Сёння ў Менску пройдзе развітанне з вядомым мастаком Васілём Пачыцкім
2- 10.05.2024, 10:27
- 7,050
Мастак і музыка пайшоў з жыцця ва ўзросце 57 гадоў.
Сёння ў Менску пройдзе цырымонія развітання з вядомым беларускім мастаком і музыкам Васілём Пачыцкім.
Развітанне адбудзецца на Паўночных могілках (Менскі р-н, Папярнянскі с/с, Мінскі крэматорый, зала №1) з 13 да 14 гадзін.
Пра смерць Васіля Пачыцкага стала вядома 7 траўня. Мастак пайшоў з жыцця ва ўзросце 57 гадоў.
Мастак-авангардыст і музыка Васіль Пачыцкі нарадзіўся ў Рэчыцы. Працаваў на мясцовай ткацкай фабрыцы "Чырвоны Кастрычнік", займаўся самаадукацыяй, вывучаў сусветную мастацкую культуру.
У 1986 годзе пачаў кар'еру вольнага мастака, спачатку на радзіме, потым у Маскве, дзе захапіўся сучасным канцэптуальным мастацтвам. Серыя яго графічных работ была прададзеная на аўкцыёне Sotheby's.
Быў арганізатарам і ўдзельнікам шэрагу мастацкіх і культурных акцый. У іх ліку - фестываль альтэрнатыўнага кіно "Невядомы палёт Гагарына", дзе Пачыцкі выступаў таксама як рэжысёр фільма. З яго ўдзелам прайшлі шоў "Галактычная мода", штогадовыя акцыі пры падтрымцы Менскага планетарыя, у тым ліку арт-фестываль "Дзеці Цыялкоўскага" (з удзелам выхаванцаў школы-інтэрната для глухіх), спектакль "Пакарэнне космасу" тэатра "Бум-букі" пад кіраўніцтвам Сяргея Міхалка і інш.
У 2001-м мастак прыняў удзел у Міжнароднай выставе сучаснага мастацтва “Чорны вецер — Белая зямля” ў штаб-кватэры сучаснага мастацтва ААН у Нью-Ёрку, якая затым экспанавалася ў Швайцарыі, Японіі і Ірландыі. У 2002 годзе Белпошта выпусціла паштовы канверт з рэпрадукцыяй ягонай карціны "Пагоншчыкі смаўжоў".
Таксама ў пачатку 2000-х мастак прыдумаў фірмовых зайцоў для выдання "БелГазета".
Работы Пачыцкага знаходзяцца ў прыватных калекцыях і музеях Беларусі, Расеі, Францыі, ЗША, Ірландыі і іншых краін.
Часопіс Rolling Stone (Расея) назваў яго адным з найлепшых мастакоў Беларусі.