19 красавiка 2024, Пятніца, 16:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Пуціла: Чыноўнікі ад спорту ў нас людзі неспартыўныя і недалёкія

19
Аляксандр Пуціла: Чыноўнікі ад спорту ў нас людзі неспартыўныя і недалёкія

Беларускім алімпійцам трэба абстрагавацца ад настаўленняў кіраўніцтва.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў былы каментатар Белтэлерадыёкампаніі, а цяпер аглядальнік спартыўных навін на тэлеканале «Белсат» Аляксандр Пуціла.

- Як вы ацэніце выступ беларускіх атлетаў, якія ўжо ўзялі ўдзел у Алімпійскіх гульнях?

- Найбольшае расчараванне спасцігла велагоншчыцу Алену Амялюсік і стральца Іллю Чаргейку. Абодва спартоўцы настройваліся на медалі як мінімум бронзавыя, але ў Алены не пайшлі два віды: у групавой гонцы яна заняла 13 месца, а ў паасобнай - 11-е. Гэта далёка ад пастамента. Яна была вельмі расчараваная. Ілля Чаргейка, які быў прызёрам чэмпіянату свету сёлета, спадзяваўся ўвайсці ў лік прызёраў Алімпійскіх гульняў, але яго таксама напаткала няўдача. Хоць шостае месца ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі з 10 метраў пакуль што можна лічыць годным вынікам.

Уразіла 9 жніўня наша жаночая баскетбольная каманда, якая ўрэшце дамаглася перамогі, хоць, шчыра кажучы, бразільянкі, хай і гаспадары спаборніцтваў, з'яўляюцца аўтсайдэрамі і цяпер займаюць апошняе месца і маюць найменшыя шанцы на выхад у чвэрцьфінал. То бок, калі не ў стане выйграць у бразільянак, то ў каго яшчэ? І нават гэты матч стаў для нашай каманды і заўзятараў вельмі складаным і нервовым.

Што тычыцца Уладзіміра Самсонава, то выхад у паўфінал АГ, вядома, своеасаблівы подзвіг. Як Уладзімір сам пасля адзначыў, ён павінен быў зрабіць гэта яшчэ 20 гадоў таму ў Атланце. Далей 40-гадоваму гульцу ў настольны тэніс будзе яшчэ больш складана. Там яго чакаюць спаборнікі, якія вышэй за яго ў рэйтынгу, але казаць не варта, што ў яго няма шанцаў хаця б на бронзавы медаль.

Максім Мірны ў пары з Аляксандрам Бурым маглі дамагчыся большага, але абмежаваліся толькі ўдзелам у Гульнях. У цэлым нельга сказаць, што былі правалы, дзе мы спадзяваліся на нешта, а гэта не спраўдзілася. Нашы віды, дзе варта чакаць узнагароды, яшчэ наперадзе.

Упершыню ні Міністэрства спорту, ні Нацыянальны алімпійскі камітэт, ні сам галоўны кіраўнік НАКа не ставілі задач на заваёву пэўнай колькасці медалёў. Зразумела, усім хочацца як мага больш, але маючы найменшую за ўсю гісторыю дэлегацыю беларускай каманды разлічваць на тое, што нам удасца заваяваць 19 медалёў як у Пекіне ці крыху менш, не даводзіцца. Думаю, што наш максімум - дзесяць медалёў. Нават гэты вынік будзе больш нашых магчымасцяў. Такі быў мой прагноз перад пачаткам Гульняў.

Праблем у нашай каманды стае. Вось, напрыклад, няма ў баскетбольнай каманды другога трэнера. Не знайшлі магчымасці прывезці памочніка Анатолю Буяльскаму. У многіх каманд няма псіхолага. Адзін псіхолаг паехаў на ўсю нацыянальную каманду. Гэта мала. Іншыя каманды прыязджаюць нават са сваёй кухняй, масажыстамі, едуць цэлыя дэлегацыі. А якую дэлегацыю можа прывезці жабрацкая Беларусь? Увесь час алімпійскую дэлегацыю скарачаюць. Атрымліваецца, уклалі мала (хоць чыноўнікі кажуць, што шмат), але на ўзроўні сусветнага спорту гэта проста дробязь. У нас вельмі кволая дэлегацыя. І чакаць нейкага цуду не даводзіцца.

- Вы адзначылі, што кіраўніцтва не ставіла планаў на медалі, але ж адбыўся сход з беларускімі алімпійцамі, падчас якога міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко і першы віцэ-прэзідэнт НАКа Максім Рыжанкоў паставілі перад атлетамі канкрэтныя задачы.

- Таму што запахла смажаным. Як мінімум адзін медаль мы ўпусцілі ў тым жа веласпорце або стральбе. Але яшчэ нават тыдзень Алімпіяды не прайшоў, а яны ўжо так хвалююцца. Магчыма, паступіў званок з Менска.

Ведаеце, я не веру ні Шамко, ні Рыжанкову. Гэтыя людзі неспартыўныя і лукашэнкаўскія. Яны ў першую чаргу выслужваюцца перад прэзідэнтам. Яны не ведаюць спартыўнага жыцця, не разумеюць, наколькі цяжка ўсё даецца спартоўцам. У іх адно ў галаве: «Мы зрабілі ўсё магчымае для таго, каб вы паказвалі вынік, а вы не паказваеце». І потым пачынаецца ціск на спартоўцаў. Хоць, фактычна, у нас і не было пакуль яшчэ магчымасці ўзяць гэтыя медалі. Чыноўнікам і функцыянерам трэба гэта зразумець, а не напружваць і прэсінгаваць каманду гэтымі «давайце-давайце». Я з імі не згодны, не веру ім як людзям. Яны не ведаюць вялікага спорту, ніколі ім не займаліся і не марылі стаць спартоўцамі. Таму я не хацеў бы развіваць тэму чыноўнікаў. Мяне больш цікавіць настрой саміх спартоўцаў.

Мне, напрыклад, не вельмі спадабалася, што перад Алімпіядай нашы баскетбалісткі Алена Леўчанка і Кацярына Сныціна вельмі шчасліва і радасна фатаграфаваліся і выкладалі фота ў сацыяльныя сеткі: «Мы ў Рыа! Такое шчасце!» І гэтак далей. Потым пайшлі паразы; незразумелы пройгрыш Японіі, з Францыяй маглі выцягнуць матч. Як мне здаецца, поспех - гэта такая рэч, якая любіць тых, хто сканцэнтраваны, хто настроены на барацьбу. Настолькі шчаслівымі былі нашы баскетбалісткі перад Гульнямі, што мне было неспакойна перад пачаткам турніру. І вось калі ласка: дзве паразы на старце скарацілі нашы шанцы на выхад у чвэрцьфінал. Яны, вядома, застаюцца, але калі мы зоймем чацвёртае месца ў групе і выйдзем на ЗША, то там нават цуду быць не можа.

Наогул, дзень на дзень не прыходзіцца. Як казаў Іван Ціхан, прыязджаючы з папярэдніх Алімпіяд, многае залежыць ад таго, як раніцай устанеш, пра што думаеш, як пачнеш дзень, наколькі адчуваеш хваляванне.

У беларусаў яшчэ менталітэт такі. Не кажу пра тых спартоўцаў, якія шмат ездзяць па Еўропе, свету, у іх ужо трохі іншы менталітэт, а вось у астатніх недзе ўнутры сядзіць: «Ай, ну не атрымаецца», «напэўна, не дацягну», «не зраблю таго , што было раней». Гэта нас адцягвае і тармозіць як на алімпійскім шляху, так і на іншых турнірах. Нам проста трэба абстрагавацца ад настаўленняў чыноўнікаў і жыць сваім жыццём, сваімі розумам і сіламі.

- У Рыа адбыўся малебен за беларускіх алімпійцаў.

- Я не разумею, чаму малебен правялі менавіта цяпер. Бачыў фатаграфіі на сайце Міністэрства спорту і НАКа. Разумееце, такія рэчы даволі інтымныя, неабавязкова гэта выстаўляць напаказ.

Мяркуючы па фатаграфіях, на малебен прыйшло зусім мала спартоўцаў. Гэта прыход Расейскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату ў Рыа-дэ-Жанейра. Зразумела, што ўсё там праходзіла на расейскай мове. Чагосьці нацыянальнага, такога, каб хацелася змагацца за Радзіму, там не было. Стаяць са свечкамі перад сцягам... Прычым тут сцяг падчас набажэнства? Неабавязкова было рэкламаваць гэта.

- На адкрыцці Алімпіяды сцяг даверылі несці Васілю Кірыенку. Вас гэта не збянтэжыла ў святле яго выказванняў пра «мёртвую беларускую мову»?

- Максім Рыжанкоў у інтэрв'ю «Прессболу» сказаў, што прапаноўвалі несці сцяг Леўчанку, Герасімені і Мірнаму, але яны адмовіліся. І вось на горшы выпадак прапанавалі скарыстацца гэтай магчымасцю Васілю Кірыенку. Ён узяў і пагадзіўся. Сказаў, што на наступны дзень у яго гонка не вельмі важная. Для мяне гэтыя рэчы зусім незразумелыя. Рыжанкоў яшчэ сказаў, што мы едзем на Гульні, дзе спорт па-за палітыкай. Як можна параўноўваць беларускую мову і палітыку? Гэтай заявай ён чарговы раз паказаў сваю недалёкасць.

Гэты чалавек служыць Лукашэнку і спярша яму ўсё дакладвае. І калі будуць нейкія праблемы на Алімпіядзе, я ўпэўнены, што ён не возьме на сябе адказнасць. Так, ён прыходзіць на спаборніцтвы, заўзее, але чым ён можа дапамагчы, калі далёкі ад спорту? Ён проста будзе даваць справаздачу, што яны зрабілі ўсё магчымае, але спартоўцы паехалі без жадання і падвялі.

- Так, рэакцыя Лукашэнкі на правалы ў спорце заўсёды жорсткая.

- Тое, што ён будзе паліваць спартоўцаў брудам - гэта сто адсоткаў. Але не трэба чакаць яго рэакцыі. Трэба чакаць рэакцыю саміх спартоўцаў. Хтосьці прызнаецца, што сапраўды не дапрацаваў, хтосьці скажа, што зрабіў усё магчымае для заваёвы медаля, але не пашанцавала. А што скажа Лукашэнка - мяне абсалютна не цікавіць. Ён шмат разоў абражаў і нашых футбалістаў, і хакеістаў... У яго ўсё проста: мы зрабілі ўсё, а вы такія-сякія. Таму мне зусім нецікавая яго рэакцыя.

Хочацца пажадаць нашым спартоўцам, перш за ўсё беларусам, такім як Аліна Талай, Аляксандра Герасіменя поспехаў, каб яны ўславілі нашу Беларусь, хай і пад гэтым чырвона-зялёным сцягам. Упэўнены, што на гэтым тыдні ў нас ужо павінен з'явіцца медаль.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках