Кніга «Беларусь у NATO» стала даступнай таксама і на ўкраінскай мове
- 30.04.2024, 18:39
Гэта ўнікальны зборнік артыкулаў аб тым, што наша краіна - неад'емная частка еўрапейскай прасторы.
Які адказ на новыя выклікі можа даць наш рэгіён? Якая роля Беларусі ў стварэнні новай архітэктуры бяспекі ў Еўропе? Менавіта на гэтыя пытанні паспрабавалі адказаць вядучыя спецыялісты ў галіне бяспекі краін NATO, Украіны і Беларусі ў зборніку, выпушчаным Фондам «Еўрапейская Беларусь».
Артыкулы падрыхтаваў і адрэдагаваў лідар «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Саннікаў.
Аўтары артыкулаў указваюць на цяжкасці, з якімі сёння сутыкаецца Беларусь і з якімі яна сутыкнецца пры ўступленні ў NATO. Пры гэтым падкрэсліваюцца бясспрэчныя перавагі такога сяброўства для бяспекі Беларусі і еўрапейскай бяспекі.
«Новая архітэктура бяспекі, заснаваная на калектыўным палітычным і вайсковым патэнцыяле еўрапейскіх краін, з'яўляецца абавязковай умовай квітнеючай і мірнай Еўропы, і Беларусь павінна быць часткай такой Еўропы», - піша ў прадмове да кнігі Андрэй Саннікаў.
Адзін з артыкулаў напісаны былым міністрам замежных спраў Украіны і сузаснавальнікам Цэнтра нацыянальнай устойлівасці і развіцця Паўло Клімкіным.
«Часткай еўрапейскіх інстытутаў можа стаць толькі новая Беларусь, аднак падзеі пасля апошніх маніпуляцый з прэзідэнцкімі выбарамі паказалі, што патэнцыял грамадзянскай свядомасці ў Беларусі ёсць, як і жаданне быць пачутымі і рэалізаваць свае правы. Менавіта гэта і ёсць гарантыя будучыні Беларусі. Кожны іншы шлях з'яўляецца шляхам ператварэння Беларусі ў правінцыю РФ. Шлях да еўрапейскіх інстытутаў можа быць значна хутчэйшым, чым многім здаецца. Украіна можа і павінна стаць для Беларусі драйверам, як яна стала драйверам для Малдовы і гэта адбудзецца ў агляднай перспектыве», - піша Паўло Клімкін.
Спасылкі на PDF-копію кнігі: