УСУ разбілі калону «танкаў-хлявоў» РФ пад Краснагораўкай
3- 2.05.2024, 8:58
- 14,178
Штурм абярнуўся для расейцаў катастрофай.
Расейскі наступ на Краснагораўку з выкарыстаннем «танкаў-хлявоў» абярнуўся катастрофай.
Пра гэта паведамляе вайсковы аналітык нямецкага выдання BILD Юльян Рэпкэ.
Паводле інфармацыі, якая паступіла, напярэдадні калона цяжкай расейскай бранятэхнікі адправілася ў Краснагораўку з боку Мар'інкі.
Яе асноўнай мэтай было перакінуць падмацаванне ў горад, дзе працягваюцца баявыя дзеянні.
Калону ўзначальваў звычайны танк, за якім ішлі чатыры "танкі-хлявы", абабітыя металам, на якіх схавалася расейская пяхота.
Яны паспелі пераадолець 7 км уздоўж чыгункі, пасля чаго калону расейцаў распляжыла артылерыя УСУ, выкарыстоўваючы касетныя боепрыпасы мінамётаў.
Агонь украінскага войска быў настолькі шчыльным і інтэнсіўным, што пасля высадкі дэсанта назад змог вярнуцца толькі адзін танк.
Рэпкэ падкрэслівае, што расейская групоўка ў Краснагораўцы знаходзіцца ў складаным становішчы, паколькі практычна поўнасцю пазбаўленая забеспячэння.
У сваю чаргу, украінскія вайскоўцы сцвярджаюць, што выбілі расейцаў з аднаго з раёнаў. На сайце выдання была апублікаваная карта раёна баявых дзеянняў і момант знішчэння калоны.