Як беларусу набыць ужыванае аўто і не даць сябе падмануць
1- 4.05.2024, 14:24
- 4,474
Важна ведаць сапраўдны нумар кузава.
На жаль, натрапіць на падман пры набыцці аўто вельмі проста. Прычым падманваюць не толькі перакупы і перагоншчыкі, але і шараговыя аўтааматары, піша nashaniva.com.
Найлепшы спосаб даведацца пра гісторыю аўтамабіля – прабіць ягоны VIN-нумар. Большасць прадаўцоў адзначаюць яго ў спецыяльным полі пры падачы аб'явы, але многія ідуць на хітрыкі і пакідаюць памылковы нумар. Іншым проста лянота ўпісваць сапраўдныя літары і лічбы, таму яны бяруць іх з галавы.
Праз гэта перад тым, як выязджаць на агляд, не лішнім будзе папрасіць прадаўца выслаць здымак тэхпашпарта ці таблічкі вытворцы, каб вы маглі ўбачыць гэтыя 17 сімвалаў не толькі ў аб'яве.
Калі прадавец адмаўляецца гэта зрабіць, то гэта ўжо дрэнны званочак. Асабліва калі гаворка ідзе пра даволі свежыя аўтамабілі.
Прафесійныя гандляры добра ведаюць, што, маючы сапраўдны VIN-нумар машыны, можна атрымаць шмат інфармацыі пра яе мінулае. Таму могуць не проста паказаць у аб'яве памылковы нумар, а адшукаць у базах максімальна падобны характарыстыкамі аўтамабіль і паказаць у аб'яве ягоныя звестак. У першую чаргу гэта актуальна для аўто, якія набываюць на аўкцыёнах Еўропы, ЗША і Карэі.
Google у дапамогу
Каб даведацца, у якім стане і з якім прабегам аўтамабіль быў прададзены на замежным аўкцыёне, дастаткова ўвесці VIN у пошукавік. Гэта асабліва актуальна для аўто са Штатаў. Калі пры ўводзе VIN нумара ні звычайны пошук, ні пошук у выявах не дае вынікаў, то гэта не вельмі добры знак, які можа паказваць на тое, што прадавец за грошы вычысціў гісторыю з інтэрнэту, а значыць, яму ёсць, што хаваць.
Калі машына са Штатаў не прабіваецца праз пошукавікі, можна набыць платную справаздачу Carfax. У ёй няма фота аўтамабіля, але там захоўваюцца звесткі пра наяўнасць аварыйнага мінулага і візіты на СТА з указаннем прабегу. Выдаткаваныя грошы на Carfax дапамогуць вам не набыць аўто пасля затаплення. Такія машыны часта прадаюць пад выглядам безаварыйных аўто са Штатаў, папярэдне выдаліўшы інфармацыю з інтэрнэту.
Для новых аўто з Еўропы прабіўка VIN праз пошукавік таксама карысная рэч, але ў адрозненне ад машынаў з ЗША далёка не ўсе машыны з ЕЗ прадаюцца праз аўкцыёны.
Калі звычайны «гуглёж» не дае вынікаў, можна паспрабаваць увесці VIN у пошук на такіх сайтах, як vf.vin, vinfax.site.
За грошы можна праверыць машыну праз беларускі сервіс ka.by ці агульнаеўрапейскі Carvertical.
Даведацца пра гісторыю абслугоўвання, а разам з гэтым праверыць праўдзівасць паказальнікаў прабегу, можна, звярнуўшыся з платным запытам да афіцыйнага дылера маркі.
Ведаць сапраўдны VIN варта яшчэ і для таго, каб пераканацца ў тым, якая камплектацыя ў аўтамабіля, а таксама які ў яго дакладны год выпуску.
Прадаўцы часта паказваюць у аб'яве не сапраўдны год выпуску з тэхпашпарта, а больш свежы. Таксама бывае, калі ў аб'яве паказаны аб'ём рухавіка 2 літры, а насамрэч у машыны пад капотам рухавік аб'ёмам 1,6 літра.
Гісторыя ў Беларусі
Для праверкі гісторыі транспарту, які доўга эксплуатуюць у Беларусі, добра падыходзіць платны сервіс ад av.by. Таксама сэрвіс ад «Аўтамалінаўкі» захоўвае інфармацыю пра старыя аб'явы аб продажы аўто на іх сайце, гэта дазваляе ўбачыць, з якім прабегам, у якім стане і за якія грошы машыну прадавалі раней. Вядома, пры ўмове, што ў папярэдніх аб'явах прадаўцы паказвалі сапраўдны нумар кузава. Акрамя гэтага, будзе паказаная гісторыя ДТЗ на тэрыторыі Беларусі, гісторыя праходжання тэхаглядаў са сведчаннем прабегу і многае іншае.