалежнасць дадала б шатландцам гонару за сваю краіну, жадалі б, каб на гэльскай у будучыні размаўляла больш людзей, чым цяпер. Сярод тых, хто лічыць сябе шатландцам, а не брытанцам, такіх 51%. Праўда, гэтае ж даследаванне засведчыла, што чым больш людзі схіляюцца да шатландскай ідэнтычнасці і чым больш яны захапляюцца ідэяй незалежнасці, тым больш яны жадаюць, каб колькасць носьбітаў гэльскай павялічылася.
Пакуль не праведзена лангіцюдных даследаванняў, якія б паказалі колькасць носьбітаў скотс і стаўленне да гэтай мовы ў дынаміцы. Таму нельга зрабіць абгрунтаваных высноў аб уплыве цяперашняй моўнай палітыкі на стан гэтай мовы. Але падаецца, што захаванне цяперашняга статускво недастатковае для росквіту скотс як паўнавартаснай мовы — сапраўды, трэба ўздымаць яе статус у свядомасці носьбітаў, развіваць адукацыю і медыя. Іншае пытанне, ці трэба яно ім і, што важней, ці гатовыя яны зрабіць рэальныя крокі: напрыклад, аддаць дзяцей у скотсмоўныя школы? Як мы бачылі, вынікі апытання на гэту тэму супярэчлівыя.
«Мова ў нас усіх супольная»
А што, дарэчы, з англійскай мовай? Скрозь усю «Будучыню Шатландыі» падкрэсліваецца, што еднасць шатландцаў з астатнімі брытанцамі застанецца непарушнай, у тым ліку дзякуючы «адной з імі мове, культуры і гісторыі». Затым урад даводзіць, як выгадна будзе і далей прымаць брытанскіх студэнтаў у шатландскіх універсітэтах, а яны прыедуць, бо «мова ў нас усіх супольная». Як адзначаюць аналітыкі, англійская мова робіць Шатландыю вельмі прывабнай на моўным рынку — тая ж сусветная мова ды яшчэ з мясцовым рамантычным каларытам.
Акрамя таго, у выпадку незалежнасці на скотс і на гэльскую больш не распаўсюджвалася б падтрымка, гарантаваная «Еўрапейскай хартыяй рэгіянальных ці мінарытарных моў», бо падпісвала яе не Шатландыя, а Вялікабрытанія. Незалежная ж Шатландыя не атрымала б аўтаматычнага сяброўства ў ЕС. І калі гэльскую абараняе яшчэ і адмысловы шатландскі закон, то скотс пазбавіўся б свайго канкрэтнага статусу.
Незацікаўленасць прыхільнікаў незалежнасці моўным пытаннем можа указваць на тое, што ў выпадку незалежнасці істотнага прарыву ў моўнай сферы не было б. Не выключана змена стаўлення пасля незалежнасці, але наколькі гэта імаверна? Так што, з аднаго боку, шатландскім моваабаронцам не варта сумаваць, а з іншага — ім будзе не да суму.
Не выключана, што калі рух за незалежнасць ці пашырэнне аўтаноміі працягнецца, то яго прыхільнікі нарэшце звернуць большую ўвагу на моўнае пытанне, шукаючы падтрымкі ўсіх гэламоўных і свядомых носьбітаў скотс. Калі ж паўнамоцтвы Эдынбурга ў сферах падаткаабкладання, бюджэту і сацзабеспячэння сапраўды павялічацца, то паглядзім, якія эканамічныя выгоды гэта прынясе краіне і колькі ад тых выгодаў будзе скіравана на развіццё спрадвечных шатландскіх моваў.